Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адэкватная рэакцыя беларускіх уладаў на абвал расейскага рубля?


Расейская валюта працягвае падаць усьлед за зьніжэньнем нафтавых цэнаў. Чым гэта пагражае беларускай эканоміцы? Што павінны былі б рабіць беларускія ўлады ў гэтай сытуацыі? Як можна ацаніць іх рэакцыю на пагрозы з Расеі?

Удзельнікі: фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб і прафэсар Барыс Жаліба.

Чым пагражае беларускай эканоміцы абвал расейскага рубля?

Валер Карбалевіч: «Расейскі рубель працягвае крутое піке. Як гэты працэс адбіваецца на Беларусі? Можа, Беларусі гэта выгадна? Вось жа тысячы беларусаў цяпер едуць у Расею, каб купіць там дарагія тавары, бо яны там таньнейшыя. Дык чым гэта пагражае беларускай эканоміцы?»

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб: «Расея — асноўны рынак збыту для беларускай вытворчасьці. І калі падае расейскі рубель, то беларуская прадукцыя на расейскім рынку даражэе і страчвае сваю цэнавую канкурэнтаздольнасьць. Як вынік, падае ўзровень экспарту беларускіх тавараў у Расею, зьмяншаецца паступленьне валюты ў краіну. І гэта ставіць пад пагрозу фінансавую стабільнасьць у краіне».

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Барыс Жаліба: «Так, у Расеі за „чорным панядзелкам“ наступіў „чорны аўторак“. Праблема для беларускай эканомікі палягае ў тым, што расейцы разьлічваюцца за беларускую прадукцыю расейскімі рублямі. А яны таньнеюць.

А беларусам, якія маюць даляры ці эўра, выгадна ехаць у Расею і купляць там тавары. Раней беларусы вывозілі валюту ў Польшчу ці Літву, а цяпер павезьлі і ў Расею».

Што трэба рабіць беларускім уладам у гэтай сытуацыі?

Карбалевіч: «Цяпер ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах спажывецкія тавары таньнейшыя, чым тут. Што трэба рабіць цяпер беларускім уладам, каб расейскі крызіс не пацягнуў за сабою і беларускую эканоміку?»

Іосуб: «Тут насамрэч два пытаньні. Першае: што трэба рабіць? Другое: што будзе зроблена? Калі адказваць на першае пытаньне, то трэба надаваць большую гнуткасьць курсу беларускага рубля. Цяперашні рэжым утварэньня курсу (калі рубель прывязаны да даляру, і даляр даражэе ня больш, чым на 10 рублёў за адны таргі) быў уведзены ў лістападзе мінулага году. З таго часу вакол Беларусі адбылося шмат падзей: дэвальвацыя ў Расеі, Украіне, Казахстане. Але працэс утварэньня курсу беларускага рубля такі, нібыта нічога вакол не адбываецца. Гэта ідзе насуперак любым эканамічным законам і нават насуперак здароваму сэнсу.

Калі Расея ня выдзеліць крэдытаў, то дацягнуць цяперашнюю фінансавую палітыку да канца выбарчай кампаніі не атрымаецца, рэсурсаў ня хопіць

Цяпер наконт таго, што насамрэч будзе зроблена. Праблема ў тым, што наступае перадвыбарчы год. Таму беларускія ўлады, насуперак эканамічнай лёгіцы, будуць імкнуцца не мяняць цяперашні рэжым утварэньня курсу да канца выбараў. Але для такога штучнага ўтрыманьня курсу патрэбныя рэсурсы. Тут надзея на новыя расейскія крэдыты. Калі ж Расея ня выдзеліць крэдытаў, то дацягнуць цяперашнюю фінансавую палітыку да канца выбарчай кампаніі не атрымаецца, рэсурсаў ня хопіць».

Жаліба: «Цяжка даваць парады. З макраэканамічнай заканамернасьці — трэба павялічыць хуткасьць аслабленьня беларускага рубля да ўзроўню расейскай дэвальвацыі.

Але, акрамя палітычнага фактару (выбарчы год), ёсьць яшчэ адна праблема. Як адрэагуюць на значнае аслабленьне беларускага рубля нашы грамадзяне, якія маюць банкаўскія дэпазыты. Ва ўсіх ў памяці крызіс 2011 году. І гэты сындром жыве. А больш за палову рублёвых рэсурсаў банкаў — гэта ўклады насельніцтва. Таму любы варыянт дзеяньняў мае плюсы і мінусы».

Як можна ацаніць рэакцыю беларускіх уладаў на пагрозы з Расеі?

Карбалевіч: «Наколькі дзеяньні ўладаў адэкватныя той пагрозе, якая існуе для беларускай эканомікі ад расейскага крызісу? З апошніх выступаў Лукашэнкі вынікае, што ён прапануе два варыянты дзеяньняў — дывэрсыфікацыя беларускага экспарту і умацаваньне дысцыпліны. Лукашэнка падпісаў у панядзелак новы дэкрэт, які падвышае патрабаваньні і да начальнікаў, і да працоўных. Ці эфэктыўныя такія мэтады барацьбы з крызісам?»

Іосуб: «Праблему дывэрсыфікацыі экспарту трэба вырашаць. Але гэта задача доўгатэрміновая. Нават за 2-3 гады нельга памяняць кардынальна рынкі збыту. Барацьба з дармаедамі і за ўмацаваньне дысцыпліны не зьяўляецца адказам на выклікі, якія паўсталі перад Беларусьсю.

Таксама нельга зьмякчаць грашова-крэдытную палітыку пад ціскам прамысловага лобі. Цяпер, калі павялічацца тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля, і можа пачацца зьняцьце банкаўскіх укладаў, то праблему давядзецца вырашаць рэзкім ростам ставак і па дэпазытах, і па крэдытах».

Незалежныя эканамісты даўно папярэджвалі беларускія ўлады, што арыентацыя на эканоміку адной краіны да дабра не давядзе

Жаліба: «Рэальных дзеяньняў беларускіх уладаў пакуль няма. Урад і Нацбанк яшчэ думаюць. А барацьба за ўмацаваньне дысцыпліны — гэта ня новы мэтад, а стары. Кантрактная сыстэма і так робіць наёмных работнікаў бяспраўнымі. Куды далей закручваць гайкі?»

Іосуб: «Нельга казаць пра ўрад і Нацбанк як пра адзін орган. Дыскусіі паміж гэтымі структурамі ўжо выходзяць у публічную плашчыню. Трэба ўважліва глядзець на рэцэпты, якія прапануюць Усясьветны банк і МВФ. Іх высновы грунтуюцца на досьведзе, атрыманым падчас падобных крызісаў у іншых краінах. Патрэбная палітычная воля, каб прымаць рашэньні, нават непапулярныя сярод насельніцтва».

Жаліба: «Незалежныя эканамісты даўно папярэджвалі беларускія ўлады, што такая пераважная арыентацыя на эканоміку адной краіны да дабра не давядзе. Тое, што мы цяпер бачым, пацьвярджае гэтую выснову».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG