Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы парлямэнт Ўкраіны — пустыя месцы ад сэпаратысцкіх тэрыторыяў


Ахова каля будынку Вярхоўнай Рады ў Кіеве 27 лістапада
Ахова каля будынку Вярхоўнай Рады ў Кіеве 27 лістапада

Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны мінулага скліканьня Аляксандр Турчынаў адкрыў ўрачыстае пасяджэньне новага парлямэнту. У зале прысутнічалі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, былыя прэзыдэнты Леанід Краўчук і Леанід Кучма, прэм’ер-міністар Арсеній Яцанюк, чальцы ўраду, былыя старшыні парлямэнту.

На першым пасяджэньні новаабраныя дэпутаты прынялі прысягу.

Па стане на 26 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 419 з 423 дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

У парлямэнце будуць пустымі 27 месцаў, на якіх павінны быць прадстаўленыя дэпутаты ад Крыму і ад кантраляваных сэпаратыстамі частак Данецкай і Луганскай абласьцей.

Ужо сёньня мяркуецца абраць кіраўніцтва парлямэнту, аформіць стварэньне парлямэнцкай кааліцыі і ўнесьці кандыдатуру новага прэм’ера. Пра гэта заявіў старшыня дэпутацкай групы па падрыхтоўцы першай сэсіі новаабранага парлямэнта Ўладзімер Гройсман, дэпутат ад фракцыі Блёк Пятра Парашэнкі. Не выключана, што менавіта ён стане сьпікерам новай Рады.

Напярэдадні першай сэсіі Вярхоўнай Рады было заключанае кааліцыйнае пагадненьне, якое падпісалі 5 партый, абраных у Раду — «Блёк Пятра Парашэнкі», «Народны фронт», «Аб’яднаньне Самадапамога», Радыкальная партыя Алега Ляшка і Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Бацькаўшчына». Разам дэпутаты ад гэтых партый складаюць канстытуцыйную большасьць у Радзе.

Арсеній Яцанюк, адзін зь лідэраў «Народнага Фронту», зьяўляецца кандыдатурай кааліцыі на пасаду кіраўніка ўраду.

Як адзначаюць экспэрты, найвышэйшы заканадаўчы орган Украіны аднавіўся больш, чым напалову — 56 % дэпутатаў абраныя ўпершыню.

Зь мінулага складу ў Вярхоўную Раду пераабраліся больш за 150 дэпутатаў. Пры гэтым у новы парлямэнт прайшлі прынамсі 60 дэпутатаў, якія галасавалі за «дыктатарскія законы» 16 студзеня 2014 году. Гэтыя законы выкарыстоўваліся дзеля перасьледу ўдзельнікаў Эўрамайдану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG