Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За фатасэсію з птушкамі і клеткамі — штрафы ад 2,7 да 3 мільёнаў


У Чыгуначным раённым судзе Віцебску адбыліся суды за фатаграфаваньне на фоне графіці. Усіх прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Зьмітра Казакевіча і Алену Сьцяпанаву аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (то бок на 3 мільёны рублёў кожнага), а актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алену Шабуню — на 18 базавых, на 300 тысяч менш — з улікам таго, што ў яе трое дзяцей і яна не працуе.

У сярэдзіне лістапада на пяцёх віцебскіх журналістаў і грамадзкіх актывістаў склалі міліцэйскія пратаколы — за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Адзіны «доказ» у справах, да якога апэлююць міліцыянты, — гэта фатаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з графіці. 28 лістапада адбыліся суды над трыма фігурантамі справы.

Аб 11-й раніцы пачаўся працэс над Зьмітром Казакевічам. Доўжыўся ён 20 хвілін, кажа Зьміцер:

«Я настойваў на тым, што гэта была мастацкая акцыя, мастацкая фатасэсія, што мне вельмі спадабалася графіці на сьцяне будынку сваёй мастацкай ідэяй. Судзьдзя запыталася, у чым мастацкая ідэя. Я адказаў, што гэта проста прыгожа. Адзіным доказам у міліцыянта быў тэкст з інтэрнэту і раздрукоўка тэхнічных дадзеных здымку. Ён на судзе таксама падтрымаў напісанае ім жа ў пратаколе абвінавачаньне: што гэта было пікетаваньне».

Судзьдзя Алена Цыганкова адразу ж вынесла рашэньне: 20 базавых, то бок 3 мільёны.

Пасьля абеду працэсы над Аленай Сьцяпанавай і Аленай Шабуняй вёў судзьдзя Дзяніс Губанаў.

Алене Сьцяпанавай падаецца дзіўным ужо тое, як была заведзеная гэтая справа. Маёр Рыбакоў, які прысутнічаў на працэсе, распавёў, што праз два тыдні пасьля зьяўленьня здымкаў у інтэрнэце ў Чыгуначны РАУС прыйшоў загад разабрацца з удзельнікамі пікету з абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў:

«Ён распавёў, што ўсе матэрыялы яму прыйшлі ўжо гатовыя. І пакараньні аднатыпныя. Ну, Алене Шабуні — з улікам непаўналетніх дзяцей — ажно на дзьве базавыя менш. А што тычыцца працэсу майго і працэсу Зьмітра Казакевіча — прысуды пад капірку. У мяне быў адвакат, працэс даўжэйшы. А ягоную справу разгледзелі за 20 хвілін. Але прысуды аднолькавыя. І абвінавачаньні грунтуюцца выключна на меркаваньнях складальніка пратаколу маёра Рыбакова, які і не хаваў сваіх аргумэнтаў, кшталту „мне падаецца“, „я прачытаў“, „я так лічу, таму што мне падаецца“...»

Я спытала: „Пакажыце, дзе, у якім законе прапісана, што на фатаграфаваньне са знаёмымі патрэбны дазвол?“ Адказу на гэтае пытаньне ніхто ня даў

Да Алены Шабуні суд паставіўся больш гуманна — улічыў зьмякчаючыя віну акалічнасьці: непаўналетніх дзяцей і тое, што яна не працуе. У выніку — ня 3 мільёны, як астатнім, а 2 мільёны 700 тысяч. Алену Шабуню таксама ўразілі аргумэнты міліцыянта Рыбакова:

«Міліцыя дала запыт у адміністрацыю Чыгуначнага раёну, ці падавалі мы заяўку на арганізацыю пікету. З адміністрацыі далі адказ, што ніхто падобных заявак не падаваў, і, адпаведна, дазволу не было на пікетаваньне. Значыць, мы правялі несанкцыянаваную акцыю. Я спытала: „Пакажыце, дзе, у якім законе прапісана, што на фатаграфаваньне са знаёмымі патрэбны дазвол?“ Адказу на гэтае пытаньне ніхто ня даў».

1 сьнежня — працяг судовых працэсаў у Віцебску. Будуць судзіць журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяну Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG