Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхі абураныя паводзінамі прэзыдэнта Зэмана, патрабуюць яго адстаўкі


Чэскія камэнтатары, якія ўжо прызвычаіліся да непарлямэнцкіх выказваньняў свайго прэзыдэнта, цяпер маюць новую гарачую тэму для абмеркаваньня.

Прэзыдэнт Мілаш Земан ужыў нецэнзурную лаянку, абразіў апанэнта, расейскіх палітычных зьняволеных, жанчын і выгарадзіў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і ўсё менш за гадзіну ў радыёінтэрвію, якое трансьлявалі наўпрост з прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Традыцыйная наўпроставая трансьляцыя размовы на грамадзкім Чэскім радыё мелася падсумаваць вынікі паездкі прэзыдэнта Мілаша Зэмана ў Кітай і даць яму магчымасьць выказаць свае погляды на ўнутраную і зьнешнюю палітыку дзяржавы. Першапачаткова прэзыдэнт выбраў тон, які яго апанэнты назвалі прыдатным, хіба для «таннай піўной».

«Добры дзень. Пасьля перапынку мы зноў вядзем перадачу з дзяржаўнага замка ў Ланах, за акном туман, перада мной у крэсла толькі сеў чэскі прэзыдэнт Мілаш Зэман. Добры дзень, спадар прэзыдэнт! Як Вашы справы?

— Вельмі добра, таму што толькі тут прыкімарыў, гэта азначае, што тут у Ланах магу пасьля абеду часам гадзіну задрамаць. Нават не ўяўляеце сабе, як гэта дапамагае.

— Добра ўяўляем! Вы, верагодна, адсыпаецеся яшчэ пасьля зьнясільваючага дзяржаўнага візыту ў Кітай?
».

Далей прэзыдэнт распавёў, якім пасьпяховым, на яго думку, быў яго візыт, а ў доказ гэтага прывёў гісторыю пра тое, як адзін кітайскі бізнэсовец паабяцаў інвэставаць каля мільярда даляраў у эканоміку Чэхіі, замест эканомікі Польшчы, толькі таму што спадар прэзыдэнт падаў яму руку на нейкім прыёме, пра які ён сам ужо не памятаў. Далей прэзыдэнт Земан расказаў, чаму ён мала крытыкаваў Кітай за парушэньне правоў чалавека, перайшоў да пытаньня палітычных зьняволеных у Расеі, і там ужо ўжыў выразы, якія абурылі грамадзкасьць.



Зэман на ўласную ініцыятыву перайшоў да пытаньня крытыкі Ўладзімера Пуціна на Захадзе. Чэскі прэзыдэнт заявіў, што ён ня згодны з тымі, хто называе палітычнымі вязьнямі, у прыватнасьці Міхаіла Хадаркоўскага, якога ён назваў злодзеем, і удзельніц групы Pussy Riot. Апошніх ён «жанчынамі лёгкіх паводзінаў», але гэта ўжо пасьля таго, як ён выкарыстаў нецэнзурнае слова для гэтага.

«А калі ідзе размова пра Pussy Riot, наступных шматпакутных расейскіх палітвязьняў, на мой погляд, гэта парнаграфічная групка, якая зьяўляецца вінаватай, як мінімум, у крымінальным злачынстве хуліганстве ў праваслаўным храме. Ня буду абараняць, — хацеў сказаць курва, але я не Шварцэнбэрг, які ўжывае такія выразы, — гэта значыць крыху распутных дам », - заявіў прэзыдэнт Зэман.

Згаданы ім лібэральны палітык Карл Шварцэнбэрг адказаў тым, што «пра жанчын трэба казаць ветліва», а «тое, як прэзыдэнт выказваецца пра Украіну, або Кітай, нашмат горш, чым брудная лаянка».

На брудную лаянку Зэмана ўжо склалі шэраг рэміксаў.

Аднак сур’ёзныя выданьні, і сярод іх камэнтатар газэты «Lidové noviny» лічыць, што прэзыдэнт Земан выкарыстаў наўмысную тактыку адцягненьня ўвагі ад важных рэчаў і пераключэньня дыскусіі на тэму нецэнзурных выразаў. У прэсе сярод журналістаў вядзецца дыскусія пра тое, што рабіць «у крызысных сытуацыях, калі перад мікрафонам кіраўнік дзяржавы».

Тая частка грамадзтва, якую абурае факт, што калі кажа прэзыдэнт краіны, дзяцей лепш прыбраць ад радыёпрымачоў, вырашыла правесьці маніфэстацыю 17 лістапада, у дзень, калі чэхі адзначаюць 25 гадавіну Аксамітнай рэвалюцыі. Незадаволеныя тым, як прэзыдэнт Мілаш Земан прадстаўляе сваю краіну, назвалі сваю акцыю «Хачу з вамі пагаварыць, спадар прэзыдэнт».

Адны хочуць зьняць партрэты прэзыдэнта ў школах, таму што яго выказваньні псуюць моладзь, другія хацелі б судзіць яго за здраду радзіме. Самыя нецярплівыя сабралі ўжо каля 30 тысяч подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем аб адстаўцы прэзыдэнта Зэмана па пунктах, якія ўключаюць амаральныя паводзіны і псаваньне добрага імя Чэхіі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы.

А тыя, хто неверагодна пакутуе ўжо з моманту абраньня прэзыдэнта Зэмана на яго пасаду адлічваюць час яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў на адмысловым сайце, які вядзе зваротны адлік з моманту прыняцьця Зэманом прэзыдэнцкай прысягі.

Чэскі прэзыдэнт пасьля прыёму ў расейскай амбасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG