Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку будуць судзіць за плякат Je suis Charlie


У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку паведамілі, што яго чакае суд за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Дата суду пакуль ня вызначана.

«Узялі пісьмовае тлумачэньне. Фактычна я толькі пацьвердзіў факт свайго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці каля амбасады, пацьвердзіў, што я трымаў плякат Je suis Charlie, і адмовіўся даваць тлумачэньні, якія тычацца іншых удзельнікаў мерапрыемства. Я прагартаў матэрыялы справы. Там ёсьць спасылкі на СМІ, на сацыяльныя сеткі, дзе была разьмешчана інфармацыя, і кароткае тлумачэньне міліцыянтаў, якія ахоўваюць будынак францускай амбасады. Дарэчы, яны толькі зафіксавалі сам факт, што мы знаходзіліся каля амбасады», — распавёў Лябедзька карэспандэнту Свабоды.

Лябедзька сказаў міліцыянтам, што актывісты нядаўна падавалі 74 заяўкі на пікеты і не атрымалі ніводнага дазволу.

У матэрыялах я напісаў, што самі дзеяньні праваахоўных органаў, улады я лічу амаральнымі, і гэта такія праявы палітычнай шызафрэніі.

«У матэрыялах я напісаў, што самі дзеяньні праваахоўных органаў, улады я лічу амаральнымі, і гэта такія праявы палітычнай шызафрэніі. І я сказаў міліцыянту ў пастарунку: калі б, ня дай Бог, нехта зь беларускіх міліцыянтаў закрываў сабой дзіцё ці грамадзяніна, то я таксама прыйшоў бы на акцыю салідарнасьці зь ім. Такое адчуваньне, што самі супрацоўнікі міліцыі чуюцца даволі некамфортна ў гэтай сытуацыі. Але, тым ня менш, робяць сваю справу», — сказаў Лябедзька.

11 студзеня Анатоль Лябедзька разам зь іншымі актывістамі прыйшоў да амбасады Францыі ў Менску з плякатам Je suis Charlie, каб выказаць салідарнасьць з журналістамі, якія загінулі ў Парыжы.

Супраць двух іншых удзельнікаў пікету, Зьмітра Кучука і Паўлюка Канавальчыка, міліцыя ўжо склала пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Дата суду пакуль ня вызначаная.

«Ва ўладаў хапіла мазгоў не чапаць нас падчас самога пікету, але цяпер, калі тэма, як яны думаюць, рассмакталася, вырашылі нас пакараць. Прычым на падставе фота ў Фэйсбуку», — зазначыў Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG