Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская лётчыца: «Я буду галадаць да вяртаньня ва Ўкраіну»


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Абаронцы зьняволенай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі напісалі кіраўніку Сьледчага камітэту Расеі Аляксандру Бастрыкіну просьбу аб вызваленьні Саўчанкі для ўдзелу ў сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).

Саўчанка, абраная дэпутаткай Вярхоўнай Рады Украіны паводле сьпісу партыі «Бацькаўшчына», 25 сьнежня 2014 году была ўключаная ў склад украінскай дэлегацыі на сэсію ПАРЭ.

13 сьнежна Надзея Саўчанка, якая ў чэрвені летась трапіла ў палон да прарасейскіх сэпаратыстаў, распачала галадоўку ў турме ў Маскве. Пра матывы галадоўкі яна напісала ў лісьце «ўсім, каму неабыякавы мой лёс», які перадала на волю праз сваіх адвакатаў:

«Сваім пратэстам — голадам — я хачу дамагчыся здаровага сэнсу ад расейскай улады і сумленьня ад Сьледчага камітэту РФ. Ёсьць бясспрэчныя доказы маёй недатычнасьці і невінаватасьці ў тых злачынствах, у якіх мяне вінавацяць. Што ім яшчэ трэба?

Рашэньне галадаць я прыняла самастойна, ніхто мяне да гэтага не схіляў. Дала слова: „Да дня вяртаньня мяне на Украіну ці да апошняга дня жыцьця ў Расеі!“ — І назад яго не вазьму, інакш чаго будуць каштаваць мае словы! ;)»

Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расійскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына ў Луганскай вобласьці Ўкраіны. Яна віну адмаўляе. Раней абарона прадставіла суду дакумэнты, якія даказваюць, што ў момант, калі журналісты трапілі пад мінамётны абстрэл, Саўчанка ўжо гадзіну знаходзілася ў палоне ў сэпаратыстаў, якія затым пераправілі яе ў Расею.

На думку адвакатаў, адмаўляючыся вызваліць Саўчанку з-пад варты (апошні раз яе арышт быў працягнуты да 13 лютага), расейскія ўлады парушаюць атрыманы ёю пасьля абраньня дэлегаткай на сэсію ПАРЭ міжнародны імунітэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG