Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Сьвятлана Куль — больш не прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэта


Сьвятлана Куль
Сьвятлана Куль

Яшчэ адна яскравая прадстаўніца гарадзенскай гістарычнай школы больш не патрэбная дзяржаўнай навучальнай установе, зь якой зьвязала амаль 40 год свайго жыцьця. Але добрыя ўмовы для спэцыяліста яе кваліфікацыі знайшліся ў суседняй Польшчы.

«Усё, з 29.12.14 не працую ў Гарадзенскім унівэрсытэце. Кантракт на 0,25 стаўкі не аднаўляюць. Кажуць, не адпавядаю. Гэта радуе. Цяпер адпавядаць унівэрсытэту ў Горадні — гэта сорам», — напісала гісторык у сваім Фэйсбуку.

Сьвятлана Куль паступіла ў Гарадзенскі ўнівэрсытэт ў 1976 годзе, там стала доктарам навук, прафэсарам; праз два гады было б сорак год, як яна зь ім зьвязаная. Аднак моцна не шкадуе, што давялося зь ім разьвітацца. Як месца працы Гарадзенскі ўнівэрсытэт яе ўжо ня мог задавальняць. Увогуле шкадаваньняў няма, — кажа сёньня сама Сьвятлана.

Па-першае, яна ведала наперад, што ад яе могуць пазбавіцца. Ведала з таго часу, як падпісала ліст у абарону Андрэя Чарнякевіча, першага са звольненых з ГрДУ гісторыкаў. Яна адна выступіла супраць звальненьня сваёй калегі Іны Соркінай, што здарылася на пачатку гэтага году. Канечне, яна свае дзеяньні пралічвала. На той момант ужо некалькі гадоў працавала ў Беластоцкай палітэхнічнай акадэміі, дзе кантракт зь ёй працягнулі цяпер на шэсьць гадоў. Яна тады сама сказала, што ня зможа працаваць там, дзе на месца актыўнага выкладчыка ўзялі пэнсіянэра, які не вызначаўся навуковымі дасягненьнямі. А начальства звольніць яе не магло, пакуль яна не дасягнула пэнсійнага (55-гадовага) узросту — у верасьні.

Сьвятлана Куль заставалася на чвэрць стаўкі ў Гарадзенскім унівэрсытэце, каб перадаць свае курсы маладому выкладчыку. Сярод курсаў, напрыклад, палеаграфія, старажытнае пісьмо. Трэба ўмець працаваць са старажытнымі рукапісамі, з календарамі, кажа гісторык. Цяпер даведзеная да заканчэньня і праца з чатырма асьпірантамі: яны падрыхтавалі тэксты дысэртацыяў. Так што можна пакінуць ранейшае месца працы без шкадаваньня, прызнаецца Сьвятлана Куль.

Як адбылося звальненьне?

Прафэсар Куль кажа, што мела права не паказвацца на катэдры, паколькі працуе на чвэрць стаўкі і ў бягучым сэмэстры ня мела заняткаў і кансультацыяў. У яе нават няма працоўнага месца: ні стала, ні крэсла, ні кампутара — нічога. Толькі шуфляда, каб скласьці свае папкі.«А ў іх пачалася паніка. Таму што яны напісалі 29 лістапада ліст, што са мною разрываюць кантракт. І я павінна была падпісацца пад ім. Але мне ніхто не сказаў пра гэта. І абвясьцілі вымову, што няма мяне на працы. А напярэдадні яны яшчэ правялі атэстацыю, 26 лістапада. І прызналі, што я цалкам адпавядаю пасадзе, якую займаю».

А чаму ўсё ж не шкада разьвітвацца са сваёй роднай альма матэр?

Таму што плянамерна пралічана, пастаўлена мэта — зьнішчыць гістфак.

Сьвятлана Куль адказвае: «Таму што плянамерна пралічана, пастаўлена мэта — зьнішчыць гістфак. Проста так яны яго закрыць ня могуць. Прыбіраюць тых людзей, якія працавалі на будучыню факультэта. З гэтага году не праводзіцца больш набор гісторыкаў на завочнае, і на стацыянар скарочаны набор» (Раней яго пераўтварылі ў факультэт гісторыі, турызму і камунікацыяў).

А як у Польшчы?

У Польшчы яна мае свой кабінэт з аргтэхнікай. Палітэхнічная акадэмія дала ёй двухпакаёвую кватэру як сацыяльнае жытло, за камунальныя паслугі яна плаціць усяго трыццаць злотых (крыху менш за дзесяць даляраў). Ёсьць трынаццаты заробак і тысяча даляраў на год для навуковых камандзіровак і ўдзелу ў канфэрэнцыях. А ў Горадні, каб некуды паехаць, трэба было браць адпачынак за свой кошт, інакш не адпускалі. І прыплата да адпачынку і нагрузка — толькі дзьвесьце гадзінаў навучальных, а ў Горадні было — васямсот. А заробак — максымум шэсьць—шэсьць з паловай мільёнаў рублёў.

У Беластоцкай палітэхнічнай акадэміі Сьвятлана Куль выкладае свае дысцыпліны — гісторыю сусьветнай архітэктуры і мастацтва, гісторыю культуры. Курсы сама пераклала на польскую мову. І ёсьць яшчэ два курсы па эканоміцы турызму. Застаецца час на навуку. А ў Горадні шмат часу ў выкладчыкаў займае папяровая праца, якой павінны займацца лябаранты, кажа гісторык.

Настальгія?

Беласток — недалёка ад Горадні, але зь іншага боку мяжы. Ці адчуваецца настальгія? Настальгію Сьвятлана Куль адчувае, тое што настальгія ёсьць — гэта «на дзьвесьце працэнтаў» так, кажа гісторык. Не хапае беларускай аўдыторыі, але затое ёсьць кантакты ў сацыяльных сетках з калегамі і студэнтамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG