Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правільным курсам


Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014
Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014

Абменьнік для беларусаў — частка іхнай няпростай гісторыі і суворай рэальнасьці.

І ня трэба нам тут казаць, што гісторыя — яна ва ўсіх народаў няпростая, а рэальнасьць дзе-нідзе бывае і больш суворая, чым у нас. Мы сваю няпростую гісторыю не прамяняем на простую нават па самым выгадным курсе. Няпростая гісторыя — рэч канвэртавальная, яе можна ператварыць у залатоўкі мітаў, у бронзу помнікаў, у банкноты вечнага шкадаваньня. А каму патрэбная простая гісторыя, за якую нічога ня купіш? У гісторыі, як на буйной купюры, заўжды мусіць быць месца для подзьвігу. І для трагедыі — непадробнай, з кроўю і іншымі вадзянымі знакамі.

Што да рэальнасьці — дык дзе яшчэ спазнаеш яе ўсю, цалкам і без прыўкрасаў, чым калі стаіш у чарзе абменьніку і чакаеш сустрэчы зь невядомым.

Для беларусаў пункт абмену валюты — месца сьвятое, у абменьніку мы гаворым з богам наўпрост, без пасярэднікаў. Бог у выглядзе дзяўчыны за тоўстым шклом ляніва пазяхае і адлічвае нам грахі нашыя. Бога мы называем «дзевушка». Дзевушка не крыўдуе. У яе наогул тэхнічны перапынак. А як інакш? Абменьнік — такая сабе каплічка, у якую трэба час ад часу зазіраць, каб жыць далей з чыстай душой.

Калі зьвярнуцца да сівой даўніны, дык сама цяперашняя беларуская сталіца задумвалася некалі як вялікі абменьнік. Праўда, для большасьці сур’ёзных гісторыкаў гэтая вэрсія паходжаньня назвы «Менск» выглядае сумнеўнай. Маўляў, людзі ніколі ня сталі б называць месца, дзе жывуць, абменьнікам — інакш кожны дзень а восьмай давялося б зачыняць горад на ключ, здаваць выручку і доўга шараваць рукі мылам, марна спрабуючы адмыць іх ад бясконцых дотыкаў расейскіх рублёў і крывавых амэрыканскіх даляраў. Дый горад тады называўся б ня Менскам, а, хутчэй, Абменскам. А мы — абменчукамі, абмянчанамі.

У абменьніку беларус мяняе ня толькі грошы. Што б там хто ні казаў, але чалавек, у якога ў кішэні 500 даляраў, істотна адрозьніваецца ад чалавека, у якога ў кашальку крыху больш за пяць мільёнаў беларускіх рублёў. Нешта такое зьмяняецца ў хадзе, паглядзе, манеры паводзінаў. Мала хто прызнаецца сабе ў гэтым: падумаеш, абменьнік!.. Як у прыбіральню схадзіў. Не. Абменьнік — тое месца, дзе душа беларуса зазнае таямнічую мэтамарфозу: здаецца, усё на месцы, а нешта няўлоўна зьмянілася. Памянялася месцамі: як чыгунка пад коламі цягніка на памежнай станцыі, што аддзяляе Ўсход і Захад. Чалавек, які памяняў «беларускія на еўра», адным махам зьмяніў сабе будучыню. Прынамсі, на нейкі час, пакуль будучыня не прымусіць яго зноў вярнуцца ў мінулае, да той самай «дзевушкі» ў акенцы, якая ніколі не ўсьміхаецца, як і належыць боству.

...Калі ўжо казаць пра будучыню, дык, магчыма, у наступным стагодзьдзі слова «абменьнік» будзе мець крыху іншае значэньне. Уяўляецца фантастычнае месца, дзе чалавек, зайшоўшы ў адмысловую будку, зможа без праблем памяняць сабе час, у якім ён жыве. Натуральна, прад’явіўшы перад гэтым пашпарт — зьменам у гэтым сьвеце падлеглае ўсё, апрача бюракратыі.

У гэтую блаславёную эпоху, калі сам час зробіцца канвэртавальным, у любым абменьніку можна будзе вярнуцца туды, дзе табе зручней існаваць. Хто хоча, памяняе шэрую будзённасьць на шчасьлівае жыцьцё ў БССР 70-х, а расчаруецца, дык вернецца ў цёмнае заўтра. Нехта абярэ РБ часоў першага «прэзыдэнта», нехта — залатыя часы Адраджэньня, нехта — трыццатыя, калі быў сапраўдны парадак. Нехта захоча ў ЗША часоў залатой ліхаманкі, іншы — у пуцінскую Расею (праз стагодзьдзе дзе-нідзе яшчэ будуць памятаць, што існавала такая краіна). А нехта — у палпотаўскую Кампучыю: там, кажуць, абменьнікі зусім адмянілі. І курсы валютаў адмянілі, і грошы, і «дзевушак» у акенцы, і банкі скасавалі, і чэргі, і наогул — людзей. Камусьці хацелася б жыць і ў такім грамадзтве. У чалавека бязьмежна разнастайныя ўяўленьні пра шчасьце.

І абменьнік — наш спадарожнік у гэтых летуценьнях. Месца, адкуль пачынаюцца самыя сьмелыя фантазіі. Напрыклад, фантазія пра тое, што калі памяняць свае беларускія рублі на даляры або эўра — сьвет зробіцца крышку лепшым, а жыцьцё даўжэйшым. Абменьнік наогул — патрэба амаль фізіялягічнага кшталту, у яго забягаюць, яму не плянуюць прысьвячаць больш за пяць хвілін часу, там даюць паперку, і калі ўсё атрымалася, чалавек пасьля абменьніка адчувае сябе крышку лепшым, чым быў перад тым.

Але ёсьць і адрозьненьні. Абменьнік тым і добры, што дазваляе, хаця і не бяз стратаў, памяняць усё ў зваротным напрамку. Вернемся ў шчасьлівае сёньня — і ня будзем забываць, што некалі і яно будзе ўяўляцца некаму райскім часам у райскім месцы.

Куды ісьці мяняць грошы і каму іх даверыць — у Беларусі нават такі выбар можа зрабіцца палітычным. Прынамсі, сумняваюся, каб нехта з маіх знаёмых завёў сабе рахунак або мяняў грошы ў якім-небудзь банку з падазронай назвай «Москва-Мінск». Нацыяналісты чортавы. Затое да шыльды з надпісам «Беларускі народны банк» ногі самі сьпяшаюцца — і якая розьніца, якія ён прапануе ўмовы. Зрэшты, «Беларусбанк» усё роўна не абміне ніхто. І ён гэта ведае.

Сярэднестатыстычны беларус бывае ў ім так часта (і ня толькі па валютна-абменных справах), што даўно мусіў бы запомніць словы гімну «Беларусбанку». Іх напісала Раіса Баравікова, а музыку — Леанід Захлеўны. Як правіла, словы вісяць на сьцяне пад дзяржаўным сьцягам і пачынаюцца так (правапіс, тыповая «беларусбанкаўка», захаваны):

«Высокі лес жыццем падараваны,
Пры нас спакойна нівам і лясам...
З „Беларусбанкам“ сення знітаваны
Дзяржавы росквіт, веліч і краса!»

Росквіт, веліч і краса — вось дзе, як высьветлілася, жывуць кліенты «Беларусбанку». Ім ужо даступная тая паслуга — мяняць ня грошы, а час, у які жывеш. А надакучыць — заўжды можна ўцячы ў Высокі Лес...

Прыпеў у гімну досыць пагрозьлівы: «Ашчадны банк трымае курс на росквіт, і не спыніць нічым яго хады!» Не спыніць, не разьбіць, не стрымаць. А далей, цалкам лягічна — пра «плен», у які бяруць кліентаў:

«Запасім сродкі і даем крэдыты,
У добрых справах працы нашай плен...»

Пра абменьнік у гімне няма ні слова. Але нельга сказаць, каб сучаснай беларускай паэзіі тэма абмену валюты была чужая. На думку адразу прыходзіць адзін верш Андрэя Хадановіча, які так і называецца: «Абменьнік»:

«Я прыходжу ў „Абмен валюты“
Памяняць на верасень люты,
Памяняць на грошы гады,
Каб — нябедны і малады...»

Беларускі абменьнік шмат пра што прымушае задумацца чулага чалавека. Стоячы ў чарзе, з талёнам у руцэ, выбраўшы папярэдне ў мэню свой лёс і час, разглядваеш ад няма чаго рабіць курсы валютаў: сьцяжкі, літары, лічбы... Асабліва ўвагу прыцягваюць сьцяжкі. Выбар невялікі, і зноў міжволі думаеш пра будучыню. Бо ў абменьніку нічога не бывае проста так, і валюты, якія тут мяняюць — гэта такі варыянт сьветлага заўтра. Згодна з гэтым менскім абменьнікам, значэньне маюць толькі ЗША, Эўразьвяз, Расея, Кітай, Швайцарыя, Вялікая Брытанія, Украіна і Літва (пакуль што). Ну, і Беларусь, вядома. Толькі іх грошы і можна тут памяняць. На гэтым геаграфія абменьніка канчаецца. Як, зрэшты, і чарга да касы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG