Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тэзаў пра свабоду і любоў зь лекцыі Альгерда Бахарэвіча


На парозе свайго 40-годзьдзя беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч упершыню ў жыцьці правёў публічную лекцыю, у якой распавёў, як змагацца з дыктатарскім рэжымам пры дапамозе любові да сябе.

«Кнігарня Логвінаў, дзе мы знаходзімся, — прыклад таго, як людзі любяць сябе. Нашая дзяржава змагаецца з такімі людзьмі, як Ігар Логвінаў, — геданістамі і эгаістамі, якія гуртуюць вакол сябе іншых. Але змагацца з гэтай зьявай немагчыма, можна толькі зьмяняць лякацыю іх гуртаваньня», — сказаў Альгерд Бахарэвіч, прыводзячы прыклад любові да сябе як спосабе супрацьстаяць сыстэме.

1. Свабода — гэта любоў да сябе

«Мяне завуць Альгерд Бахарэвіч. І я хачу прызнацца, што я сябе вельмі люблю. Я вельмі люблю тое, чым я займаюся. А займаюся я тым, што чытаю і пішу кніжкі. Я вельмі люблю сваю працу. Я вельмі люблю месца, дзе я жыву. Я вельмі люблю сваё цела. Я вельмі люблю свае дрэнныя зубы, свае вочы. Я люблю глядзець на сябе ў люстэрка. Я вельмі люблю людзей, якія са мной побач. Я люблю час, у якім я жыву. У прынцыпе, я люблю ўсё, што зьвязана з маёй асобай. Мне зусім ня сорамна ў гэтым прызнавацца. Таму што для мяне любоў да сябе ёсьць свабодай. Калі я задумваюся пра тое, што я пасьпеў зрабіць за 40 гадоў свайго жыцьця, то я разумею, што калі б я не любіў сябе, я б не зрабіў нічога і ня змог бы прэзэнтаваць беларускую культуру ў сьвеце».

2. Свабодны чалавек любіць іншых свабодных людзей

«Мне камфортна зь людзьмі, якія таксама любяць сябе. Хоць мы разам і не ўтвараем нейкіх маналітных групаў, здольных уплываць. Але калі я думаю, што вакол мяне людзі, якія таксама сябе любяць, мне ўтульней у гэтым сьвеце, і я адчуваю сябе вельмі абароненым. Калі мы любім сябе, мы здольныя шмат на што. У імя гэтай самай любові. Я перакананы, што людзі, якія прыйшлі на гэтую лекцыю, таксама любяць сябе».

3. Свабоду ня трэба заслугоўваць

«Пад абвесткай пра маю лекцыю невядомы камэнтатар выказаўся, што Альгерд Бахарэвіч увогуле ня мае права разважаць пра свабоду ў несвабоднай краіне, бо ён не сядзеў у турме. Я лічу гэты тэзіс глыбока памылковым. Бо зь яго вынікае, што свабоду трэба заслужыць, як заслугоўваюць прэмію за выдатна выкананую працу ці за верную службу. І выходзіць, што свабода — гэта ня тое, што чалавек мае ад нараджэньня. Таксама я ня згодны з тым, што разважаць пра свабоду могуць толькі тыя, хто сядзеў у турме. Бо тады выходзіць, што за свабоду трэба змагацца, як і за права пра яе гаварыць».

4. Свабода бывае ня толькі палітычнай

«Я лічу памылковым перакананьне, што свабода — гэта паняцьце выключна палітычнае. Гэтаксама я ня згодны, што свабода — гэта выключна маральнае паняцьце. Бо калі кіравацца такімі катэгорыямі, то тады найлепшы спосаб разважаць пра свабоду — гэта зьнішчыць сябе, напрыклад, самаспаліцца».

5. Самаспаленьне ў імя свабоды ў Беларусі не спрацуе

«Выпадкі самаспаленьня чэха Яна Палаха, літоўца Ромаса Каланты і ўкраінца Аляксея Гірніка выклікалі наступствы ў выглядзе моцнага дысыдэнцкага руху і масавых пратэстаў, якія нельга параўнаць з чымсьці ў Беларусі. Я шмат думаў пра гераізм такога кшталту і пра гераізм увогуле. І перакананы, што такі спосаб змаганьня за свабоду дзейнічаў толькі ў тую эпоху. Такія выпадкі самазьнішчэньня ні на што б не паўплывалі ў сёньняшняй Беларусі. Давайце ўявім, што нехта з нас публічна спаліў сябе на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Якія будуць наступствы? Дзяржава абвесьціць гэтага чалавека псыхічна хворым. А некаторыя з нас назавуць гэтага чалавека нацыянальным героем. Але на сытуацыю ў Беларусі гэта не паўплывае абсалютна і свабоды ў краіне не паболее».

6. Гераізм — гэта самаадрачэньне, а значыць, нелюбоў да сябе

«У дзяржаўных кнігарнях прадаецца кніга „Героі Беларусі“ — пра людзей, якія атрымалі такі адпаведны мэдаль. Большая частка герояў гэтага выданьня — „крэпкія хазяйсьцьвеньнікі“, у тым ліку Пётар Пракаповіч. Гэтыя людзі сябе ня спальвалі, нікога не ратавалі, але яны героі Беларусі. Выходзіць, што менавіта такія героі патрэбныя цяпер беларускаму народу. Я зь цяжкасьцю магу ўявіць Пятра Пракаповіча, які спальвае сябе на Плошчы Незалежнасьці і робіцца праз гэта героем. Гераізм — гэта самаадрачэньне, і ў тым, што ён цяпер не працуе, вінаватая нашая сытуацыя несвабоды і нелюбові да сябе».

7. Любоў да сябе — найлепшая форма супрацьстаяньня дзяржаве

«Нашай дзяржаве вельмі выгадна, каб мы сябе не любілі. Відавочна, што мы, тыя, хто сябе любіць, ня ўпісваемся ў схемы нашай дзяржавы, ды яшчэ і ўцягваем у стан любові да сябе іншых людзей. Відавочна, што Беларусь — гэта тэрыторыя несвабоды. І рэч ня толькі ў тым, што тут зачыняюць кнігарні і саджаюць за іншадумства. Беларусь — тэрыторыя нелюбові да сябе. Гэта найбольш адчуваецца, калі мы вяртаемся ў Беларусь з-за мяжы. Гэта адчуваецца ўжо ў аэрапорце, там кідаецца ў вочы, што гэтая нацыя ня любіць сябе, што тут усё скіравана на тое, каб людзі адчувалі сябе ўбогімі, прыгнечанымі і нікому не цікавымі. Гэта ва ўсім: пачынаючы ад прыбіральні на аўтавакзале Глыбокага, сканчаючы тым, што адбываецца з кнігарняй „логвінаЎ“. Як па мне, дык гэта прыкмета ня столькі адсутнасьці дэмакратыі, колькі нелюбові да сябе».

8. Беларусы любяць сябе толькі ў мінулым і ў будучыні

«Безумоўна, любоў да сябе ў нейкай ступені ёсьць і ў беларусаў. Але ў нас яна асаблівая — заўсёды скіраваная ці ў мінулае, ці ў будучыню. Нашая любоў да сябе скіраваная ў мінулае — і праз гэта мы маем моду на вышыванкі, усплёск цікавасьці да нашай гісторыі, мы больш думаем пра ВКЛ, БНР і слаўных ваяроў мінуўшчыны. Нашая любоў да сябе скіраваная ў будучыню — і таму мы сабе ўяўляем ідэал вольнай дэмакратычнай Беларусі. А тое, што мы маем цяпер, правальваецца ў нейкую дзірку, таму што ніхто сябе цяперашняга любіць ня хоча і ня ўмее. Гэтым мы граем на карысьць дзяржаве, бо сучасная Беларусь — таксама ў дзірцы».

9. Рэвалюцыі трэба рабіць раніцай

«Я спытаў у свайго сябра Лёхі, ці адчувае ён сябе свабодным у несвабоднай краіне. На што ён адказаў наступнае: „Я адчуваю сябе свабодным раніцай, пасьля таго як прачнуся і прыму душ. Тады я ня думаю, што я жыву ў несвабоднай краіне. Але пасьля, цягам дня, я ўсё больш і больш адчуваю, што я несвабодны і залежу ад абставін“. Мяне вельмі зачапіла выказваньне пра раніцу, бо сапраўды раніцай мы больш шчасьлівыя, раніцай зачынаецца больш за ўсё дзяцей, раніцай мы падаемся сабе больш прыгожымі. Любоў да сябе дасягае максымальнай канцэнтрацыі менавіта раніцай. Такім чынам, раніцай у Беларусі, у гэтай несвабоднай краіне, мы маем максымальную колькасьць свабодных людзей на адзін квадратны кілямэтар. Таму раніца — ідэальны час для рэвалюцыяў, для таго, каб штосьці зьмяніць».

10. Дзяржава змагаецца з геданістамі

«Самыя сымпатычныя мне, самыя харызматычныя і абаяльныя людзі ў гэтай краіне — гэты эгаісты, гэта багема, гэта сыбарыты і гэта геданісты, як, напрыклад, Ігар Логвінаў. Мне здаецца, што менавіта зь імі цяпер вядзе барацьбу дзяржава. Зь людзьмі, якія любяць сябе. Я б хацеў бачыць беларусаў як вялікую кампанію эгаістаў і геданістаў».

31 студзеня а 18:00 Альгерд Бахарэвіч запрашае ў кнігарню «логвінаЎ», дзе будзе сьвяткаваць дзень народзінаў. У праграме: адкрыцьцё пэрсанальнай палічкі Альгерда Бахарэвіча, прэзэнтацыя рамана «Дзеці Аліндаркі», спэктакль «Бог няроўна delete» з удзелам Юлі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча, а таксама выступы і віншаваньні ад сяброў-літаратараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG