Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Статкевіч не «Пятроў-Сідараў»?


Пра палітвязьняў Лукашэнку пытаюцца на ўсіх прэсавых канфэрэнцыях. Ён гэтых пытаньняў відавочна чакае. І мае жалезабэтонныя стандартныя адказы: Статкевіч — крымінальнік, а чаму трэба вызваліць яго, а не «Пятрова-Сідарава», а хай напіша прашэньне. На апошняй прэсавай канфэрэнцыі ўзьнікла новая «адмазка» — а што падумаюць яго аднакамэрнікі, а хай яны выкажуцца.

Чаму не Пятрова-Сідарава, чым Статкевіч лепшы? Ну хаця б тым, што нават паводле афіцыйных вынікаў выбараў за яго прагаласавала 67583 беларускіх выбаршчыкаў. Хай сабе нават столькі. 67 тысяч беларусаў (а ня «купка адмарозкаў») палічылі, што Статкевіч быў бы лепшым прэзыдэнтам, чым Лукашэнка і ўсе астатнія. Яны давяраюць Статкевічу, ён іх кумір, выразьнік іх інтарэсаў. Які Пятроў-Сідараў мае такі статус? І ўлада, трымаючы палітыка за кратамі, гэтым беларусам плюе ў твар. Няма жаданьня паразумецца зь імі?

Трэба подпісы? Дык можа загадаць Ярмошынай прывезьці бюлетэні з галасамі за Статкевіча — 67583.

Да таго ж, усе аргумэнты, якімі апэруе Лукашэнка, недарэчныя з прычыны прэцэдэнту. Статкевіч — крымінальнік? А хіба Казуліна ў 2008 годзе ўлада трактавала інакш? Трэба прашэньне? А хіба Казулін яго пісаў? За Казуліна зьбіралі меркаваньні зэкаў, якія сядзелі зь ім? Калі не, то чаму яны патрэбныя для вызваленьня Статкевіча?

Насамрэч адказ, чаму Лукашэнка вызваліў у свой час Казуліна і не вызваляе Статкевіча, зразумелы: тады паводле палітычных разьлікаў вызваляць было выгадна, цяпер — не. Ну дык хай бы і сказаў гэта кіраўнік дзяржавы, распавёў, як ён падлічвае выгоды і страты. Прынамсі, цікава было б. А не трымаў людзей за ідыётаў, расказваючы байкі пра «крымінальніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG