Былы гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў пакараны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з выплатай стратаў у памеры 1,9 мільярда рублёў.
Жонка Алена не задаволеная прысудам, разьлічвала на апраўданьне, бо лічыць мужа невінаватым. Прысуд зьбіраецца абскарджваць.
Мальцава прызналі вінаватым у злоўжываньнях уладай альбо службовым становішчам з нанясеньнем асабліва вялікіх стратаў.
8 сьнежня дзяржаўны абвінаваўца скарэктаваў абвінавачаньне — зьнікла фармулёўка «паразтаванне службовых паўнамоцтваў». Пракурор заявіў: Мальцаў, будучы гендырэктарам, праз асабістую зацікаўленасць пры выбары пастаўшчыка абсталяваньня лябіяваў інтарэсы турэцкай кампаніі. Калі яна, парушыўшы кантракт, пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталяваньня, Уладзімір Мальцаў не зрабіў крокаў у адказ.
Усё пачалося 8 лістапада 2013 года, калі Аляксандар Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Пачалося расьсьледаваньне. Уладзімір Мальцаў быў узяты пад варту ў сакавіку сёлета, суд пачаўся ў верасьні.