Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк будзе даваць падаткоўцам зьвесткі пра пакупнікоў валюты


Пра гэта паведаміла старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова.

Пакуль зьвесткі аб набыцьці грамадзянамі валюты ў банках краіны складаюць банкаўскую таямніцу, і падаткоўцы ня могуць іх атрымліваць.

Таму, паводле Ермаковай, падрыхтаваныя адмысловыя зьмены ў Падатковы кодэкс, і пасьля іх прыняцьця падатковыя органы будуць мець права атрымліваць зьвесткі, якія складаюць банкаўскую таямніцу фізычных асобаў.

Плянуецца, што такія нормы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2015 году.

Ермакова адзначыла, што тэхнічна рэалізаваць гэтае рашэньне будзе нескладана, бо Нацбанк захоўвае зьвесткі ад банкаў аб продажы фізычным асобам валюты. І пасьля прыняцьця паправак у закон такія зьвесткі атрымаюць падаткоўцы.

Надзея Ермакова расказала, што толькі за 6 месяцаў гэтага году, дзякуючы інфармацыі, прадстаўленай Нацбанкам Міністэрству ўнутраных спраў, затрымана 50 буйных валютчыкаў. Зь незаконнага абароту выключана больш за 4,3 млрд рублёў, узбуджана 95 крымінальных спраў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць і ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

На падставе інфармацыі, прадстаўленай Нацбанкам Міністэрству па падатках і зборах, больш за 400 індывідуальных прадпрымальнікаў павінны дадаткова пералічыць у бюджэт звыш 24 млрд беларускіх рублёў, у тым ліку падаткаў — звыш 16 млрд рублёў. Таксама ўстаноўлена 350 фізычных асобаў, у якіх выдаткі значна перавышаюць даходы. У выніку зь іх спагнана 245 млн беларускіх рублёў.

Амаль год таму Лукашэнка заклікаў грамадзянаў краіны ня бегаць па абменьніках і не скупляць валюту.

«Месяц таму я папрасіў даць мне дадзеныя па людзях, якія прыходзяць купляць валюту ў абменьнікі. Калі праманіторылі сытуацыю, выявілася, што ў асноўным гэта былі пэнсіянэры. 5 даляраў, 10 даляраў... Я ніколі ня думаў, што пэнсіянэры ходзяць у абменьнікі. Я не кажу, што гэта пэнсіянэры абрынулі нам валютную сыстэму. Але я ня думаў, што пэнсіянэры скупляюць валюту», — казаў Лукашэнка.

У кастрычніку 2011 году Лукашэнка падпісаў указ аб продажы валюты фізычным асобам па пашпарце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG