Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Марыюпаль абстралялі сэпаратысты


Дадзеныя ўкраінскай выведкі паказваюць на тое, што абстрэл Марыюпаля ў суботу зрабілі сэпаратысты. Пра гэта на экстраным пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі на ўсходзе краіны заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Паводле яго словаў, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны затрымалі карэктавальніка вагню сэпаратыстаў, які ўжо дае паказаньні. У панядзелак украінскі бок мае намер апублікаваць поўную справаздачу і доказы датычнасьці так званай «Данецкай народнай рэспублікі» да абстрэлу Марыюпаля.

Парашэнка адзначыў, што згодна зь Менскім пагадненьнем, на тэрыторыі, адкуль быў зроблены абстрэл горада, не павінны былі знаходзіцца цяжкія ўзбраеньні. Напярэдадні ўкраінская артылерыя зьнішчыла чатыры ўстаноўкі «Град», якія нанесьлі вагнявы ўдар па Марыюпалі, паведаміў прэзыдэнт. За апошнія суткі, паводле яго словаў, у баях з урадавымі войскамі загінулі 110 сэпаратыстаў, 90 атрымалі раненьні. Парашэнка пры гэтым заявіў, што Кіеў па-ранейшаму выступае за мірнае вырашэньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

У панядзелак, 26 студзеня, міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу маюць намер правесьці пасяджэньне па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Украінскі бок на сустрэчы плянуе падняць пытаньні аб прызнаньні Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» тэрарыстычнымі арганізацыямі і ўзмацненьні санкцыяў у дачыненні да Расеі.

Па апошніх дадзеных, ахвярамі абстрэлу Марыюпаля сталі 30 чалавек, 95 параненыя. Пашкоджаныя або разбураныя каля 80 будынкаў, амаль 60 зь іх — жылыя дамы. У сувязі з абстрэлам горада прэзыдэнт Украіны абвясьціў 25 студзеня днём жалобы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG