Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ключ ад канфлікту на Донбасе ляжыць у Маскве — кіраўнік МЗС Літвы


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў Эўразьвяз да больш рашучай падтрымкі Ўкраіны, якая супрацьстаіць расейскай агрэсіі. У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Расьціславу Хоціну кіраўнік літоўскай дыпляматыі таксама заявіў, што пытаньне сяброўства Ўкраіны з НАТО мае вырашацца выключна самімі украінцамі ды Альянсам.

Чаму на Данбасе да гэтага часу няма міру? Хто вінаваты ў гэтым?

Вельмі шмат прычын. Ключ ад рашэньня, усё ж, я думаю, у Маскве. Калі б гэты канфлікт быў лякальны, як спрабуюць яго часам прадставіць, гэта было б зразумела. Але гэта ўсё ж такі агрэсія звонку, паколькі мы ведаем, што звонку паступаюць і войскі, і ракетныя ўстаноўкі, і танкі. Гэта падтрымка ўжо дзяржаўная. Так што ключ усё ж у Маскве. Пагатоў, што мы ня можам пераканацца, што гэтыя межы можна нэўтральна кантраляваць. Калі б гэта можна было зрабіць праз назіральнікаў АБСЭ, напрыклад, тады можна было б гэта вырашыць. Я думаю галоўная прычына менавіта ў гэтым.

Калі галоўная прычына ў тым, што Расея падтрымлівае сэпаратыстаў, чаму ЭЗ ня можа ўвесьці мацнейшыя санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі?

Некаторыя санкцыі ўводзяцца і яны працуюць, дарэчы, нягледзячы на камэнтары, што яны нічога не значаць. Гэта няпраўда. Але Вы маеце рацыю, я таксама так думаю, што мы павінны дзейнічаць больш аб’яднана, своечасова, а не запозьнена і паўмерамі. На жаль, такая рэальнасьць. Нам трэба часам ўзгадняць пазыцыі 28 дзяржаваў, чые тактыкі адрозьніваюцца, вось і вынік. Я думаю, было б добра, калі б мы былі больш пасьлядоўнымі, каб мы выконвалі тыя рашэньні, якія самі прымалі, каб каардынацыя была лепей з усімі гульцамі, у тым ліку з ЗША.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце на днях у Кіеве сказала, што ў дзеяньнях Расеі ёсьць прыкмета тэрарыстычных дзеяньняў. Вы маглі б расшыфраваць яе словы?

Яна сама патлумачыла, што яна мела на ўвазе. Яна казала пра тое, што туды накіроўваюцца войскі. Ім даецца ўказаньне зьняць апазнавальныя знакі. Дзяржава іх туды накіроўвае, гэта робіць ня нейкае прыватнае прадпрыемства. Мы іх называем «зялёнымі чалавечкамі». Ужо нават прызвычаіліся да гэтага тэрміну. Накіроўваюцца танкі, ракетныя ўстаноўкі. Як гэта тады можна называць інакш? Таму нам трэба задумацца над тым, што адбываецца. Тым больш, што адзін з бакоў, які, як я ўжо казаў, мае ключ ад рашэньня канфлікту, адмаўляе нават удзел у гэтым канфлікце. Вельмі складана тады казаць адкрыта. Вельмі складана ўжываць нейкія меры. Тое, што мы робім, гэта мінімум таго, што мы можам рабіць, — гэта, вядома ж, санкцыі. І, я б сказаў, не менш важная падтрымка ўкраінскага ўраду. Вядома, маючы на ўвазе, што, нягледзячы на вайну, ён павінен праводзіць рэформы. Я б сказаў, напэўна самае важнае для грамадзян Украіны — гэта барацьба з карупцыяй, адна з такіх балючых праблемаў, якія трэба сёньня вырашаць, а не чакаць, калі скончыцца вайна. Ёсьць шмат момантаў, але мы павінны падтрымаць Украіну ў палітычным пляне, у эканамічным, я думаю, і ў ваенным пляне. Тым больш, што ўкраінцы супрацьстаяць агрэсіі звонку.

Некалькі разоў Вы прапаноўвалі Эўразьвязу прызнаць так званыя «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі. Але ЭЗ не прыслухаўся да Вашай думкі, прынамсі пакуль што...

Гэта ў працэсе. Ведаеце, гэта не проста лёзунг або які крылаты выраз. Гэта павінна мець прававую аснову, і патрабуецца час для таго, каб усё гэта вырашылася. Думаю, усё ў працэсе.

Наколькі НАТО праявіла сябе дзейснай арганізацыяй? Наколькі канфлікт на ўсходзе Ўкраіны і анэксія Крыма засьпелі НАТО зьнянацку?

Думаю, «зьнянацку», магчыма, моцнае слова. Аказалася, што пагрозы бываюць не толькі звычайныя, але таксама могуць быць і асымэтрычныя. Ёсьць пагрозы, калі мы бачым адкуль яны ідуць, але гэтая дзяржава адмаўляецца ад гэтага. Напрыклад, кібэрнэтычная пагроза або інфармацыйная вайна, гэта мэтады, якія ня маюць нічога агульнага з звычайным ўзбраеньнем. Гэта азначае, што мы павінны старанна перагледзець нашы тэхналёгіі. І ваенныя кіраўнікі НАТО ведаюць пра гэта. Трэба час, каб яны падрабязна адрэагавалі на гэта.

Нядаўна была зроблена заява аб тым, што сама пэрспэктыва сяброўства Украіны ў НАТО прымушае Расею нэрвавацца. Як Вы лічыце, апазыцыя ўкраінскаму сяброўству ў НАТО ёсьць вэта з боку Масквы на сувэрэнныя рашэньні Ўкраіны і Альянсу? Як тут быць?

Трэба паважаць волю краіны. Кожная краіна мае права вырашаць сама, куды яна ідзе, чаму яна туды ідзе. Як хутка гэта ўсё атрымаецца, гэта ўжо іншая справа. Уступленьне Ўкраіны ў НАТО — гэта пытаньне ня толькі Украіны. Гэта таксама пытаньне і НАТО. Наколькі НАТО гатова прыняць Украіну? Напэўна ў Украіне таксама добра ведаюць аб тым, што ёсьць пэўныя ўмовы, якія трэба выканаць. То бок тут ёсьць працэс. Але казаць, што Украіна ня мае права ісьці туды, куды яна хоча, гэта няправільна па сутнасьці. Думаю, той час, калі вялікія краіны гаварылі малым, што яны павінны рабіць ці не павінны рабіць, ужо мінуў. Былі разнастайныя пакты, сакрэтныя пратаколы... Спадзяюся, што гэты час прайшоў. Калі нехта лічыць, што гэты час яшчэ не завяршыўся, і хоча і надалей гэта працягваць, мы павінны супрацьстаяць гэтаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG