Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія салафіты: Мы не тэрарысты


Журналісты «Свабоды» наведалі ў Сьмілавіцкай мячэці салафітаў, якіх КДБ затрымаў напярэдадні новага году.

На намаз — у Сьмілавічы

Пакуль КДБ рэкамендавала не зьбірацца ў мячэці ў Калядзічах, салафіты езьдзяць на пятнічны намаз у Сьмілавічы.

«Нам нічога не забаранялі, нічога не зачынялі, — распавядае імам Сулейман Рак. — Нам проста рэкамэндавалі зьбірацца толькі ў афіцыйных мячэцях».

11 сьнежня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх паведаміў пра затрыманьне пад Менскам 20 мусульман-салафітаў. Паводле КДБ, група складалася з 12 беларусаў і васьмёх замежнікаў — чальцоў ісламскай арганізацыі Хізб ут-Тахрыр, пад уплывам ідэяў якой нібыта і сфармавалася група. Сярод іншага КДБ заявіў, што рэлігія салафітаў «заснаваная на прынцыпах джыхаду і непрыняцьця любых веравызнаньняў, апроч ісламу».

Замежнікаў дэпартавалі, а да беларусаў «прымянілі ляяльныя меры прафіляктычнага характару».

У недабудаванай мячэці на вуліцы Грыбаедава ў Менску не хапае месца для ўсіх, таму салафіты з Калядзічаў езьдзяць у Сьмілавічы — за 23 кілямэтры ад Менску.

«Сюды часта мусульмане з гораду прыяжджаюць, — кажа Сапар Канапацкі, які ўзначальвае татарскую абшчыну ў Сьмілавічах. — Амбасадары і дыпляматы прыязджаюць да нас ня толькі на сустрэчу зь мясцовымі татарамі, але й на намаз».

Сапар Канапацкі
Сапар Канапацкі

Экстрэмістаў — выганяем

Пра тое, што на разагнаным сходзе нібыта былі «экстрэмісты», беларускія мусульмане даведаліся ўжо пасьля затрыманьня. У кожнага затрыманага дома правялі ператрус. Шмат у каго ўзялі тэхніку і рэлігійную літаратуру для экспэртызы.

Больш за тое, па словах мусульманаў, службоўцы шукалі людзей, якія ўжо некалькі гадоў зьехалі зь Беларусі.

«Мы нават іх ужо й забылі, перапытвалі адзін ў аднаго, што гэта за людзі», — кажуць яны.

Салафіты тлумачаць, што ніякія экстрэмісты не знаходзяць падтрымкі сярод беларускіх мусульманаў.

«Мы такіх людзей нават ня слухаем, адвяргаем іх як „іншароднае цела“, — кажа адзін з прыхаджанаў, які дваццаць год пераехаў у Беларусь. — Любая прапаганда, калі яна нясе шкоду хоць якому чалавеку, гэта непрымальна ў ісламе. Мы шануем бясьпеку і мір, якія пануюць у Беларусі».

Мячэць у «летняй кухні»

Затрыманьне адбылося ў доме, дзе каля двух год на пятнічны намаз зьбіраўся з тузін мусульманаў. Каля свайго дома мячэць пабудаваў імам Сулейман Рак. Аднак беларускае заканадаўства не прадугледжвае рэгістрацыі мячэці на прыватных участках, таму па дакумэнтах хата праходзіць як «летняя кухня».

«Мы ні ад каго не хаваліся, — кажа Рак. — Мы былі адкрытыя для ўсіх мусульманаў, якія да нас прыходзілі маліцца. Часта прыяжджалі і журналісты».

Як потым распавялі ў КДБ, за мячэцьцю ў Калядзічах вялі назіраньне ад самага пачатку. Але ў той дзень нехта патэлефанаваў і сказаў, што ў доме зьбіраюцца «падазроныя людзі».

Вернікі сьцьвярджаюць, што ў КДБ да іх ніякіх прэтэнзій не было. Але пры гэтым міліцыя павінна была адрэагаваць на званок. Ні ў мячэці, ні ў кватэрах мусульманаў службоўцы нічога не знайшлі, але тэхніку і кнігі не аддалі па сёння, тлумачачы, што на экспэртызу доўгая чарга.

Нашай рэлгігіяй прыкрываюцца тэрарысты

Сулейман Рак лічыць, што такая цікавасьць да іх малітоўнага дома ўзьнікла ў сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце. На Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы набірае моц радыкальны рух прыхільнікаў Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта (ІДзІЛ). Пры гэтым экстрэмістаў, якія называюць сябе салафітамі, асуджаюць большасьць рэлігійных лідэраў.

«Насамрэч яны ніякія не салафіты, — тлумачыць Рак. — Сапраўдныя салафіты — гэта тыя мусульмане-суніты, якія заклікаюць арыентавацца на лад жыцьця і веру „салафаў“ — праведных мусульманаў. Экстрэмісты з ІДзІЛ толькі прыкрываюцца салафіяй».

«Мы самі не зацікаўленыя ў экстрэмізьме, — кажа Рак. — І я цалкам падтрымліваю намаганьні дзяржавы ў захаваньні бясьпекі. Паглядзіце на нас — усе працуюць, маюць вялікія сем’і. Якія ж мы тэрарысты? Ці патрэбны нам экстрэмізм? Мы выступаем толькі за мір у нашай краіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG