Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО — Расеі: ці павага міжнароднага права, ці ізаляцыя


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Альянс НАТО рыхтуецца 2 сьнежня на ўзроўні міністраў замежных спраў прааналізаваць узровень гатоўнасьці да выклікаў, зьвязаных з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне і яе падвышанай ваеннай актыўнасьцю ў Эўропе й сьвеце.

У той час, як Масква патрабуе гарантыяў непашырэньня НАТО на ўсход, кіраўніцтва альянсу нагадвае, што падобныя вета — непрымальныя, а Расея мае выбар: альбо вярнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, або апынуцца ў поўнай ізаляцыі.

Генэральны сакратар НАТО, нарвэжац Енс Столтэнбэрг сваёй пазыцыі не зьмяняе: Расея павінна вярнуць Крым, адклікаць сваё войска, спыніць падтрымку канфлікту на Данбасе тэхнікай і вайскоўцамі ды вярнуцца да павагі міжнародных законаў і прынцыпаў.

У той жа час, улічваючы тое, што Масква толькі ўзмацняе сваю агрэсію ў дачыненьні да суседзяў і разгортвае цэлую правакацыйную ваенную стратэгію на межах НАТО, на яе варта працягваць ціск. У прыватнасьці, кіраўнік альянсу заклікаў падтрымаць і далучацца да эканамічных санкцыяў, накіраваных на Расею, як мага больш дзяржаў сьвету, перадае з Брусэля карэспандэнт Свабоды.

«Я лічу, што эканамічныя санкцыі маюць вялікае значэньне. Рашэньне па іх ўкараненьні ўхваляла ня НАТО, а Эўразьвяз, ЗША і шэраг іншых дзяржаў, — заявіў кіраўнік НАТО. — Але я вітаю санкцыі, таму што лічу, што калі краіна ажыцьцяўляе агрэсію, накшталт дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, то павінныя быць наступствы. Я, вядома, хацеў бы, каб як мага больш краінаў далучыліся да гэтых санкцыяў, паколькі важна, каб былі наступствы для дзяржавы, якая парушае міжнароднае права».

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага саюза адзначае, што лепшай дапамогай у вырашэньні гуманітарных праблемаў Данбасу сталі б не расейскія «гуманітарныя канвоі», а рэальнае спыненьне агню і непахіснасьць украінскіх межаў.

Затое, заяўляе Столтэнбэрг, Расея падсілкоўвае канфлікт: аказвае падтрымку, дае абсталяваньне, дапамогу сэпаратыстам і парушае рэжым спыненьня агню.

Ніводная краіна ня можа накладваць вета на ўступленьне ў НАТО — Столтэнбэрг

Гэтак жа, НАТО ня будзе даваць ніякіх гарантыяў ні Расеі, ні любому іншаму трэцяму боку што да «неўступленьня» Ўкраіны ці Грузіі ў арганізацыю, заяўляе Енс Столтэнбэрг.

«Ужо сама гэтая ідэя прадстаўленьня якога-небудзь віду гарантыі супярэчыць асноватворным прынцыпам, на якіх мы заснаваныя, — тлумачыць ён. — Рашэньне далучацца да НАТО зьяўляецца часткай незалежных і сувэрэнных дзяржаў. Таму, мы ня можам і ня хочам даваць якіх-небудзь гарантыяў, бо мы прытрымліваемся палітыкі „адкрытых дзьвярэй“, што зьяўляецца вельмі пасьпяховым».

Гэта кампэтэнцыя выключна Паўночнаатлянтычнага саюза і краіны, якая жадае да яго далучыцца, дадае кіраўнік НАТО. Ніводзін трэці бок ня можа накладваць вета на пашырэньне арганізацыі, адзначае ён.

Між тым, з Крамля ў панядзелак зноў гучалі заявы, быццам падтрымка Ўкраіны з боку НАТО мае дэструктыўны характар і яшчэ больш расколвае ўкраінцаў. Намесьнік кіраўніка расейскага МЗС Васіль Нябензя, у прыватнасьці, заявіў, што рашэньне апошняга Валійскага саміту альянсу разам з анансаванымі плянамі правядзеньня сумесных вучэньняў НАТО і ўкраінцаў на тэрыторыі Ўкраіны да канца гэтага году «відавочна не спрыяюць мірнаму працэсу і толькі ўзмацняюць раскол ва ўкраінскім грамадзтве».

Між тым, як сьведчаць дадзеныя апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, узровень падтрымкі насельніцтвам Украіны ідэі адмаўленьня ад пазаблёкавага статусу дзяржавы і набыцьця сяброўства ў НАТО няўхільна расьце.

Падсумоўваючы цяперашні стан спраў у галіне адносінаў Расейскай Фэдэрацыі і НАТО, якія былі спыненыя з моманту анэксіі Крыма, старшыня арганізацыі Енс Столтэнбэрг дадаў, што Расея мае зрабіць выбар: альбо працягваць сваю агрэсію і станавіцца ўсё больш і больш ізаляванай, або вярнуцца да павагі да міжнароднага права і прынцыпаў і аднавіць супрацоўніцтва з НАТО для ўзаемнай выгады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG