Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 няпраўдаў пра «Левіятана»


Гюстаў Дарэ, «Зьнішчэньне Левіятана» (1865, фрагмэнт)
Гюстаў Дарэ, «Зьнішчэньне Левіятана» (1865, фрагмэнт)

Даўно такога не было. Амаль усё, прачытанае ў водгуках пра расейскі фільм «Левіятан», аказалася няпраўдай.

1. Чарнуха

Фільм прыгожы. Фантастычныя краявіды, дагледжаныя людзі, душэўныя інтэр’еры старога дому, усё працуе, машыны езьдзяць, паўсюль інтэрнэт. Нават дарогі зусім без «ухаб». Проста Фінляндыя якая-небудзь. І зроблена ўсё з такім сабе галівудзкім лоскам. Прызнацца, я думаў пра расейскую глыбінку нашмат горш.

2. Гарэлка

Выпіваюць, ніякага адкрыцьця тут няма. Але ня п’юць — у тым сэнсе, калі гарэлка ўплывае на хаду падзеяў. Яна ў эпізодах, але ніяк не галоўная гераіня.

3. Антыцаркоўнае кіно

А што, царква ў Расеі не зраслася з уладай, царква не «заелася», царкоўнікі ня хлусяць? І гэтая праўда паказаная ў фільме бяз кроплі гіпэрбалізацыі ці карыкатурнасьці — нэўтральна. У дадатак ёсьць эпізод з добрым бацюшкам, якім ён, напэўна, і павінен быць — сьціплы, сардэчны, які раздае сірым і ўбогім хлеб і распавядае прыпавесьць пра левіятана.

4. Кіно пра «рашку-гаўняшку»

Так адгукнуўся на фільм цяперашні міністар культуры гэтай самай «рашкі». Насамрэч кіно зусім не пра расейскую праблему, якая б тлумачылася асаблівасьцямі нацыянальнага характару ці сацыяльна-палітычнага ладу. Кіно пра чалавека і сыстэму. Сыстэма зжырае чалавека, не пакінуўшы сьлядоў. У сусьветным сінематографе такіх фільмаў шмат. Першай на розум прыйшла «Тая, што танчыць у цемры» фон Трыера. Якраз расейскаму кіно такая тэма ня моцна характэрная, хоць гэта зусім ня значыць, што праблемы няма.

5. Левіятан

Яго ў фільме няма. Няма абсалютнае перавагі сыстэмы над бяспраўным чалавекам, бо аднойчы мы назіраем страх сыстэмы перад чалавекам і разумеем, што шалі вагаў могуць хіснуцца як у адзін, так і ў другі бок. Вось тут, магчыма, самае слабое месца «Левіятана». Замест таго, каб лупіць па ім зь цяжкой зброі (а яна ёсьць, падрыхтаваная), героі пачынаюць «мельцяшыць», пісаць нейкія недарэчныя скаргі ўчастковаму міліцыянту... і трапляюць у мітульгу ўсякіх мікрапрыкрасьцяў. Самі! А гэта і трэба левіятану, каб з тых мікрапрыкрасьцяў стварылася для герояў вялікая і незваротная бяда.

А можа гэта якраз і не слабое, а моцнае месца фільма? І аўтары паказваюць нам, дзе мы, узяўшыся за грудкі з сыстэмай, трапляем звычайна ў нявыкрутку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG