Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня пракамэнтаваў падрабязнасьці аўтамабільнай трагедыі, якая здарылася з удзелам амбасадара Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнкі.
Ён сказаў наступнае: «За рулём „Мэрсэдэса“ знаходзіўся кіроўца — грамадзянін Беларусі».
Афіцыйны прадстаўнік МЗС адзначыў, што расейскія праваахоўныя органы высунулі папярэднюю вэрсію, згодна зь якой у дарожна-транспартным здарэньні вінаваты кіроўца аўтамабіля «ВАЗ».
Дзьмітры Мірончык падкрэсьліў, што сьледзтва ў гэтай справе працягваецца, яго вядуць праваахоўныя органы Расейскай Фэдэрацыі, а беларускі бок аказвае ім усё неабходнае судзеяньне.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі таксама адзначыў, што кіроўца і амбасадар Беларусі сур’ёзна не пацярпелі. Шпіталізацыя для іх не спатрэбілася. Амбасадар знаходзіўся на заднім сядзеньні «Мэрсэдэса» і быў прышпілены.
На пытаньне Радыё Свабода, якая была неабходнасьць у тым, каб амбасадар Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі прыяжджаў у Менск і потым вяртаўся ў Маскву на службовай машыне, калі можна скарыстацца самалётам або цягніком, Дзьмітры Мірончык адказаў:
«Пры службовай камандзіроўцы пытаньне, якім транспартам карыстацца, прымаецца з улікам усіх акалічнасьцяў, у тым ліку і эканамічных. Даволі часта камандзіроўкі на аўтамабілі зьяўляюцца больш выгаднымі з эканамічнага пункту гледжаньня, чым паездкі самалётам або цягніком».
Амбасадар Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі, паводле Дзьмітрыя Мірончыка, прыяжджаў у Менск для ўдзелу ў сумесным паседжаньні калегіяў МЗС Беларусі і Расеі, а таксама ў іншых мерапрыемствах.