Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы гінуць, нягледзячы на перамір’е


Украінскі вайсковец на пазыцыі непадалёк ад Луганску на пачатку кастрычніка
Украінскі вайсковец на пазыцыі непадалёк ад Луганску на пачатку кастрычніка

Украінскія вайскоўцы, якія абаранялі 32-і блёкпост каля вёскі Сьмелае ў Луганскай вобласьці, выйшлі з акружэньня з боепрыпасамі і бронетэхнікай. Украінскія байцы правялі ў акружэньні больш за тыдзень.

Паводле вайскоўцаў, камандаваньне не давала ніякіх канкрэтных загадаў — ні атакаваць, ні адступаць. Цяпер іх нібыта выпусьцілі сэпаратысты па дамоўленасьці з камандаваньнем Антытэрарыстычнай апэрацыі. Пра гэта карэспандэнту РС распавёў актывіст грамадзкай ініцыятывы «Армія SOS» Юры Касьянаў, які знаходзіцца на месцы падзей.

Касьянаў: Сэпаратысты і расейскае камандаваньне запатрабавалі, каб яны выйшлі да дванаццатай гадзіны ночы, інакш іх усіх там «разьдзяўбуць». Я так разумею, што наша камандаваньне вырашыла не праводзіць вайсковую апэрацыю разблякаваньня, а пагадзіцца на патрабаваньні сэпаратыстаў. На блёкпасьце былі каля 116 чалавек. І з падразьдзяленьняў Нацыянальнай гвардыі, і зь Міністэрства абароны. Ёсьць пэўная колькасьць лёгкай бронетэхнікі, але спраўнай мала, шмат што згарэла. Ўжо не было бэнзіну для генэратараў. Галоўнае, не было вады. Быў пэўны запас сухіх прадуктаў, але без вады іх прыгатаваць немагчыма. Многія захварэлі, таму што холадна, а абагрэцца не было магчымасьці.

РС: Якія групоўкі або падразьдзяленьні акружалі 32-гі блёкпост?

Касьянаў: Часткова мясцовыя, але ў большасьці данскія казакі, чачэнцы, сэрбы. Гэта — тыя, пра якіх дакладна вядома. Таксама хлопцы казалі, што там 42-і полк расейскіх спэцназаўцаў. Праціўнік добра ўзброены. Да 20 танкаў, якія занялі пазыцыі на адлегласьці наўпроставага стрэлу, некаторыя ў 300-400 мэтрах ад блёкпаста.

РС: Як здарылася, што блёкпост апынуўся ў акружэньні?

Касьянаў: Гэтая сытуацыя склалася ня ўчора і ня тыдзень таму. Першая інфармацыя аб акружэньні гэтага блёкпаста была яшчэ 5 верасьня, калі адтуль патэлефанаваў і расказаў пра гэта мой знаёмы. Тады там стаяла каля 20 чалавек. Затым іх ўзмацнілі людзьмі і бронетэхнікай. Тады кантралявалі толькі ўчастак дарогі ад 31-га блёкпаста да 32-га. Цяпер мы гэты ўчастак не кантралюем, таму сэпаратысты замкнулі кальцо акружэньня, паставілі свае блёкпасты, замінавалі поле.

Праблема паглыбілася і праз тое, што нашым хлопцам забаранялі весьці агонь. Сэпаратысты страляюць — нашы не адказваюць. Цалкам ідыёцкая сытуацыя. Затым камусьці з кіраўніцтва прыйшла думка, што іх можна разблякаваць малымі сіламі, даставіць прадукты, зьнесьці блёкпасты сэпаратыстаў. На дапамогу пачалі накіроўваць групы падтрымкі. З гэтай прычыны дарога да 32-га блёкпаста ўсеяная нашай спаленай тэхнікай. Учора на 31-ы блёкпост адтуль прыйшоў «Урал» з прабітымі шынамі. На ім прыехалі пяцёра байцоў, якія прывезьлі парэшткі каля васьмі цел. Ад іх — людзей, якія спрабавалі прабіцца на дапамогу 32-му блёкпасту, мала што засталося. Таму толькі 8 цел.

РС: Наколькі дзейнымі і эфэктыўнымі ў гэтай сытуацыі былі рашэньні армейскага камандаваньня, на Вашу думку?

Касьянаў: На мой погляд, наша камандаваньне павінна вызначыцца, чаго яно хоча. Ці перамагаць, ці адступаць і ўсе здаваць. Нельга сядзець на двух крэслах. Нельга казаць, што ў нас перамір’е, калі нашых хлопцаў расстрэльваюць на 32-ім блёкпасьце, страляюць па нас пастаянна ў Шчасьці, у Дзябальцаве, у Данецкам аэрапорце, у Марыюпалі. У любым пункце так званай Антытэрарыстычнай апэрацыі па нас вядуць агонь. Калі мы паводзім сябе як трусы, нас будуць забіваць. Учора мы бачылі тыя зьнявечаныя целы, якія зьяўляюцца наступствам безадказнай палітыкі пад назвай «замірэньне агрэсара». Таму трэба вызначацца. Або здавацца, або абараняцца і біць гэтых гадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG