Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будкін пра забарону канцэрту: Гэта вайна. Пакуль толькі супраць мяне і Вайцюшкевіча


Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm, распавядае, як у клюбах, дзе маюць праходзіць канцэрты Зьмітра Вайцюшкевіча, «зьнікае электрычнасьць».

Улады прыдумалі новыя спосабы забараняць канцэрты музыкаў, якія не даспадобы, — кажа арганізатар канцэртаў Сяргей Будкін. Але іхная палітыка не памянялася — таму, хто калісьці выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю, помсьцяць цынічна і мярзотна.

«Гэта вайна. Пакуль толькі супраць мяне і Вайцюшкевіча», — лічыць Будкін.

Канцэрт 6-га лютага меўся адбыцца ў клюбе «Піраты». Назву клюбу, у якім быў заплянаваны канцэрт 19-га лютага, Сяргей не прамаўляе.

Што з Вайцюшкевічам будуць праблемы, мы зразумелі яшчэ ў мінулым годзе.

Тады мы заяўлялі яго на праект «РэПесьняры» ў клюбе Re:Public. Давялося сустракацца зь міністрам культуры і рабіць шмат непатрэбных целарухаў. Тады нам удалося яго адстаяць. Хоць яшчэ за 15 хвілін да яго выхаду не было вядома, ці ён выйдзе на сцэну. На гэтай хвалі быў праведзены ўжо ня намі сольны канцэрт Вайцюшкевіча, першы хіба за 3–4 гады.

І адваротная хваля пайшла ў гэтым годзе, калі з абсалютна надуманых прычын сарваўся канцэрт у ДК МАЗ.

Прасілі тэксты песень і склад ансамбля

Мы плянавалі яшчэ ўвосень запрасіць Вайцюшкевіча ў наш праект «Жывы тыдзень» і правесьці канцэрт у лютым.

Дазвол на правядзеньне са скрыпам атрымалі. Доўга марудзілася, прасілі тэксты песень, склад ансамбля, чаго ніколі не здаралася ў маёй практыцы. І ўсяляк зацягвалі працэдуру, пра што я пакінуў запіс у кнізе скаргаў Галоўнага ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму. Напісаў, што абсалютна бюракратызаваная працэдура атрыманьня пасьведчаньня, што ідзе на шкоду арганізатарам беларускіх канцэртаў.

Але не знайшлі яны падстаў адмовіць. Звычайна адмаўляюць на падставе экстрэмізму, варажнечы.

Але тут, калі б яны адмовілі на такой падставе, было б дзікунства, бо Вайцюшкевіч сьпявае на вершы Караткевіча, Маякоўскага, Барадуліна, Бураўкіна. Тут ніяк не абвінаваціш гэтых паэтаў у экстрэмізьме.

Клюб «Піраты» мяне павіншаваў з атрыманьнем «гастролькі»

Яны самі былі рады, як ідзе продаж квіткоў. На мінулым тыдні я яшчэ спраўджваў, да якой ступені можна прадаваць, ці зьмесьціцца больш людзей. Гэта было ў сераду, а ўжо ў чацьвер мяне паклікалі і сказалі, што ня змогуць правесьці канцэрт. Што ні пад якімі дакумэнтамі яны не падпісваліся.

Сказалі, што ў іх праблема з электрычнасьцю. Я папрасіў іх знайсьці нейкі кампраміс і сам хацеў далучыцца да вырашэньня іхніх праблемаў. Каб канцэрт усё ж быў праведзены. Сустракаўся з гендырэктарам арганізацыі, якой яны плацяць за электрычнасьць і за арэнду. Потым я ўсё ж знайшоў дырэктара, бо дні тры ўся арт-дырэкцыя і дырэкцыя хаваліся. Дырэктар мне паведаміў, што яны ў прынцыпе зачыняюцца на нявызначаны тэрмін, адмяняюць усе мерапрыемствы і распусьцілі пэрсанал.

На гэтым этапе я паверыў, перанёс мерапрыемства, хоць часу было абсалютна мала — менш за тыдзень. Але потым я ўбачыў, што наступныя мерапрыемствы пасьля канцэрту Вайцюшкевіча будуць адбывацца і не адмяняюцца. І арганізатары тых канцэртаў увогуле не былі папярэджаныя пра магчымыя праблемы з электрычнасьцю. Тут я ўжо зразумеў, што нешта нячыста і што мяне змушаюць, каб сам адмовіўся ад гэтага мерапрыемства.

Я накіраваў просьбы ў Міністэрства культуры, Адміністрацыю прэзыдэнта, Адміністрацыю Ленінскага раёну, Менгарвыканкам

Гэта значыць — ва ўсе структуры, якія маглі б дапамагчы вырашэньню гэтай праблемы. Атрымаў адны адпіскі.

Некалькі чыноўнікаў я пасьпеў абысьці. Спачатку яны казалі, што ім гэта ня трэба, што варта разабрацца. А празь некаторы час прыходзілі да таго, што гэта «спрэчка двух суб’ектаў гаспадараньня». Гэта новая лёгіка забароны, дзе сутыкаюцца ілбамі арганізатар і пляцоўка.

Я маю ўсе падставы пайсьці ў суд, бо ўсе паперы і лёгіка на маім баку

Разумею, што гэтага ня варта рабіць, бо гэта адцягвае ўвагу ад больш істотных рэчаў. Але відавочна, што і кіраўніцтва клюбу павяло сябе не па-людзку. Можна было гэта патлумачыць. І я трапляю фінансава ў ня вельмі прыемную сытуацыю, бо трэба вяртаць грошы, тлумачыць нешта падатковай, і людзям, і квітковаму апэратару.

А я ня маю нават паперы, што я адмяняю мерапрыемства. Мяне падводзілі да нейкага яўнага «харакіры», каб я адмовіўся ад канцэрту, на які меўся быць аншляг.

Клюбу было страшней правесьці канцэрт Вайцюшкевіча, чым фінансава і іміджава пацярпець у выніку падачы ў суд

Таму, натуральна, можна зрабіць высновы, што не па сваёй волі клюб «Піраты» адмовіўся ад мерапрыемства, у правядзеньні якога ён быў зацікаўлены. Ніякая іншая трасца іх не пужала, апроч гэтага канцэрту.

Гэта пацьвярджае тэндэнцыю апошніх 12, калі ня ўсіх 20 год. Калі канкрэтным творчым асобам, якія калісьці недзе выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю, помсьцяць цынічна і мярзотна. Бо адказнасьць ніхто на сябе не бярэ і баіцца засьвяціцца.

Калі гэты чалавек працуе ў дзяржаўных органах, то чалавек гэты перагінае палку. Падстаўляе шмат людзей. І ажыцьцяўляе абсалютна антыдзяржаўную палітыку. Спадзяюся, што гэта будзе пакарана, што гэтая праўда стане вядомая. Тут, урэшце, справа сумленьня.

Замест сарванага канцэрта адбудзецца творчая сустрэча і аўтограф-сэсія Зьмітра Вайцюшкевіча, якая пройдзе ў 19.00 у гэтую нядзелю, 8 лютага, у галерэі Tut.by — гэта на 9-м паверсе офіснага цэнтру Omega, што каля станцыі мэтро «Міхалова» (пр. Дзяржынскага, 57). На яе змогуць трапіць толькі тыя, хто ўжо мае квіток на канцэрт Вайцюшкевіча ў клюб «Піраты».

Падчас вечарыны ў галерэі Tut.by ахвочыя могуць вярнуць грошы за квіткі, набытыя на канцэрт WZ-orkiestra. Альбо ахвяраваць ужо сплачаную суму, якая пойдзе на карысьць музыкаў і кампэнсацыю стратаў, якія панесьлі арганізатары канцэрту WZ-orkiestra.

Арганізатары таксама падалі заяўку на новае гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт у іншым клюбе, атрымалі дазвол ад галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму. Але клюб, дзе меркавалася правесьці канцэрт, адмовіўся, спаслаўшыся на «тэхнічныя прычыны і праблемы з электрычнасьцю»...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG