Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў: Калі надыдзе час бараніць незалежнасьць, то беларусам варта брацца за зброю

абноўлена

Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў

Па выхадзе з турмы палітвязень Васіль Парфянкоў заявіў, што застаецца нацыяналістам і будзе працягваць грамадзкую дзейнасьць.

5 сьнежня з Горацкай папраўчай калёніі № 9 вызвалілі палітвязьня Васіля Парфянкова. Васіль адбываў пакараньне за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, які за ім усталявалі пасьля затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з удзельнікамі Плошчы 2010.

Самога Парфянкова першага асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году. Пасьля таго, як адседзеў паўтара гады, Васіль быў вызвалены праз памілаваньне Аляксандра Лукашэнкі. Але потым — адзіны з былых палітвязьняў, зьняволеных за Плошчу — зноў апынуўся за кратамі.

З турмы Васіля Парфянкова вывелі а палове на сёмую раніцы. Пасадзілі ў машыну і ў суправаджэньні міліцыянтаў прывезьлі на горацкі вакзал, акурат перад адпраўленьнем цягніка на Воршу. Траім журналістам міліцыянты, пагражаючы арыштам, не дазволілі ехаць тым жа цягніком, што і Парфянкову. Тыя, хто прыехаў сустракаць актывіста на волі, змаглі пабачыцца зь ім ужо толькі на вакзале ў Воршы.

Парфянкоў: Я — нацыяналіст да мозгу касьцей
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00

Сустрэча адбылася ўжо на вакзале ў Воршы.

«Як дровы, закінулі ў машыну. Не далі патэлефанаваць. Я бачыў, што людзі прыйшлі сустракаць мяне да турмы. Казаў: „Дайце я зьеду спакойна. Ня будзе тут мітынгаў аніякіх“. Відаць, у міліцыянтаў быў загад. Яны нават не назваліся. Сёньня я буду дома побач са сваімі роднымі і блізкімі. У мяне там прыемныя зьмены. Нарадзілася дзіця. Хочацца яго пабачыць. Хочацца трапіць сёньня дахаты хутчэй», — гэткімі былі першыя словы на волі Васіля Парфянкова.

Актывіст заявіў, што большую частку зьняволеньня правёў у адзіночцы. Неаднойчы яго каралі штрафным ізалятарам.

Я ж адказваў, што ня страшна, калі ты адзін, страшна, калі ты нуль. А яны мне: „Такі разумны? Тады пасядзі ў адзіночцы. Падумай“

«Адна прагулка ў дзень была. Паўгадзінкі. У маленькім дворыку, у жалезнай клетцы. Ні на якую працу я не хадзіў. Там, у Горках, яшчэ добра памятаюць Зьмітра Дашкевіча. Ён, відаць, там добра пасядзеў. Адміністрацыя злая на яго. Злыя яны былі і на мяне. Страшылі, што згнояць у адзіночцы. Я не падпісваў аніякіх абавязальніцтваў. Я ім казаў, што я сяджу незаконна, якія абавязальніцтвы. Яны адказвалі, што згнію ў адзіночцы. Я ж адказваў, што ня страшна, калі ты адзін, страшна, калі ты нуль. А яны мне: „Такі разумны? Тады пасядзі ў адзіночцы. Падумай“».

Васіль заявіў журналістам, што, на ягоную думку, за час адседкі мала што зьмянілася на волі. Ціск на актывістаў апазыцыі працягваецца:

«Ведаю, што пасадзілі Андрэя Бандарэнку. Пасадзілі Рубцова. Ціск працягваецца. Людзі, якія не баяцца нешта казаць, бараніць сваю думку — яны як і раней застаюцца бяспраўнымі. Не застрахаваныя ад таго, што могуць трапіць за краты. Трэба нешта мяняць. Пакуль ня ведаю, як і якім чынам».

Паводле Васіля, яму шмат лістоў прыходзіла з Украіны. Пісалі хлопцы з Майдану і з фронту. Лістоў ад беларускіх сяброў, казаў актывіст, прыходзіла менш. З гэтага ён робіць высновы, што лісты зь Беларусі ў калёнію не прапускалі. Васіль рады за ўкраінцаў, якія здолелі зьмяніць палітычны рэжым. Ганарыцца тым, што ў яго жылах цячэ ўкраінская кроў. Сябе ён лічыць беларускім нацыяналістам:

Я нацыяналіст да мозгу касьцей. Але я нацыяналіст, як казаў Лукашэнка, у лепшым сэнсе гэтага слова

«Я нацыяналіст да мозгу касьцей. Але я нацыяналіст, як казаў Лукашэнка, у лепшым сэнсе гэтага слова. Я не хачу вайны і не хачу крыві, як тое адбываецца цяпер ва Ўкраіне. Але, калі да гэтага дойдзе, давядзецца браць кулямёт, аўтамат. Цярпеньня няшмат застаецца. Украіна паўстала, украінцы адчулі сябе нацыяй. Хацелася б, каб і нашы людзі адчулі, што яны — беларусы. Што мы гаспадары на гэтай зямлі, і нам вырашаць, як нам быць тут і як працаваць».

Васіль кажа, што ў калёніях зашмат асуджаных, якія маглі б сваю правіну адрабляць інакш, чым сядзець у турмах. Паводле яго, цяперашняя сыстэма пакараньня не адпавядае сучасным патрабаваньням, і яе трэба мяняць.

Сам Васіль на волі будзе пад наглядам. Яму давядзецца два разы на месяц прыходзіць на адзнаку да міліцыянтаў і ад дзясятай вечара знаходзіцца дома.

Даведка Свабоды:

Васіль Парфянкоў нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы № 163. Атрымаў будаўнічую прафэсію «майстар аддзелачных работ», працаваў рабочым у прыватных будаўнічых кампаніях, аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку Менску. Не жанаты.

Удзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001–2002 г. Быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з «Маладым фронтам» і «Зубром». Неаднаразова бываў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя тэрміны за грамадзкую актыўнасьць.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. 17 лютага судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі.

Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Выйшаў на волю 13 жніўня 2011 году.

Былы вязень Плошчы Васіль Парфянкоў 5 сьнежня 2013 году быў асуджаны на адзін год зьняволеньня за парушэньне умоў прэвэнтыўнага нагляду, які за ім усталявалі пасьля затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG