У Маскве адбыўся арганізаваны ўладамі марш удзельнікаў акцыі «Мы адзіныя», прымеркаванай да Дня народнага адзінства. У калёне, якая дэманстравала прыхільнасьць палітыцы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, прайшлі прадстаўнікі Камуністычнай партыі, Лібэральна-дэмакратычнай партыі, «Справядлівай Расеі» і «Адзінай Расеі».
Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, у гэтым шэсьці ўзялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Афіцыйна агучаная інфармацыя гаворыць пра 75 тысяч дэманстрантаў. Акцыя «Мы адзіныя» закончылася мітынгам на Тэатральнай плошчы.
У Маскве, Пецярбургу, Хабараўску, Краснадары, Екацярынбурзе, Калінінградзе і Кіраве прайшлі таксама шэсьці нацыяналістаў пад назвай «Рускі марш».
У Маскве адбыліся два шэсьці нацыяналістаў пад назвай «Рускі марш». У адным зь іх узялі удзел як прыхільнікі «Наваросіі», так і праціўнікі цяперашняй палітыкі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. Гэты марш сабраў некалькі тысяч дэманстрантаў. Нацыяналісты выкрыквалі лёзунгі «Расея для расейцаў», «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» і «Уперад, Расея». На тым самым маршы праціўнікі крамлёўскай палітыкі сьпявалі песеньку «Пуцін ла ла ла».
Другі марш нацыяналістаў, на ўскраіне расейскай сталіцы, сабраў усяго некалькі соцень удзельнікаў.