Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місіс сьвету Марына Аляксейчык — самазванка?


Марына Аляксейчык на сайце Mrsworld.com
Марына Аляксейчык на сайце Mrsworld.com

Нацыянальная школа прыгажосьці і тэлеканал ОНТ паведамілі карэспандэнту Свабоды, што не накіроўвалі на конкурс «Місіс сьвету — 2014» Марыну Аляксейчык (Градзкую) і нічога пра яе ня ведаюць.

Конкурс праводзіўся ў ЗША ў штаце Мэрылэнд. Як паведамляецца ў мэдыях, перамагла беларуская сьпявачка і тэлевядучая Марына Аляксейчык. Аднак у Беларусі пра яе нічога ня ведаюць. Невядома таксама, ці Марына Аляксейчык — грамадзянка Беларусі, бо месцам свайго жыхарства ў фэйсбуку пазначыла Маскву. Раней яе лёс быў зьвязаны з Томскам, дзе яна перамагла ў конкурсе «Міс Томск — 2004», а потым узяла тытул віцэ-міс на «Міс Сусьвет-Расея». У нацыянальных конкурсах у Беларусі яна ня брала ўдзелу. А на конкурсе «Місіс Беларусь — 2014», які ладзіла ОНТ, перамагла Юлія Перагудава.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык ня стаў камэнтаваць сытуацыю. Ён адзначыў, што падобныя конкурсы камэрцыйныя, іх арганізатарамі выступаюць прыватныя кампаніі, таму яны ня маюць дачыненьня да працы дзяржаўных структураў.

У Нацыянальнай школе прыгажосьці патлумачылі, што маюць дачыненьне да падрыхтоўкі да конкурсаў з прыстаўкай «міс», у якіх бяруць удзел незамужнія дзяўчаты да 25 гадоў. Таму пра тое, хто рыхтаваў і накіроўваў Марыну Аляксейчык на конкурс «Місіс сьвету — 2014», там нічога ня ведаюць. «У нас яна, здаецца, наагул не вучылася», — сказалі ў школе.

Дырэктар дырэкцыі спэцпраектаў ОНТ Анжэла Мікульская сказала, што Марына Аляксейчык ня брала ўдзелу ў конкурсе «Місіс Беларусь — 2014».

А чаму Місіс Беларусь — 2014 Юлія Перагудава ня брала ўдзелу ў конкурсе «Місіс сьвету — 2014», хоць гэта было б лягічным?

«Конкурс „Місіс сьвету — 2014“ мы нават не разглядалі, ня ведалі пра яго правядзеньне. Мы проста тэлеканал, мы не мадэльнае агенцтва ці Нацыянальная школа прыгажосьці. Нам ніхто не прапаноўваў. Мы наагул не адсочваем, хто куды езьдзіць, і нічога ня ведаем пра Марыну Аляксейчык».

У мэдыях Марыну Аляксейчык ужо назвалі самазванкай. Яна вучылася ў томскім прадусарскім цэнтры ARS-Альянс. Кіраўніца цэнтру Вера Алмаева кажа, што ў Томску Марына не была гадоў 10, жыла ў Маскве, а потым у Нью-Ёрку. Вера Алмаева мяркуе, што ў Марыны бацькі беларусы. Аднак пацьвердзіць гэтую інфармацыю нідзе не ўдалося, бо імя Марыны Аляксейчык у Беларусі нікому не вядомае.

Конкурс «Місіс сьвету» заснаваны ў 1985 годзе, яго праводзілі ў самых розных краінах сьвету, у тым ліку тры разы запар у Расеі. У наступным годзе ён пройдзе ў Кітаі.

Перагудава: без афіцыйнага запрашэньня прыйсьці на конкурс — гэта тое самае, што без запрашэньня выйсьці замуж

Чаму «Місіс Беларусь — 2014» гамяльчанка Юлія Перагудава ня брала ўдзелу ў конкурсе «Місіс сьвету — 2014»?

Юлія Перагудава
Юлія Перагудава

Юлія Перагудава адказала карэспандэнту Свабоды:

«Сёньня гэта галоўнае пытаньне да мяне. Проста не было ніякага афіцыйнага запрашэньня для нашай краіны для ўдзелу ў такім мерапрыемстве. Гэта можна ўдакладніць у Нацыянальнай школе прыгажосьці — не было запыту. Пра гэты конкурс я даведалася сёньня, калі мне пачалі тэлефанаваць і пытацца, чаму мяне там не было.

Для мяне наагул мой тытул — гэта вялікая адказнасьць. Ня толькі радасьць і гордасьць. І я цяпер стараюся пацьвердзіць, што мяне абралі не дарэмна. Я афіцыйная прадстаўніца краіны. Але думаю, што гэта было б няправільна — прысьвяціць сваё жыцьцё толькі ўдзелу ў конкурсах. Я рыхтую дакумэнты для адкрыцьця грамадзкай арганізацыі. Будзе многа сацыяльнай рэклямы супраць абортаў, мы гэта робім разам з фондам ратаваньня немаўлятаў. Я вучуся ў магістратуры і здымаюся ў фільме пра савецкую мадэль Рэгіну Збарскую.

Юлія Перагудава агітуе супраць абортаў у Гомелі
Юлія Перагудава агітуе супраць абортаў у Гомелі

А што да конкурсаў, то яны павінны быць афіцыйныя. Гэта жа было б няправільна — мне самой шукаць, у якім конкурсе паўдзельнічаць. Калі б было запрашэньне, то яно было б празь дзяржаўныя ўстановы. І я не адна б вырашала, еду я туды ці не. Сваю краіну я б хацела з задавальненьнем прыстойна прадставіць на конкурсах сусьветнага ўзроўню.То бок прадставіць так, каб нікому зь беларусаў не было за мяне сорамна. Але для гэтага павінна быць афіцыйнае запрашэньне. Мне здаецца, што без афіцыйнага запрашэньня прыйсьці на конкурс — гэта тое самае, што без запрашэньня выйсьці замуж».

Юлія Перагудава дадала, што ня ведае Марыны Аляксейчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG