Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна можа атрымаць амэрыканскую зброю


Былы сэнатар-рэспубліканец Гордан Хамфры ў артыкуле для ўплывовага выданьня «Вашынгтон Пост» піша, што, паводле яго падлікаў, 47 са 100 сэнатараў у новаабраным Сэнаце публічна выказваліся за выдзяленьне Ўкраіне сучаснай зброі.

Сёньня ў амэрыканскім Кангрэсе зарэгістраваныя два законапраекты, якія ўтрымліваюць прадастаўленьне ваеннай дапамогі Ўкраіне — «Акт аб дапамозе Ўкраіне ў пытаньнях бясьпекі» і «Акт у падтрымку свабоды Ўкраіны». Для іх прыняцьця Сэнатам неабходны як мінімум 50 галасоў. Каб выключыць вета прэзыдэнта — як найменей 67 галасоў. Хамфры лічыць, што сярод заканадаўцаў, якія на гэтую тэму публічна не выказваліся, нямала сэнатараў падтрымаюць прадастаўленьне Ўкраіне зброі. Хтосьці — з уласных перакананьняў. А хто, як рэспубліканцы-пачаткоўцы, падтрымліваючы партыйную лінію.

Таксама Гордан Хамфры раіць сфармаваць у Сэнаце апэратыўную групу па Ўкраіне, якая б штодня працавала над гэтым пытаньнем. Менавіта так яму і іншым сэнатарам у 80-м годзе ўдалося дамагчыся павелічэньня гуманітарнай дапамогі і прадастаўленьня зброі аўганцам, якія ваявалі з Савецкім Саюзам.

Прафэсар Хьюстанскага ўнівэрсытэту і дасьледчык Інстытута Гувэра ў Стэнфардзе Пол Радэрык Грэгары ў выданьні «Форбс» таксама сьцьвярджае, што новы склад Сэнату зможа дамагчыся зьмены рашэньня наконт ваеннай дапамогі Ўкраіне.

«Сэнат значна больш уцягнуты ў пытаньні зьнешняй палітыкі, чым Палата прадстаўнікоў. Калі была дэмакратычная большасьць, сьпікер Гары Рыд кантраляваў, за якія законапраекты будуць галасаваць. І ён, як правіла, не выносіў ніякіх законапраектаў, якія могуць паставіць Барака Абаму ў няёмкае становішча або раскалоць Дэмакратычную партыю, якая мае вельмі моцную антываенную фракцыю. Цяпер, калі рэспубліканцы ў большасьці, новы сьпікер Мітч Маконэл можа выносіць на разгляд любыя законапраекты», — сказаў Грэгары ў інтэрвію Голасу Амэрыкі.

Грэгары чакае, што за абодва ўкраінскія законапраекты Сэнат і Палата прадстаўнікоў прагаласуюць. А прэзыдэнт ня зможа накласьці на іх вета.

Сэнат значна больш уцягнуты ў пытаньні зьнешняй палітыкі, чым Палата прадстаўнікоў. Цяпер, калі рэспубліканцы ў большасьці, новы сьпікер можа выносіць на разгляд любыя законапраекты

«Прымаючы пад увагу пазыцыю дэмакратаў, якія падтрымаюць прадастаўленьне зброі Ўкраіне — і гэта вельмі вядомыя дэмакраты — калі законапраект патрапіць на стол прэзыдэнта з галасамі 60-65 сэнатараў, то ён ня зможа накласьці вета. А галасоў можа быць нават дастаткова, каб выключыць вета прэзыдэнта», — растлумачыў ён.

Такім чынам, кажа ён, удасца пераадолець пазыцыю ўплывовага антываеннага крыла Дэмакратычнай партыі, на чыё меркаваньне абапіраецца Барак Абама.

«Я ня буду называць імёнаў, але гэта сэнатары і кангрэсмэны з Каліфорніі, Нью-Ёрку, Канектыкуту, некаторыя зь Сярэдняга Захаду, хто супраць любых ваенных дзеяньняў у любой частцы сьвету. Яны адчуваюць, што Абама ня йдзе досыць далёка, каб вывесьці амэрыканскіх вайскоўцаў з астатняга сьвету. Гэта асобы, якія сфармаваліся на пратэстах супраць Віетнама. Яны вераць, што ваенная дапамога йдзе на карысьць буйным карпарацыям або нейкім іншым інтарэсам. Гэтая фракцыя адыгрывае вельмі вялікую ролю ў электаральнай кааліцыі Абамы. Трэба разумець, што ў Рэспубліканскі партыі ёсьць уласная фракцыя ізаляцыяністаў, але яна менш уплывовая чым антываенная фракцыя ў Дэмакратычнай партыі», — сказаў Грэгары.

Паводле яго, менавіта падобнае мысьленьне зьяўляецца асноўнай прычынай, чаму Ўкраіна так і не атрымала ад ЗША зброі — а ня ўплыў расейскай прапаганды.

«Расейская прапаганда RussiaToday мае значна меншы ўплыў на мысьленьне ў ЗША, чым у Эўропе. Некаторыя прафэсары, экспэрты па Расеі ў ЗША лічаць, што дзеяньні Пуціна выкліканыя ўмяшаньнем Захаду ў сфэру інтарэсаў Расеі. Маўляў, гэта наша віна, і мы павінны яе разумець. Гэта мае большы ўплыў, чым расейская прапаганда», — кажа ён.

Грэгары чакае, што рух па ўкраінскіх законапраектах у Сэнаце пачнецца ў сярэдзіне студзеня. Ён згаджаецца, што гэта позна, але гэта можа адыграць вырашальную ролю менавіта ў той момант, калі крытычная маса расейцаў зразумее, што авантуры Крамля ім занадта дорага каштуюць — нявыплачаных пэнсій, высокіх цэнаў і чалавечых жыцьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG