У апублікаваным камюніке ўраду Грэцыі сказана, што «заява была апублікаваная без выкананьня ўсталяванай працэдуры — атрыманьня згоды з боку дзяржаваў-чальцоў і, у прыватнасьці, бяз забесьпячэньня згоды Грэцыі».
Як паведамляе выданьне Euobserver, прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас у тэлефоннай гутарцы выказаў «незадаволенасьць» з гэтай нагоды кіраўніку зьнешнепалітычных адносінаў ЭЗ Фэдэрыка Магерыні.
У Заяве ЭЗ, якая была апублікаваная ў аўторак раніцай, сьцьвярджалася, што ўсе 28 чальцоў Эўразьвязу пагадзіліся з тым, што Расея нясе адказнасьць за ракетны абстрэл украінскага гораду Марыюпаль, у выніку якога 30 чалавек загінулі.
Тэкст заявы рыхтаваў офіс Дональда Туска, і яго прадстаўнікі паведамілі, што ўзгаднілі тэкст з прадстаўнікамі Грэцыі, і да раніцы аўторка ніхто з боку Грэцыі не выказваў ніякіх пярэчаньняў.
Супрацоўнік апарату Рады ЭЗ сказаў журналістам, што сытуацыя, падобная на цяперашнюю. ніколі раней ў Эўразьвязе не здаралася.
Раней Алексіс Цыпрас падтрымаў Расею ў пытаньні Крыму і назваў цяперашні кіеўскі ўрад «нэанацысцкім».