Падзеі дня
Менск, літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Літаратурная імпрэза пра сувязі Максіма Багдановіча з украінскай літаратурай. Бяруць удзел Андрэй Хадановіч, Алег Жлутка, Сяржук Сыс, Уладзь Лянкевіч. Пачатак а 17-й гадзіне.
14 лістапада — сусьветны дзень барацьбы з дыябэтам.
Гэты дзень у гісторыі
1915 — у Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Заснавала яе Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Маршалкам Таварыства быў Вацлаў Іваноўскі, а ягонымі намесьнікамі — Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве такіх школак будзе адкрыта дзясяткі, а праз чатыры гады пачне працу славутая Віленская беларуская гімназія.
1919 — генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч падаў заяву пра пераход са сваім атрадам на службу БНР.
1920 — пачаў працу Зьезд Случчыны. У яго складзе былі 107 дэлегатаў з навакольля Слуцку, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генэрала Булак-Балаховіча. На зьезьдзе была абраная Рада Случчыны, у склад якой увайшлі Ўладзімер Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Павал Жаўрыд і яшчэ 15 асобаў. Яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіраваньня на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях, і выказаў пратэст супраць бальшавісцкай акупацыі.
1926 — у Менску пачалася 1-я Беларуская акадэмічная канфэрэнцыя ў пытаньнях рэформы беларускага правапісу і азбукі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1812 — Паўлюк Багрым, беларускі паэт.
Зайграй, зайграй, хлопча малы.
І ў скрыпачку і ў цымбалы.
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасьцем на вас азірнуся.
Паўлюк Багрым
1902 — Міхась Машара, беларускі пісьменьнік і грамадзка-палітычны дзяяч.
1905 — Міхась Васілёк, беларускі паэт.
Ціха вакол,
Вецер дрэў не калыша.
Ночка цярусіць на дол
Зоры з далёкага ўзвышша.
Край мілы мой,
Птушкай падбітай імкнуся
Туды, дзе чакае пакутных сыноў
Родны прастор Беларусі.
Дрот навокал —
Людзі чужыя. Як зьверы...
Ды не зламае дзікі закон
Ў сэрцы надзеі і веры.
Міхась Васілёк, фрагмэнт верша «Ў няволі» (напісанага ў нямецкім канцлягеры ў 1940 г.)
1907 — Астрыд Ліндгрэн, швэдзкая дзіцячая пісьменьніца.
1912 — Янка Золак, беларускі паэт.
З календара Бахарэвіча
14 лістапада 1926 у Менску пачалася канфэрэнцыя па рэформе правапісу.