Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 19 студзеня 2015: Вадохрышча; прэзэнтацыя кнігі Юрыя Гуменюка


Вадохрышча на Прудовым возеры ў Менскай вобласьці, 19 студзеня 2014 году
Вадохрышча на Прудовым возеры ў Менскай вобласьці, 19 студзеня 2014 году

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча. Хрысьціянства зьвязвае гэты дзень з хрышчэньнем Ісуса Хрыста Янам Хрысьціцелем на рацэ Ярдан. На Вадохрышча ў храмах адбываецца асьвячэньне вады

Дзень ратаўніка

Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць скаргу прадпрымальніка Ігара Логвінава на апошнюю адмову Міністэрства інфармацыі ў выдачы ліцэнзіі распаўсюдніка друкаванай прадукцыі.
Пачатак а 10-й гадзіне. У той жа дзень Логвінаў мае намер падаць у Эканамічны суд Менску скаргу на рашэньне пра штраф для яго кнігарні.

У менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» (Мінск, пр. Незалежнасці, 37а) у другую гадавіну сьмерці Юрыя Гуменюка адбудзецца прэзэнтацыя ягонай кнігі «Краіна нязьдзейсьненых мараў», укладзенай сябрамі літаратара. У імпрэзе возьмуць удзел пісьменьнікі і літаратары Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяржук Сыс, Зьміцер Вішнёў. Пачатак а 17-й гадзіне.

А ў 19 гадзінаў у кнігарні «ЛогвінаЎ» пройдзе прэзэнтацыя фундамэнтальнага дасьледаваньня гісторыка Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.)». У імпрэзе возьмуць удзел гісторыкі Валянцін Голубеў, Сьцяпан Цемушаў, Васіль Варонін, Аляксандр Казакоў.

У малой залі КЗ «Менск» адбудзецца канцэрт фальклёр-тэатру «Госьціца», прысьвечаны прэзэнтацыі другога альбома. Пачатак а 19-й гадзіне.

У гісторыі:

1518 — Францішак Скарына выдаў у Празе кнігу «Прамудрасьць божая», якая ўваходзіць у склад Старога Запавету.

1903 — абвешчана аб правядзеньні першай у сьвеце гонкі на роварах «Тур дэ Франс».

1911 — заснаваная Менская гарадзкая бібліятэка.

1963 — адбыўся першы выступ гурту «The Beatles» на тэлебачаньні.

1970 — запуск першага тралейбуса ў Магілёве.

У гэты дзень нарадзіліся:

1931 — Натальля Паплаўская, беларуская мастачка, якая стварала, між іншага, малюнкі для дзіцячых казак і падручнікаў.

1947 — Лешак Бальцаровіч, польскі палітык і эканаміст, аўтар радыкальных эканамічных рэформ у посткамуністычнай Польшчы.

1972 — Сяргей Міхалок, беларускі сьпявак, аўтар музыкі і тэкстаў, актор, да 2014 году вакаліст і галоўны ідэоляг беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі». Зь верасьня 2014 году — вакаліст гурту Brutto.

У гэты дзень памерлі:

1656 — Казімір Леў Сапега, дзяржаўны і грамадзкі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага

1862 — Міхал Без-Карніловіч, вайсковы тапограф і статыстык, аўтар кнігі «Гістарычныя зьвесткі пра знакамітыя мясьціны ў Беларусі».

1944 — Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, пэдагог, палітычны дзеяч.

2001 — Ян Пятроўскі, беларускі пратэстанцкі дзеяч, публіцыст, перакладнік на беларускую мову Плятона, Марка Аўрэлія, першы перакладнік на беларускую мову «Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека» (1975).

2013 — загінуў Юры Гумянюк, беларускі паэт, празаік, журналіст.

Цытата:

Пераходжу з мовы на мову
ды на сходах псую пантофлі.
Парушаю парадак словаў.
Выліваю піва з куфля.

Разрывае вантробы смутак.
Сэрца грукае ў тахт самоце.
На сьпіне пагляд прастытутак,
бы жарынка на згаслым кноце.
Ператрус. Перасьлед. Затрыманьні.
Сябра зноўку сядзіць у малпоўні.
І ў жалобнай сукенцы пані
заглядае ў вокны, як поўня.

Парушаю парадак словаў,
Быццам пацеркі на ружанцы...
А сатрапы грэбуюць мовай
ды ўшчынаюць д’ябэльскія танцы.

Верш Юрыя Гуменюка «Парадак словаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG