Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня мае права прызначаць Мясьніковіча старшынём Савету Рэспублікі


Аляксандар Лукашэнка ня мае права прызначыць Міхаіла Мясьніковіча старшынём Савету Рэспублікі, а Надзею Ермакову і Пятра Пракаповіча — кіраўнікамі назіральных радаў камэрцыйных банкаў.

Інфармацыя аб прызначэньні былога кіраўніка ўраду Беларусі Міхаіла Мясьніковіча старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу зьявілася ў суботу ў праграме «24 гадзіны» тэлеканалу СТВ. Паведамлялася, што кандыдатуру экс-прэм’ера на гэтую пасаду ўзгадніў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка.

Былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, акадэмік Аляксандар Вайтовіч заявіў Радыё Свабода, што Лукашэнка ня мае права прызначаць старшыню Савету Рэспублікі.

«Калі было абвешчана, што прызначаны, то гэта, вядома, ня так. Ён (прэзыдэнт. — РС) ніяк ня можа прызначыць, старшыню Савету Рэспублікі павінен выбраць сам Савет Рэспублікі. А прапанаваць кандыдатуру можа любы дэпутат», — патлумачыў ён.

У верхняй палаце Нацыянальнага сходу Радыё Свабода не змаглі ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю аб прызначэньні Міхаіла Мясьніковіча старшынём Савету Рэспублікі.

«Ня ведаю, ня буду нічога камэнтаваць, — заявілі Радыё Свабода ў прэс-службе Савету Рэспублікі. — Тое, што прагучала па тэлебачаньні, удакладніце, калі ласка, у тых, у каго гэта прагучала. Я ня бачыў ніякіх афіцыйных дакумэнтаў па дадзеным пытаньні».

Тым часам сёньня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале быў апублікаваны Ўказ прэзыдэнта № 647 аб прызначэньні Мясьніковіча чальцом Савету Рэспублікі. Адначасова зьявілася паведамленьне пра тое, што Савет Рэспублікі зьбярэцца на пазачарговую сэсію 15 студзеня. Але пра прызначэньне экс-прэм’ера старшынём верхняй палаты нічога не паведамляецца.

Таксама ў праграме «24 гадзіны» тэлеканалу СТВ адзначалася, што Лукашэнкам узгодненыя кандыдатуры былога старшыні Нацыянальнага банку Надзеі Ермаковай і былога віцэ-прэм’ера Пятра Пракаповіча на пасады старшыняў назіральных радаў банкаў «БелВЭБ» і «БПС-Сбербанк».

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што прэзыдэнт ня мае права прызначаць старшыню назіральнай рады ў камэрцыйны банк.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Старшыня назіральнай рады — гэта прадстаўнік уласьнікаў. Уласьнікі гэтых банкаў — Расея, расейскія банкі. Таму менавіта яны будуць прызначаць — магчыма, па парадзе Лукашэнкі. Але прызначаць старшыню назіральнай рады прэзыдэнт не ўпаўнаважаны. Каб забясьпечыць ім такі цывілізаваны пераход і зьняць з высокай пасады людзей, якія выконвалі ўсе яго рашэньні, ён, магчыма, патэлефанаваў у Маскву і ўзгадніў, парэкамэндаваў іх прызначыць. Але дэ-юрэ ён ня можа прызначыць», — падкрэсьліў былы старшыня Нацбанку.

Атрымаць камэнтары ад прадстаўнікоў «БелВЭБ» і «БПС-Сбербанку» па гэтай праблеме Радыё Свабода пакуль ня можа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG