Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім «Садзе Надзеі» згадалі Генадзя Грушавога


Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ля царквы ў гонар іконы Божай Маці «Ўсіх тужлівых Радасьць» на вуліцы Прытыцкага ў Менску, каб ушанаваць памяць грамадзкага і палітычнага дзеяча, заснавальніка Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзя Грушавога. Сёньня акурат год, як Генадзь Уладзімеравіч памёр ад лейкеміі — анкалягічнай хваробы, якая ёсьць адной з наўпроставых прычынаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, з наступствамі якой, у сваю чаргу, ён змагаўся ўсё сьвядомае жыцьцё.

Месца шанаваньня выбрана не выпадкова: у 1996-м, у дзесятыя ўгодкі аварыі на ЧАЭС, зь ініцыятывы Генадзя Грушавога і пры падтрымцы кіраўніцтва праваслаўнай царквы на храмавай тэрыторыі быў закладзены «Сад Надзеі». Жанчыны з 17 краінаў сьвету пасадзілі тут фруктовыя дрэвы ў памяць пра ахвяраў «мірнага атаму», Генадзь Грушавы таксама зрабіў свой унёсак у выглядзе грушы.

Сёньняшнюю імпрэзу распачаў айцец Ігар Карастылёў, якія амаль два дзесяткі гадоў таму асьвяціў яшчэ кволыя саджанцы. Ад таго часу маладыя дрэўцы набраліся моцы і сёньня на імянную грушу Генадзя Грушавога былі павязаныя рознакаляровыя стужкі, якія сымбалізуюць памяць пра гэтага годнага чалавека. Вялізны ўнёсак бацюшкі ў агульную справу адзначылі сямейнікі Генадзя Грушавога — удава Ірына і сын Максім, якія цяпер жывуць у Нямеччыне. Чакаецца прыезд адтуль і дачкі Марыны.

Згадаць пра заслугі Грушавога ў справе дапамогі сотням тысяч беларусаў — найперш што тычыцца аздараўленьня дзяцей — сабраліся людзі з розных куткоў. Прыехалі актывісты з забруджаных зонаў Гомельшчыны і Магілёўшчыны, якія дапамагалі ствараць рэгіянальныя філіі фонду «Дзецям Чарнобыля». Іх удзячныя прамовы былі найбольш чульлівымі, бо ў дзяржавы рукі да мясцовых праблемаў так і не дайшлі. Таксама наведаліся ў Менск прадстаўнікі партнэрскіх эўрапейскіх арганізацый, якія непасрэдна прымалі маленькіх беларусаў у сваіх краінах.

Адмыслова да ўгодкаў Ірына Грушавая зь дзецьмі Максімам і Марынай падрыхтавала своеасаблівую мэмарыяльную дошку — два вялікія постэры, якія засьведчылі жыцьцёвы шлях Генадзя Грушавога і гісторыю «Саду Надзеі», які пазьней атрымаў ягонае імя. Тут зьмешчана фотахроніка закладаньня саду і віртуальная экскурсія па ім, вехі станаўленьня фонду «Дзецям Чарнобыля», а таксама запавет Грушавога беларускаму грамадзтву, які быў надрукаваны пасьля ягонай сьмерці.

Генадзь Грушавы нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску. Ад 1989-га — заснавальнік і нязьменны старшыня праўленьня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». За час дзейнасьці фонду блізу 600 тысяч дзяцей былі накіраваныя на рэабілітацыю і аздараўленьне ў 23 краіны сьвету, у замежных камандзіроўках пабывалі некалькі сотняў мэдычных супрацоўнікаў. Да 2000 году, пакуль Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе ня ўвёў працэдуру ліцэнзаваньня, па лініі фонду ў Беларусь паступіла гуманітарнай дапамогі на 500 мільёнаў даляраў. Генадзь Грушавы памёр ад лейкеміі 28 студзеня 2014 году, пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG