У аднаго майго аднакурсьніка быў брат, якога ён лічыў аўтарытэтам для сябе. Той вучыў: калі ў цябе настрой зайшоў у тупік, трэба напіцца або праспаць суткі. Альбо тое і тое разам. Але для мяне такія рэцэпты непрыдатныя. І ўставаць пасьля васьмі не люблю, можа галава разбалецца ад перасыпу.
Аднак рэцэпт ад брата былога аднакурсьніка перакрэсьліваць зусім нельга. Гады вучаць: празьмерна здаровы лад жыцьця (прынамсі калі яго гэтак афішуюць) таксама можа давацца ў знакі, прычым іншым людзям, чужым, незнаёмым, мільёнам, якіх не цікавяць твае цягліцы і голы торс у тэленавінах. Цяпер я думаю: лепей бы той Пуцін напіўся аднойчы і праспаў суткі-двое. А ён засяродзіўся на сваёй крыўдзе, што яго Абама ня любіць, і падсыпаў сабе ў рану солі, каб атрымаць яшчэ больш пякотнай асалоды. Ах, як смыліць! Баста, ніякіх больш ножак Буша! Ніякага «Бардо»! «Іскандэры» ў Крым! Неадкладна!
Расейцы, канечне, «душы ня чаяць» у сваім куміры і гатовыя за яго хоць з жабрачымі торбамі. Але мы тут пры чым? Аднак беларусы мусяць цяпер таксама расплачвацца за ягоныя панты. А ў наступным годзе нас можа зусім чакаць катастрофа, што здарылася пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Цэлы 2011-ы рубель трасцай трэсла, валюта адусюль зьнікла, людзі вобмільгам зьбяднелі. Адзін пажылы чалавек мне скардзіўся на вуліцы, што сума на кніжцы адразу схуднела на пяцьсот даляраў. А што было з крэдытамі?! Асабліва калі іх бралі ў валюце? Але такая, значыць, цана прэзыдэнцкай кампаніі. Хто гарантуе, што наступная будзе каштаваць менш?
Жыцьцё (заробкі, пэнсіі) пачало наладжвацца толькі ў 2012-м і не адразу. Словам, пажылі больш-менш спакойна няпоўныя тры гады. І зноў абвал! Прычым напярэдадні Новага году. І сёньня я глядзеў бязь ценю іроніі на завіханьне землякоў у крамах з тэлевізарамі і пральнымі машынамі, а таксама ў супэрмаркетах, дзе, здавалася, яны прагнулі атаварыцца амаль на ўсё астатняе жыцьцё. Нават ім спачуваў разам з нашым дзяржкантролем, які выводзіў на чыстую ваду несумленных крамнікаў, што перад носам зачынялі дзьверы, каб флямастэрам пераправіць цэньнікі з улікам «30-працэнтнай камісіі на продаж валюты».
Ну як не зразумець сваіх людзей сёньня? Усе спадзяваліся на адносную фінансавую стабільнасьць. Нехта яшчэ ня выплаціў свой крэдыт, нехта ўзяў новы. Людзі мараць пра новую кватэру, будуюць дом. А навучаньне дзяцей ва ўнівэрсытэце? Невытлумачальная вялікая аплата пасьля Новага году падскочыць значна больш, чым бывае звычайна. А клопаты са здароўем, лекі? Апошнія дні ў прыватным мэдцэнтры былі натоўпы: усе пабеглі здаваць за плату аналізы (а, напрыклад, пры вызначэньні алергенаў толькі за адзін трэба аддаць пяцьсот тысяч). Мне таксама штосьці ўдавалася залатвіць, нешта адкладаў, бо каштавала, і цяпер разумееш, што сэканоміць у такой краіне – марныя надзеі, заўтра заплаціш значна больш.
Пуцін вырашыў зрабіць беларусаў таксама адказнымі за Крым і Данбас, хаця беларускае начальства не прызнала анэксіі саюзьнічкам і выступіла супраць стварэньня хімэры пад назвай «Наваросія». Крым б’е па кішэнях беларусаў і дастаткова моцна. І будучы год у імгле, і язык не паварочваецца жадаць па савецкай звычцы «новага шчасьця» і «всех благ».
А што да Расеі, то там усё будзе ў парадку, супакоіў Пуцін, маючы на ўвазе самога сябе: ніякіх палацавых пераваротаў не прадбачыцца — у сувязі «з адсутнасьцю палацаў». Але гэта чыстай вады лукаўства. Асабліва Польскае тэлебачаньне, калі сюжэт пра Пуціна, любіць круціць славуты ягоны праход скрозь шыкоўныя залі царскага Крамля. Салдаты ў гусарскіх шапках расчыняюць высозныя дзьверы, паўсюль аграмадныя арлы, усё зьзяе пазалотаю. А нябачны чалавек голасам «Савецкага інформбюро» альбо «Цэнтральнага тэлебачаньня» ўрачыста абвяшчае: «Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімір Уладзіміравіч…»
Паходачка невысокага, напачатку няўпэўненага ў сабе чалавека, што апынуўся раптам на самых вышынях, учора яшчэ звычайнага чыноўніка. Мне ўспамінаецца ў такія хвіліны наш сяржант Дзёшаў, росту з Пуціна ці нават зь Мядзьведзева зусім. Як ён крочыў гэткай пуцінскай паходкай па пляцы, каб адрапартаваць: таварыш маёр, узвод пастроены для сьледаваньня ў сталоўку!
Маленькі чалавек бяз рамак — непрадказальны чалавек. Яго прыход супаў з новым патокам нафтадаляраў, што ён успрыняў за асабістую заслугу. Ня ён трапіў у патрэбным часе ў Крэмль, калі становішча Расеі стала паляпшацца, а яно палепшылася толькі менавіта дзякуючы яму! Гэта вынікала з далейшых паводзінаў. Але распараджацца морам нафты не азначае быць эканамістам. Калі б ён займаўся ў сваім мінулым жыцьці эканамічным шпіянажам, можна было б западозрыць у ім здольнасьці да лекаваньня гаспадаркі…
І сёньня ён зь сябрынай ува ўсім сваім бляску, Пуцін Крымскі, як быў Сувораў Рымніцкі (ці Ізмаільскі?). Хоць абразы малюй. І паўсядзёншчына яго больш не датычыць. Колькі зарабляюць яго дзяржаўныя алігархі? Ён ня ў курсе дзела. А які ў самога заробак? Адказаць ня можа, ня ведае, ніколі не цікавіўся. Як вы не разумееце: ён вышэй за гэта!
Але па-ранейшаму ён так хварэе за Расею, што спаць спакойна ня можа! І дзеліцца ў тэлевізары сваімі страхамі. Яму сьніцца алімпійскі мішка, цяпер жыхар бязьмежнай тайгі, якому злыя амэрыканцы важацца выдзерці іклы і кіпцюры. І ён абавязаны абароніць мішку ад НАТО нават цаною рубля, свайго і беларускага.