Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Вайцюшкевіча ў Менску забаранілі без тлумачэньня прычынаў


Заяўленага выступа артыста 6 лютага ў клюбе «Піраты» ня будзе. Суцяшальная сустрэча і аўтограф-сэсія з музыкам пройдзе ў галерэі Tut.by 8 лютага.

Як адзначае арганізатар партал tuzin.fm, правядзеньне канцэрту гурта WZ-orkiestra на чале са Зьмітром Вайцюшкевічам немагчымае ў сувязі з тым, што клюб «Піраты» адмовіўся выконваць узятыя на сябе абавязкі.

Арганізатары атрымалі гастрольнае пасьведчаньне ад Менгарвыканкаму на права правядзеньня гэтага канцэрту, паміж арганізатарам і клюбам была заключаная дамова і сплочаная перадаплата. Папярэдняму продажу радаваліся ўсе бакі – арганізатары, музыкі і сам клюб. І раптам за 8 дзён да выступу «Піраты» у вуснай форме заявілі, што ня могуць прадставіць памяшканьне. На законнае патрабаваньне даць пісьмовае тлумачэньне прычынаў дырэкцыя пляцоўкі таксама адказала адмовай. Спробы залагодзіць канфлікт і знайсьці кампрамісныя рашэньні не далі аніякага плёну.

Як не далі аніякага плёну і спробы паўплываць на сытуацыю праз дзяржаўныя органы – адміністрацыю Ленінскага раёну, Менгарвыканкам, Міністэрства культуры і Адміністрацыю прэзыдэнта, куды tuzin.fm зьвяртаўся з просьбаю пасудзейнічаць вырашэньню гэтай дзіўнай сытуацыі:

«Выпадак склаўся абсалютна абсурдны — клюб гатовы ісьці на парушэньне законных дамоўленасьцяў, несьці іміджавыя і фінансавыя страты, каб не праводзіць мерапрыемства, узгодненае з уладамі, у арганізацыі якога першапачаткова быў зацікаўлены. З клюбам „Піраты“ мы ня бачым сэнсу судзіцца, бо гэта адцягне ўвагу ад галоўнага і пяройдзе ў звычайную спрэчку дзьвюх суб’ектаў гаспадараньня. Мы разумеем, што кіраўніцтва „Піратаў“ адмовілася ад правядзеньня канцэрту не з сваёй волі».

Замест сарванага канцэрта адбудзецца творчая сустрэча і аўтограф-сэсія Зьмітра Вайцюшкевіча, якая пройдзе ў 19.00 у гэтую нядзелю, 8 лютага ў галерэі Tut.by, што месьціцца на 9-м паверсе офіснага цэнтру Omega, які знаходзіцца каля станцыі мэтро «Міхалова» (пр.Дзяржынскага, 57). На яе змогуць патрапіць толькі тыя, хто ўжо мае квіток на канцэрт Вайцюшкевіча ў клюб «Піраты».

Падчас вечарыны ў галерэі Tut.by ахвочыя могуць вярнуць грошы за квіткі, набытыя на канцэрт WZ-orkiestra. Альбо ахвяраваць ужо сплочаную суму, якая пойдзе на карысьць музыкаў і кампэнсацыю стратаў, якія панесьлі арганізатары канцэрту WZ-orkiestra.

Арганізатары таксама падалі заяўку на новае гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт у іншым клюбе.

Паводле Tuzin.fm​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG