Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака на «місіс Талерантнасьць»


Вікторыя Маладаева
Вікторыя Маладаева

На «Народную місіс Санкт-Пецярбург» абрынуўся шквал абразаў за крытыку ўлады і «нярускае паходжаньне».

Інтэрнэт-конкурс «Народная місіс Санкт-Пецярбург» набыў форму палітычнага скандалу. Па выніках галасаваньня 6 лістапада карона дасталася ураджэнцы Бураціі Вікторыі Маладаевай, якую ў сацыяльных сетках, абвінаваціўшы ў «русафобіі» за выказваньне апазыцыйных поглядаў, крытыку Уладзіміра Пуціна і скептычнае стаўленьне да далучэньня Крымскага паўвострава да Расеі, патрабавалі зьняць са спаборніцтва, а потым — пазбавіць выйгранага званьня. Не абышлося і без нацыяналістычных абразаў. Вікторыя з гонарам вытрымала ўсе выпрабаваньні, за што атрымала ад журы і званьне «Місіс Талерантнасьць».

Спаборніцтва паміж 25 добраахвотнымі прэтэндэнткамі праходзіла ў некалькі этапаў. Пасьля адбору адбыліся два прамежкавыя этапы: журы вызначала «Місіс IQ» і «Місіс Спорт». Затым было абвешчана інтэрнэт-галасаваньне — пераможніца, якая атрымала больш «лайкаў», разам зь імі атрымала і карону «Народная місіс Санкт-Пецярбургу». Яшчэ адно месца выбірала журы, якое складаецца з 18 чалавек — актораў, арганізатараў, былых удзельніц конкурсу.

Нечакана для арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу ў ім вельмі актыўны ўдзел сталі браць так званыя «патрыёты», якія абрынуліся на буратку Вікторыю Маладаеву з патокам брудных абразаў. Сама пераможніца ў інтэрвію Радыё Свабода распавядае, што яна насамрэч з самага пачатку менавіта па гэтай прычыне не хацела ўдзельнічаць у конкурсе.

Маладаева: Я баялася такой нэгатыўнай рэакцыі. Але арганізатары сказалі, што ўсе яго ўдзельніцы павінны прайсьці праз гэта. Выйсьця не было. Я ўзяла ўдзел, нечакана для сябе пачала лідзіраваць і выйграла ў гэтай намінацыі.

РС: Нэгатыўная рэакцыя ў сетках была для вас нечаканай?

Маладаева: Так. Я ў душы, вядома, баялася, што будзе нэгатыўная рэакцыя на тое, што, маўляў, азіятка бярэ ўдзел у конкурсе «Місіс Санкт-Пецярбург». Але ня думала, што гэта будзе да такой ступені. Прычым я зь першых дзён галасаваньня старалася не зьвяртаць на гэта ўвагі і сябрам пісала, каб яны не зьвярталі ўвагі на гэты нэгатыў. Але наогул я была шакаваная. Калі я чытала тыя камэнтары, мне было проста дрэнна. Прычым пісалі ня толькі мне, але і іншым удзельніцам конкурсу. Мяне сябры супакойвалі, заклікалі не чытаць, не глядзець, сталі мяне падтрымліваць, пераконвалі не адчайвацца.

РС: А ў жыцьці вы сутыкаліся з такім да сябе стаўленьнем?

Маладаева: Не, наогул такога не было за ўсе дзевяць гадоў, калі я тут жыву. Ніякай агрэсіі на нацыянальнай глебе не назіралася. Тут я выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Пецярбург — мой любімы горад. Я нават удзельнічала ў конкурсе «Каханы горад» на адным сайце і зрабіла сэрыю фотаздымкаў, пост, менавіта пра Пецярбург, і нават выйграла гэты конкурс. Я вельмі люблю Пецярбург і шчасьлівая, што тут жыву.

РС: Асаблівую лютасьць і рэзка нэгатыўныя водгукі выклікалі вашы крытычныя заўвагі палітычнага характару. Аб Уладзіміры Пуціне вы некалі напісалі, «што гэта найгоршае, што магло здарыцца з Расеяй ад 50-х гадоў». Вас за гэта і іншыя выказваньні назвалі «русафобкай». Вы належыце да якой-небудзь апазыцыйнай партыі? Удзельнічаеце ў акцыях пратэсту?

Маладаева: Ніколі не ўдзельнічала і не належу. Гэта проста мая грамадзянская пазыцыя, якую я выяўляла ў сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы паўгода-год таму. Я лічу, што ў кожнага грамадзяніна павінна быць выразная пазыцыя на любую тэму. У наш час быць апалітычным — няправільна. Але ў гэтым выпадку мяне вельмі зьдзівіла тое, што людзі «прычапіліся» да маіх палітычных поглядаў. Я гэтага не чакала, таму што гэта — конкурс прыгажосьці. Прычым тут палітыка?

РС: Што ў вас сёньня з таго, што адбываецца ў Расеі, выклікае найбольшую занепакоенасьць?

Маладаева: Натуральна, санкцыі, рост коштаў. Для простага абывацеля — гэта цяжка.

РС: А вы з-за санкцый і падзеньня рубля сталі сябе ў чымсьці абмяжоўваць? Не купляеце даляры ці эўра?

Маладаева: Не, не скупляю. Проста трэба зьмірыцца зь цяперашняй сытуацыяй. Пачакаць, пакуль ня зьменіцца палітычны курс.

РС: Кампанія ў сетцы супраць вас у нейкай меры не нагадвае кампанію супраць Андрэя Макарэвіча і Дыяны Арбенінай?

Маладаева: Я ў жаху, што так цкуюць людзей толькі з-за таго, што ў іх — іншае палітычнае меркаваньне! Чаму ў нас ня можа быць волі, калі кожны выбірае сваю пазыцыю? Прафэсійная дзейнасьць, асабістае жыцьцё не павінны суадносіцца з палітыкай. Бо мы жывем у дэмакратычнай краіне. Я сама з гэтым сутыкнулася — таму што пайшла на гэты конкурс, і ня дзеля палітыкі, ня дзеля папулярнасьці. Я дапускала, што некаторыя людзі да мяне могуць паставіцца нэгатыўна з-за маёй нацыянальнасьці. Але ніяк з-за палітыкі. У мяне ёсьць сваё меркаваньне з нагоды шматлікіх сучасных палітычных падзей. Амаль 80 адсоткаў маіх сяброў маюць супрацьлеглае меркаваньне. Але ад гэтага наша сяброўства не пакутуе.

РС: Ці не зьбіраецеся адмаўляцца з-за ўсяго таго, што адбываецца, ад удзелу ў далейшым у конкурсах прыгажосьці?

Маладаева: Не. Я плянавала ўдзельнічаць у міжнародным конкурсе «Місіс Расея International», які праходзіць у Растове. Але ў гэтым годзе, на жаль, не змагла трапіць на яго таму, што паралельна праходзіла падрыхтоўка тут, а я не хацела быць занятай адразу ў двух конкурсах. Але ў наступным годзе абавязкова буду ўдзельнічалі ў ім — і буду прадстаўляць Бурацію, сваю родную рэспубліку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG