Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 студзеня: «Народная воля» судзіцца зь Мінінфармам


Фота: Ільля Фаляжынскі
Фота: Ільля Фаляжынскі

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Вярхоўным судзе пачнуцца слуханьні па справе газеты «Народная воля» супраць Міністэрства інфармацыі. Рэдакцыя выданьня патрабуе прызнаць несапраўдным папярэджаньне, вынесенае за артыкул Сьвятланы Калінкінай «На ланцуг!» Артыкул прысьвечаны ратыфікацыі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Аўтар выказала ўласнае меркаваньне аб магчымых «падводных камянях» дамовы. Аднак Міністэрства інфармацыі ўбачыла ў гэтым «распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая ўводзіць чытача ў зман». Пачатак у 10.00.

23 студзеня — Дзень саборнасьці ва Ўкраіне. У 17.00 у пасольстве Ўкраіны ў Менску адбудзецца сьвяточнае мерапрыемства, прысьвечанае Дню саборнасьці, і ўручэньне пасьведчаньняў украінцам, што жывуць за мяжой.

Менск. Да дня нараджэньня мастака Леаніда Шчамялёва гарадзкая мастацкая галерэя ягонага імя прадстаўляе ўсю падораную аўтарам гораду калекцыю яго карцін. Выстава «Белае сонца блакітнай зімы» адкрыецца ў 18.00.

У гісторыі:

1793 — адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.

1950 — Ерусалім абвешчаны сталіцай Ізраілю.

1974 — заснаваны Пастаўскі краязнаўчы музэй.

1997 — утвораная Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі.

2005 — Віктар Юшчанка прыняў прысягу прэзыдэнта Ўкраіны.

Сусьветны мэтэаралягічны дзень.

У гэты дзень нарадзіліся:

1832 — Эдуар Манэ, францускі мастак-імпрэсіяніст.

1898 — Сяргей Эйзэнштэйн, савецкі кінарэжысэр.

1947 — Джоэль Дуґлас, амэрыканскі кінапрадусар беларускага паходжаньня.

У гэты дзень памерлі:

1889 — Ігнат Дамейка, беларускі навуковец-дасьледчык, геоляг, нацыянальны герой Чылі.

1938 — Вацлаў Ластоўскі, беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч.

1989 — Сальвадор Далі, гішпанскі мастак.

Цытата:

«Нам казалі, што саюз гэты чыста эканамічны. Выгадны. Маўляў, Беларусі патрэбныя расейскія нафта і газ па ўнутрырасейскіх цэнах, у адваротным выпадку наша прадукцыя ня зможа канкураваць на расейскім жа рынку, які для беларускай эканомікі зьяўляецца асноўным. Аднак менавіта па энэргетычным блёку ніякіх сур’ёзных дамоўленасьцяў як не было, так і няма. Разгляд гэтага пытаньня адкладзены аж да 2025 году. А ўсё астатняе — пошліны, рэглямэнты, свабода перамяшчэньня тавараў і ўсякае такое іншае паміж нашымі краінамі так ці інакш ужо даўно ўзгоднена і ўрэгулявана. Гэта значыць, мы маем палітычную дамову — ясна выяўленую прэтэнзію на стварэньне новага саюзу з цэнтрам прыцягненьня ў Расеі. І гэтай дамовай нас пасадзілі на ланцуг, каб ня вырваліся...»
Сьвятлана Калінкіна, «На ланцуг!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG