Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня. Старажытнарускі польскі горад


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Горадня польскі горад… Не, ніякі ён ня польскі! У падсьвядомасьці ўбітыя цьвікі час ад часу нагадваюць аб сабе.

Адны — польскі да падмуркаў! Другія — старажытнарускі! Падстава можа быць самая нечаканая. Спрэчка аб імёнах, напрыклад. Як гэтым разам. Тэкст у інтэрнэце: якія імёны даюць дзецям у Горадні найчасьцей, а якія трапляюцца з шэрагу экзатычных? І пайшло-паехала! ​

Вось пара мусульманскіх, дзявочых: Агджа (хаця ў нашай памяці хіба толькі Агджа-турак…) і Захра. Скора ў нас Парыж будзе таксама! — выгукае нехта нэрвова. А трэба спакайней, узважана трэба. У горадзе вучацца студэнты з арабскіх краінаў, з мусульманскіх. Апошнім часам найбольш, праўда, зь Нігерыі (яны часьцей хрысьціяне). І ў іх, бывае, нараджаюцца ў Горадні дзеці. Ну дык не Іванам ды Мар’яй іх назавуць, праўда?​

Зусім іншая рэч, калі традыцыйныя каталіцкія імёны выклікаюць у некага культурны шок. Так атрымалася, што ў Эўропе не было савецкай улады, і традыцыя не парушалася: тое, што некалі было са сьпісу імёнаў з касьцельнай кнігі, даўно стала звычайным. Іншая рэч у нас: некага можа зьдзівіць Ян або Вацлаў.​

Як пішацца ў артыкуле, імёны нярэдка даюць сёньня пад уплывам бацюшкі, які трымае запазухай «сьвяткі». У савецкі час быў зацьверджаны свой сьпіс, які быў у кожным ЗАГСе. Заходнія імёны ў яго не траплялі, але й старыя праваслаўныя зьніклі. Цяпер яны хіба болей адпавядаюць, напрыклад, манашкам. Праскоўя, Глікерыя, Глафіра, Еўфрасіньня (дамашняе — Фрося), Пульхерыя, Параскева, Пелагея, Фэўронія і гэтак далей. Але часам бацькі спыняюць свой выбар на такіх. Дальбог, гучыць сёньня напраўду архаічна. ​

Але вось нашая спрэчка: «Гусэйн, Дарыюс, Дыаміт, Назарый» і гэтак далей, «бацькі выпендрываюцца», а дзецям жыць з гэтым усё жыцьцё… І некаторыя спрэчнікі якраз спрабуюць зьвярнуць увагу на традыцыі мясцовыя. Але такім вось чынам: і што тут экзатычнага ў імёнах Дарыюс, Эдгар, Данатас, Бажэна, Іяланта? Дастаткова распаўсюджаныя імёны, нармальныя для польска-літоўскай Горадні. «А вось аматары ўсякіх Іванаў, Прасковій і Пракофій няхай едуць да сябе ў Ніжні Ноўгарад і будуць называць там сваіх дзяцей «исконно руССкими именами».​

Імёны нармальныя, пачынае яшчэ адзін удзельнік, але часы «польскай-літоўскай акупацыі» даўно прайшлі да вашага жалю… «Горадня — старажытны рускі праваслаўны горад, а самыя папулярныя сёньня імёны — Арцём і Дар’я (так паводле статыстыкі). І пытаньне з польска-літоўскай Горадняй будзем лічыць закрытым.​

Што, Горадня — старажытны рускі праваслаўны горад? «Вось ты і спалілася: хто табе плаціць?»​

Ды колькі можна вучыць гісторыю па вікіпэдыі? — гучыць адчайны голас. Горадня — беларускі горад! А што датычыць гістарычных каранёў, калі вырашылі да іх зьвярнуцца, то польскі археоляг Зьдзіслаў Дурчэскі праводзіў у 1937 годзе ў Горадні раскопкі. Па замове польскага ўраду, які патрабаваў з-пад зямлі дастаць доказы прыналежнасьці гораду да Польшчы. Але сумленны археоляг пацьвердзіў, што Горадня ІХ-ХІV стагодзьдзяў — «тыпова рускі горад».​

Каб ты ведаў, піша наступны, гэты горад належыць Рэспубліцы Беларусь. І ніякі ён ня польскі, ня рускі, і нават не літоўскі. А ўсе, хто супраць, гайда ў тую краіну, якая так падабаецца, што ёй Беларусь раздаёце, што вы тут забыліся?​

Не, горад-то беларускі, але ў час заснаваньня быў ён рускім, а рускія зь беларусамі — адзін народ, ясна? — бярэ за горла наступны.​

Рускія і беларусы — гэта «розны народ»! — запярэчваюць яму. І яшчэ адзін голас у падтрымку і не выбіраючы словаў: спачатку «такія жывёліны трасуць маскальскімі сьцягамі» і крычаць пра адзіны народ, а потым там пачынаецца вайна… ​

«Рускія зь беларусамі — адзін народ, ясна?» Не, няясна! — падлучыўся да спрэчкі новы ўдзельнік. І ўвогуле што за «фігня»? Артыкул пра імёны, а не пра вашы «рашы/пшэкі».​

Цьвярозы голас заклікае да ўвагі адносна «правапісаньня»: ПрАскоўя правильно пісаць, а не ПрОскоўя, спраўце ў загалоўку! У рускіх імёнах рабіць памылкі зусім сорамна! Але ў адказ гучыць хвосткае: а мы тут ня рускія, не ў Тагіле і не ў Тамбове жывём, такіх дзіўнаватых імёнаў ня ведаем.​

Нехта пачынае бараніць «нармальнае чалавечае імя Зьдзіслаў», але бараніць зачэпіста: раней, пакуль «вашывыя акупанты» не прыйшлі ў верасьні 1939-га, такія імёны былі на топе. Але яму застаецца толькі ніякавець ад наступу наступнага камэнтатара: «Вы пра якіх акупантаў? Пра польскіх на чале з Пілсудзкім? Каторыя беларусаў ня тое што за нацыю, за людзей не лічылі. Каторыя закрылі ўсе беларускія школы, каторыя Беларусь выкарыстоўвалі як сыравінны прыдатак?»​

Але некаму карціць паставіць кропку ў спрэчцы і ён стукае па сталу кулаком: няхай яшчэ больш студэнтаў набіраюць, хто ў Эўропу не ўцячэ, пазнаходзяць нашых дзяўчат з часам, ды яшчэ ня так дзетак сваіх паназываюць. ​

Прыкмета часу: калі раней звычайна спрачаліся паміж сабой прыхільнікі «польскай» і «старажытнарускай» Горадні, то цяпер у бойку настырна лезуць аматары беларускай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG