Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калектыўны заклік да празрыстых выбараў рэктара ЭГУ


Супрацоўнікі ЭГУ пікетуюць Міністэрства замежных справаў Літвы, 14 лютага 2014 года.

50 грамадзкіх дзеячаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі зьвярнуліся з адкрытым лістом у справе будучыні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

У лісьце выказваецца «глыбокая занепакоенасьць сытуацыяй вакол выбараў новага рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ)».

«Гэта ня проста чарговае адміністрацыйнае прызначэньне. Гаворка ідзе пра існаваньне праекту.

Нядаўняя канфэрэнцыя «Беларускі ЭГУ: пасьля 10 гадоў у Літве» зрабіла відавочным для ўсіх яе ўдзельнікаў (студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, былых супрацоўнікаў, звольненых за іншадумства, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і міжнародных арганізацыяў), што ўнівэрсытэт, закліканы стаць самым эўрапейскім з усіх беларускіх, наўрад ці адпавядае заяўленым ідэалам.

Галоўнымі прычынамі працяглага сыстэмнага крызісу зьяўляюцца ліквідацыя акадэмічнага самакіраваньня і стварэньне закрытай аўтарытарнай сыстэмы адміністраваньня. Ключавыя для лёсу ўнівэрсытэту рашэньні прымаюцца без удзелу выкладчыкаў, студэнтаў і іншых стэйкхолдэраў.

Працэс выбару новага рэктара — паасобная праява агульнай праблемы. Па ўсіх асноўных парамэтрах ён не адпавядае агульнапрынятым працэдурам аналягічных конкурсаў:

1. Працэс запушчаны без зацьверджанага палажэньня аб конкурсе на пазыцыю рэктара. Правілы і працэдуры выбараў да гэтага часу не вядомыя нават самім кандыдатам. Гэта дае Адборачнай камісіі шырокія магчымасьці для прыняцьця валюнтарысцкіх рашэньняў і бюракратычных імправізацыяў.

2. Кіроўная рада не ўлучыла ў склад камісіі прадстаўнікоў студэнтаў і выкладчыкаў, нягледзячы на іх неаднаразовыя законныя патрабаваньні. У камісію ня быў запрошаны ніводны зьнешні міжнародны экспэрт. Няма ў ёй і ніводнага беларуса. Гэта ператварае адкрыты міжнародны конкурс у закрытае карпаратыўнае прызначэньне пажаданага кандыдата, зацікаўленага ў захаваньні існуючай аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня.

3. Працэс выбару рэктара ажыцьцяўляецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі. Ні акадэмічная супольнасьць ЭГУ, ні грамадзянская супольнасьць Беларусі, ні міжнародная грамадзкасьць ня маюць інфармацыі аб выніках этапаў абмеркаваньня кандыдатаў і агульнай хады выбараў. Гэта выводзіць выбарны працэс з-пад кантролю стэйкхолдэраў і грамадзкага меркаваньня.

Такое становішча выклікае сур’ёзныя сумневы ў тым, што рашэньне Адборачнай камісіі будзе ўзважаным і справядлівым. Мы занадта добра ведаем, як робяцца выбары ў Беларусі. І ня хочам «беларускіх выбараў» у Эўропе.

Мы глыбока перакананыя, што ўнівэрсытэцкая аўтаномія зьяўляецца безумоўнай каштоўнасьцю і адным з базавых прынцыпаў эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але яна не адмяняе падсправаздачнасьці грамадзтву, акадэмічнай супольнасьці, донарам, палітычным партнэрам і іншым стэйкхолдэрам, якія ўзялі на сябе адказнасьць за лёс гэтага праекту», — гаворыцца ў звароце.

Падпісанты выказваюць недавер Адборачнай камісіі, легітымнасьці і справядлівасьці бягучага адбору. Яны заклікаюць «прывесьці конкурс на пасаду рэктара ЭГУ ў адпаведнасьць міжнародным стандартам, стварыць новую рэпрэзэнтатыўную Адборачную камісію і правесьці сапраўды празрысты і справядлівы конкурсны адбор».

Сярод тых, хто падпісаўся, — Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Бяляцкі, Лявон Вольскі, Мікола Купава, Жана Літвіна, Уладзімір Някляеў і іншыя.

Камэнтары прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія падпісалі гэты ліст, а таксама адміністрацыі ЭГУ, — неўзабаве на нашым сайце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG