Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўпаў рэйтынг Лукашэнкі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Тэндэнцыя павышэньня даверу і электаральнага рэйтынгу кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі зьмянілася на процілеглы.

Калі ў верасьні мінулага года яму давяралі 53.5%, то ў сьнежні — 49.9%. Калі ў верасьні за Лукашэнку гатовыя былі галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 45,2%, то ў сьнежні 40%.

Гэта вынікае з вынікаў нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сьнежні 2014 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

На прамое пытаньне: «Пайшлі б Вы асабіста абараняць Аляксандра Лукашэнку ад якой-небудзь пагрозы?» станоўчы адказ далі 18,7%, а адмоўны — 62,2% (19,1% не змаглі адказаць).

Нават на фоне зьніжэньня даверу да ўлады давер беларусаў да палітычнай апазыцыі па-ранейшаму застаецца нізкім: палітычным партыям давяраюць 16%, а не давяраюць каля 60%, электаральны рэйтынг (па адкрытым пытаньні)

  • Уладзімера Някляева складае 3,5%,
  • Аляксандра Мілінкевіча 2,8 %,
  • Мікалая Статкевіча 2,7%,
  • Анатоля Лябедзькі 0,8%,
  • Сяргея Калякіна 0,7%.

Як ставяцца да падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі апазыцыйныя палітыкі?

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што скэптычна ставіцца да беларускай сацыялёгіі.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«У Беларусі вельмі складана, практычна немагчыма праводзіць адкрытыя сацыялягічныя апытаньні. Таму адносна і гэтага апытаньня сказаць так ці не, столькі лічбаў ці не, даволі складана. Але тое, што трэнд на паніжэньне, гэта відавочна. Таму што людзі сутыкнуліся з праблемамі, якія ідуць ад улады. І на вяршыні гэтай улады Аляксандар Лукашэнка. Таму трэнд на зьніжэньне папулярнасьці ўлады ёсьць. Эканамічны і фінансавы крызыс, тупік, невядомая пэрспэктыва прыводзяць да таго, што сярод людзей расьце расчараваньне. На пэрспэктыву я не бачу, якія крыніцы маглі б дадаць людзям аптымізму і любові да ўлады. Бо ў 2015 годзе больш за 4 мільярды трэба аддаваць па даўгавых расьпісках. Асноўны крэдытор Лукашэнкі, Расея і Крэмль, у складанай сытуацыі, ім бы вырашыць свае праблемы. З МВФ ідуць размовы, але ці будуць яны пасьпяховымі, сказаць складана. А ўнутраныя магчымасьці вельмі абмежаваныя. Мы ўжо настолькі заціснулі гайкі, што можна відаць толькі разьбу сарваць ці ўвесьці для людзей прымусовыя работы. Але гэта не дасьць выніку. Праблемы будуць толькі нарастаць».

Паводле Лябедзькі, таксама складана сказаць пра лічбы адносна рэйтынгу апазыцыйных палітыкаў і даверу да апазыцыі.

«На гэта адказ завершаны і адэкватны могуць даць толькі свабодныя, сумленныя выбары, якіх няма ў Беларусі».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць такія вынікі сацыёлягаў цалкам прагназаванымі:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Таму што мы бачылі як апошнія два-тры месяцы абвальвалася расейская эканоміка, пачыналіся гандлёвыя войны з Расеяй. Гэта пачынала адбівацца і на дабрабыце беларусаў, і на ўсьведамленьні таго, што няма пэрспэктываў. Што ўрад і Аляксандар Лукашэнка, які стаіць на чале дзяржавы, не маюць яснага пляна на будучыню. Гэта ёсьць асноўнай прычынай зьніжэньня рэйтынгу. Я думаю, што Лукашэнка, які таксама імкнецца адсочваць настроі ў грамадзтве, адстаўкай ўраду менавіта і адрэагаваў на паніжэньне ўласнага рэйтынгу. Аднак у бачнай будучыні яго рэйтынг будзе працягваць зьніжацца. Гэта зьвязана як з наступствамі фінансавых крызысных зьяваў у Беларусі, так і адсутнасьцю адчуваньня ў людзей яснай, надзейнай будучыні. Невыпадкова свой зварот на Новы год Лукашэнка прысьвяціў тэме міру і сямейных каштоўнасьцяў. То бок фокус ссоўваецца з эканомікі ў нейкія іншыя катэгорыі. Аднак у першую чаргу людзі будуць зьвяртаць увагу на эканоміку і адчуваньне пэрспэктываў».

Чаму пры гэтым застаецца нізкім рэйтынг апазыцыі? Паводле Янукевіча, такая зьява назіраецца не першы раз:

«Гэта чарговы выклік для дэмакратычных сілаў, для апазыцыі. Але глябальна такі эфэкт узьнікае за кошт таго, што людзі, якія адварочваюцца ці страчваюць давер да Лукашэнкі, не шукаюць магчымасьць зьмяніць сытуацыю ў краіне. Яны пачынаюць шукаць асабістыя шляхі для вырашэньня гэтай сытуацыі і аддаляюцца ад палітыкі. Нехта вырашае зьехаць з краіны, нехта абірае іншы варыянт. Падзеньне даверу да Лукашэнкі, на жаль, не абарочваецца ростам пратэстных настрояў. І гэта тая задача, якую ў 2015 годзе апазыцыі трэба вырашаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG