Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ламаць сыстэму сваімі рукамі


Мустафа Найем, Сьвятлана Залішчук і Сяргей Лешчанка
Мустафа Найем, Сьвятлана Залішчук і Сяргей Лешчанка

Гісторыя, якая адбываецца цяпер у 102-й выбарчай акрузе ва Ўкраіне, калі-небудзь абавязкова стане сцэнаром захапляльнага мастацкага фільму.

Гісторыя, якая адбываецца цяпер у 102-й выбарчай акрузе ва Ўкраіне, калі-небудзь абавязкова стане сцэнаром захапляльнага мастацкага фільму. Тройка маладых палітыкаў ад партыі новаабранага прэзыдэнта Парашэнкі — фантастычнай прыгажосьці дзяўчына і два аўтарытэтныя журналісты — у адной канкрэтнай Кіраваградзкай вобласьці сваімі рукамі ламаюць сыстэму, супраць якой паўстаў Майдан. А два маладыя кандыдаты, надзвычай падобныя адно да аднаго, змагаюцца за акругу па розныя бакі барыкадаў. Нашая карэспандэнтка пабывала ў акрузе, якая стала сымбалем украінскіх парлямэнцкіх выбараў.

Пудзілы кандыдатаў-карупцыянэраў просяцца ў Раду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк

Дзень 23 кастрычніка пачынаецца акцыяй каля Вярхоўнай рады. Нягеглыя фігуры на хадулях з рукамі-каўбасамі мусяць сымбалізаваць кандыдатаў-карупцыянэраў, якія сваімі заграбучымі рукамі цягнуцца да ўлады. На жупелах — маскі рэктара Сяргея Ківалава, Міхайла Паплаўскага і былога сакратара Кіеўдзяржрады Алеся Доўгага. З выявай ягонага троху дзіцячага твару, на які ніколі не падумаеш кепскага, мне давядзецца правесьці гэты чацьвер.

Акцыю каля Рады арганізаваў Цэнтар супрацьдзеяньня карупцыі і рух «Чесно». Дзяўчаты-актывісткі Аляксандра Усьцінава і Тацяна Пеклун тлумачаць журналістам, што абралі топ-10 кандыдатаў-карупцэянэраў, якія па аддаленых мажарытарных акругах хочуць пралезьці у новы, пасьлямайданаўскі парлямэнт.

Неўзабаве зьяўляецца Сяргей Лешчанка. 34-гадовы палітычны журналіст, намесьнік галоўнага рэдактара ўплывовага выданьня «Ўкраінская праўда», выкрывальнік афэраў Пятра Лазарэнкі і аўтар кнігі пра Межыгор'е. У 2011 яму пагражалі лёсам Гангадзэ. Сяргей больш не журналіст, а кандыдат у Раду ад блёку Пятра Парашэнкі.

Тут жа каля Рады стаіць калёна аўтамабіляў са сьцягамі, пазнакамі аўтамайдану і агітацыяй супраць шчыратварага Алеся Доўгага. Пасьля акцыі ўсе разам выпраўляюцца ў Кіраваградзкую вобласьць, 102-ю выбарчую акругу.

Саша Усьцінава і Таня Пеклун
Саша Усьцінава і Таня Пеклун

Я еду ў машыне разам з Сашай Усьцінавай і Таняй Пеклун. Вядзе нас машына аўтамайдану — міні-купэр з выявай Шаўчэнкі на дзьвярах і адназначным надпісам замест нумароў. Зь сядзеньня побач на мяне глядзяць сьветлыя вочы Алеся Доўгага, якога Саша і Таня называюць «Лэсык».

«Ды ён малады, ён нашага веку, — кажуць дзяўчаты. Доўгаму тыя ж 34 гады, што і Лешчанку. — Гэта цікавы кандыдат, якога называюць маладым парасткам Чарнавецкага (Леанід Чарнавецкі — мэр Кіева з 2006 да 2012). Яго яшчэ Лёня-Космас называюць („Ён далёкі ад сьвету“, — кажа Саша). Чарнавецкі — самы вялікі дзерыбаншчык зямлі і агулам усяго, што можна было ў Кіеве разьдзярбаніць».

«Лэсык» быў у камандзе «маладых рэфарматараў» Чарнавецкага, маладога хлопца прызначылі сакратаром Кіеўрады.

«Безь ягонага подпісу не выходзіла аніводнага рашэньня: аб адчужэньні земляў, разьмеркаваньні бюджэту, перапрафіляваньні земляў. Усё гэта ў нерэальных маштабах раскруцілася пры Лёню Чарнавецкім і ягонай маладой камандзе, — кажа Тацяна, — Пры Чарнавецкім было распрададзена земляў больш, чым за ўсе папярэднія гады разам узятыя».

Прыцягнуць да адказнасьці Чарнавецкага і ягоную каманду пры старой уладзе не ўдалося. У 2012 годзе «Лэсык» паспрабаваў балятавацца ў Раду ў Кіеве:

«У 2012 годзе акруга была ня проста засеяная, а скупленая, — апавядае Тацяна. — Чарнавецкі яшчэ зрабіў такую „фішку“ — карміў бяздомных, малазабясьпечаных, бабуляў. І на кожны мітынг, дзе трэба было легітымізаваць Лёню Чарнавецкага, прыходзілі натоўпы бабуляў, якія крычалі, махалі рукамі, праслаўлялі Лёню, дзёргалі яго за шчочкі. А ён ім раздаваў пайкі па 50 грыўняў. Чаму зараз усіх тых, хто падкупае выбарнікаў, называюць „грэчкасеямі“. Пачаў гэта Чарнавецкі».

Але кіяне «Лэсыка» да ўлады не дапусьцілі. Ён зьнік на два гады. І пасьля Майдану нечакана ўваскрос у Кіраваградзкай вобласьці кандыдатам у дэпутаты. З усімі знаёмымі атрыбутамі: актывісты кажуць, што выбарнікам ад «Лэсыка» раздавалі па 200 грыўняў, прадуктовыя пайкі, ён выкупляў час на мясцовых тэлеканалах і палосы ў мясцовых СМІ.

Такіх, як «Лэсык», па мажарытарных акругах ідзе нямала, — кажуць актывісткі. Адмыслова абіраюць невялікія абласныя цэнтры, ціхія акругі, дзе іх ніхто ня ведае. Апроч выгодаў статусу дэпутата, гэтым людзям важны галоўны атрыбут народнага абраньніка — «недатыкальнасьць».

Пакуль мы едзем, становіцца вядома, што Пятро Парашэнка падпісаў цэлы пакет антыкарупцыйных законаў.

«Мы лабіравалі яго ўвесь год, — шчыра радуецца Тацяна. — Ніхто ў парлямэнце гэтым не займаўся, пакуль грамадзкасьць ня стала ціснуць праз СМІ, празь міжнародных партнэраў. Мы працавалі з усімі міжнароднымі донарамі ва Ўкраіне, з МВФ, з Эўракамісіяй, пераконваючы, што бяз гэтых законаў ня будзе рэформы. Што ўсе грошы, якія яны зьбіраюцца выдзяляць Украіне, яны мусяць ставіць у залежнасьць ад прыняцьця гэтых законаў у першую чаргу і ад стварэньня антыкарупцыйнага бюро, якое будзе займацца расьсьледаваньнем злачынстваў у вышэйшых эшэлёнах улады.

«„Лэсык“ — гэта ўвасабленьне ўсяго самага жахлівага, што можа трапіць у гэтую Раду пасьля Майдану. Канечне, там ёсьць і горшыя кандыдаты — і старыя карупцыянэры, і схемшчыкі, забойцы і так далей. Але «Лэсык» — гэта малады чалавек. Ён наш аднагодак, ён не дурны. Ён цудоўна разумее, што адбываецца. Ён таксама разумее, чаму ідзе ў парлямэнт. У яго няма буйнога бізнэсу, ён сапраўды выканаўца волі высокапастаўленых палітыкаў, які будзе, як рычажок, правільна націскаць на кнопкі і будаваць у аддаленай пэрспэктыве сваю палітычную кар’еру», — упэўнена кажа Тацяна Пеклун.

За такімі размовамі мы за пару гадзінаў даяжджаем да Аляксандраўкі. Тут нас чакае аўтамайдан зь мясцовых актывістаў і галоўныя героі — тая самая фантастычная бляндынка, лідэрка руху «Чесно» Сьвятлана Залішчук, журналіст Мустафа Найем у задзірлівым ватніку і надзея сілаў майдану Кіраваградзкай вобласьці 26-гадовы інжынэр Андрэй Лаўрусь з трохі дзіцячым тварам.

«Нам патрэбная ўлада»

Без удзелу Залішчук, Лешчанкі і Найема гісторыя 102-й акругі напэўна ніколі не стала б гісторыяй. Трыццацігадовыя пасьпяховыя ўкраінцы з выдатнай ангельскай мовай, шматгадовым досьведам працы ў апазыцыі да ўлады і рэпутацыяй непрымірых ворагаў карупцыі пасьля Майдану, анэксіі Крыму і вайны вырашылі, што мяняць краіну трэба знутры. Іхнае рашэньне далучыцца да выбарчага сьпісу блёку Пятра Парашэнкі адназначна ва Ўкраіне ўспрынята не было. Мустафа кажа, што ў гэтым ёсьць і іх віна: доўгія гады яны расказвалі, што палітыка — гэта «брудная справа». Але ня ўзяць на сябе адказнасьць, кажа Сяргей Лешчанка, таксама было немагчыма.

«Чатырнаццаць гадоў я працаваў ва „Ўкраінскай праўдзе“. Я разумеў, што гэта вельмі эфэктыўная праца, ты хутка дабіваесься аддачы, але гэта не прыводзіць да сыстэмных пераменаў. Мы зразумелі, што трэба ісьці менавіта з уладай, бо ісьці з апазыцыяй і проста крытыкаваць няма сэнсу — мы можам гэта рабіць як журналісты. Нам трэба адразу мець магчымасьць уплываць на працэс і быць унутраным сумленьнем партыі ўлады».

У блёк Парашэнкі, кажа Сяргей, яны прыйшлі самі. Іх унесьлі ў сьпіс.

«Палітычныя сілы зразумелі, што ёсьць вялізны запыт грамадзтва на новыя твары з добрай рэпутацыяй, — тлумачаць Аляксандра Ўсьцінава і Тацяна Пеклун. — І амаль кожная ўзяла сабе ў першую дзясятку хаця б некалькі такіх асобаў. Але калі паглядзець трыццатку — то усё, што вышэй за 10-15 — гэта поўны жах. Усе тыя ж. Каб вы разумелі, 450 чалавек у Вярхоўнай радзе, і зь іх 380 балятуюцца зноў. Вельмі шмат ідзе маладых дзеячоў, якія мала чаго разумеюць у тым, што такое Вярхоўная рада, як яна працуе. Яны заведама кіраваныя, заходзяць як марыянэткі. Якія б добрыя ў іх не былі памкненьні, яны нічога ня змогуць зрабіць».

Тройка нашых герояў на марыянэтак не выглядае. Яны ўжо добра ведалі, якіх менавіта кандыдатаў нельга пускаць у Раду. Пару тыдняў таму яны зьвярнуліся да дэмакратычных партыяў з заклікам зьняць сваіх кандыдатаў з тых акругаў, дзе ёсьць рызыка перамогі прадстаўнікоў старой сыстэмы. На заклік адрэагавалі «Дэмакратычны альянс», «Блёк Парашэнкі», «Народны фронт» і «Бацькаўшчына». Перамовы па 12 акругах далі плён. А 13-я і 102-я аказаліся «нешчасьлівымі», кажа Сьвятлана.

Тут дамовіцца наконт адзінага кандыдата не ўдалося. Таму Залішчук, Лешчанка і Найем прыехалі ў акругу самі, ініцыявалі сярод мясцовых дэмакратычных сілаў выбары адзінага кандыдата і паспрабавалі зрабіць экспрэс-кампанію пад назвай «СтопДоўгі». Такім кандыдатам стаў Андрэй Лаўрусь, які пайшоў на выбары зь няхітрым і адназначным слоганам «Я іду супраць Доўгага».

Андрэй быў на майдане ў Кіеве, ён таксама актывіст Кіраваградзкага Эўрамайдану. З твару ён нават чымсьці падобны да свайго апанэнта. Ці значыць нешта розьніца ва ўзросьце ў 8 гадоў, ацаніць цяжка. Андрэй наўпрост кажа, што кандыдат ад блёку Парашэнкі, які ідзе па 102-й акрузе, аказаўся тэхнічным і працуе на карысьць таго ж Доўгага. Пра гэта ведаюць усе, але выглядае, што разьбірацца, як гэта стала магчымым, будуць пазьней.

У Аляксандраўцы пасьля вясёлага братаньня, фатаграфаваньня і раздачы інтэрвію замежным журналістам фармуецца аўтакалёна. Удзельнічае ў ёй некалькі дзясяткаў аўтамабіляў. Такім складам мы яшчэ гадзіну езьдзім па акрузе, прыцягваючы да сябе ўвагу кляксонамі.

Людзі у вёсках і гарадах, паўзь якія праходзіць агітацыйны аўтапрабег, часта падтрымальна махаюць рукамі, спыняюцца, каб атрымаць улёткі, рэагуюць на заклікі праз мэгафон.

Цэнтральная Ўкраіна адрозьніваецца ад беларускіх паселішчаў хіба што ляндшафтам. І тым, што надзвычай часта бачыш над хатамі жоўта-блакітны сьцяг.

Сьветлаводск: «Нашыя хлопцы там пад мінамётамі, а мы будзем Доўгага абіраць?!»

Канчатковы пункт аўтапрабегу — цэнтральная плошча ў 45-тысячным гарадку, які раней называўся Хрушчоў. Горад утварыўся на месцы пасёлку будаўнікоў Крамянчускай ГЭС. Спыніўшыся колькі разоў для агітацыі на вуліцах, калёна прыбывае на месца «веча» — на прыступкі дзяржадміністрацыі. Там ужо гатовая апаратура, стаяць некалькі дзясяткаў гараджанаў рознага веку, але пераважна сталага, і нямала міліцыі.

Андрэй Лаўрусь - зьлева
Андрэй Лаўрусь - зьлева

У натоўпе размовы пра жыцьцё. У групе пэнсіянэрак Валянціна Андрэеўна самая гаваркая. Кажа, што жывуць нармальна, пэнсіі атрымліваюць у час, але хацелі б жыць яшчэ лепш.

«Я гатовая год не атрымліваць пэнсіі. У нас дачы ёсьць. Але дайце дзецям жыць нармальна. Ёсьць розныя людзі. Хтосьці незадаволены. Але большасьць хоча жыць па-новаму. Каб толькі нашыя спадзевы апраўдаліся», — кажа яна.

Усе хорам шкадуюць жыхароў Данбасу: «Яны крычалі „Расея, Расея, Пуцін“... Ну, прыйшоў да іх Пуцін... Але ж у Расею ён іх не забраў... Прывёў туды бандытаў, турмы параспускаў.. І тыя людзі самі гэта разумеюць — ні жытла, ні працы, якое тут жыцьцё. Мы іх тут прымаем таксама».

«Я гатовая, — кажа Валянціна Андрэеўна. — У мяне кватэра чатырохпакаёвая, хай прыяжджаюць уцекачы зь дзецьмі, хай жывуць у мяне».

Чалавечую адданасьць мясцовых пэнсіянэраў пацьвярджае і Сьвятлана Залішчук:

«Мы звыкліся ў Кіеве, што валянтэры — гэта 20-30 гадоў. А тут шмат якім валянтэрам па 70 гадоў. У нас ёсьць бабулі, якія агітуюць нашмат больш эфэктыўна і пераканаўча, чым некаторыя з маладых. Яны як ніхто разумеюць, што гэта іх апошні шанец пакінуць сваім дзецям, унукам іншую краіну. І яны хочуць нешта зрабіць. Гэта ўражвае, — кажа дзяўчына. — Я прыехала сюды, і ў мяне не было цёплых рэчаў, дык, людзі мне далі шкарпэткі, цёплую куртку...»

Раскрываецца і таямніца ватоўкі Мустафы, у якой ён выступае на вечы, і якая на ім выглядае як правакацыя. Але ўсё аказалася нашмат больш жыцьцёва: «У мяне, калі я прыехаў, быў толькі швэдар і пінжак. І я езьдзіў па акрузе, мяне проста калаціла, вусны сінелі. І з аднаго дома выйшла сястра аднаго нашага мясцовага актывіста ў гэтай ватоўцы. Яна мяне ёй проста накрыла. Так яна на мне і засталася».

Калі пасьля мітынгу Мустафа паедзе ў Кіеў, ватоўка пяройдзе ў спадчыну Лешчанку. А сьветлаводцы кажуць, што стаўленьне да рускіх у іх памянялася.

«Нават Лукашэнка зразумеў, што Ўкраіну нельга дзяліць, — абураецца мужчына, пачуўшы, што я зь Беларусі. — А да гэтых ніяк ня дойдзе».

«Нашыя хлопцы там пад мінамётамі, а мы будзем выбіраць такога кандыдата як Доўгі?!» — кажа ў мікрафон сталая жанчына

Зусім малады хлапец Уладзімер кажа, што, вядома, украінцы могуць памірыцца з рускімі, але толькі калі ў іх саміх нешта памяняецца:

«А то ў іх такая праблема, што яны глядзяць не на тое, што ў іхнай краіне адбываецца, а глядзяць, што недзе горш, а недзе яшчэ горш. Калі яны зразумеюць, што мусяць вырашаць праблемы ў сваёй краіне, то тады мы і памірымся», — кажа ён, не выпускаючы з абдымкаў сваю дзяўчыну Аню.

«Запомніце, людзі, ніхто ня ведае, як вы будзеце галасаваць», — з прыступак Мустафа пераконвае людзей не баяцца ўлады.

«Нашыя хлопцы там пад мінамётамі, а мы будзем выбіраць такога кандыдата, як Доўгі?!» — кажа ў мікрафон сталая жанчына.

Пра шанцы дэмакратычнага кандыдата Андрэя Лаўруся пэнсыянэркі ў натоўпе гавораць сьціпла, хаця падтрымліваюць яго горача:

«Алесь Доўгі рана пачаў: аб’езьдзіў усе сёлы, там людзі ня вельмі багата жывуць. Тыя 200 рублёў, што ён даваў, людзі радыя — бралі. Прыпынкі аўтобусныя рэканструяваў, дзіцячыя пляцоўкі пабудаваў».

Жанчыны кажуць, што Доўгі купіў тут усё, што мог. Факты подкупу выбарнікаў зафіксавалі і ў кампаніі «СтопДоўгі». Кажуць, што будуць падаваць заяву ў пракуратуру. І будуць дакладна.

З гэтай жа нагоды прыйшлі на веча Ўладзімер і Аня.

«Мы тут, таму што мы ведаем, што Доўгі купляў людзей. І мы гэтых людзей ведаем. Лепш за любога іншага прагаласаваць, чым за такога», — за абаіх кажа хлапец.

Арганізатары мітынгу на экране паказваюць жыхарам Сьветлаводзку звароты ад Юрыя Луцэнкі і Віталя Клічко ў падтрымку Лаўруся.

А ў агітатара Сяргея са Знаменкі сумненьняў у ім няма ніякіх:

«Мы яго ведаем добра. Ён быў і ў Кіеве на Майдане, і на Кіраваградзкім майдане. Хлопец з адукацыяй, камунікабэльны. Наш хлопец», — усьміхаецца сталы мужчына.

У перамозе, калі не цяперашняй часовай, дык агульнай, не сумняецца і зусім малады Максім са Знаменкі:

«Нам пасьля ўсіх гэтых падзей трэба верыць, іншага выбару няма. Ніхто ня верыў, што Януковіча здымем, але дзе зараз Януковіч? Мы іх усіх здымем», — трохі з выклікам кажа ён.

Максім - справа
Максім - справа

З прыступак выступоўцы кажуць пра той жа подкуп. Перад мітынгам Сьвятлана Залішчук сказала, што ў акругу Доўгі ўклаў ня менш за мільён даляраў. Сама яна ведае, што іхная тыднёвая кампанія не настолькі моцная, каб «пераламіць хрыбет» старой сыстэме:

«Барацьба няпростая, але шанцы ёсьць. У нас на Эўрамайдане быў слоган: я кропля ў моры. Калі мы мора, то мы стыхія, у нас атрымаецца. Калі гэтыя 38 працэнтаў выбарнікаў, якія супраць, якія ня вызначыліся, ёсьць вялікая магчымасьць выйграць. Ёсьць вялікі запыт на лідэрства. На тое, што зьявяцца людзі, якія скажуць: „Я гатовы гуляць па новых правілах“».

Магчыма, такія людзі зьявіліся ва Ўкраіне ў асобе Залішчук, Лешчанкі, Найема. Прынамсі хуткай перамогі яны людзям не абяцаюць.

Мустафа Найем у ватніку
Мустафа Найем у ватніку

«Вы робіце маленькі крок, які дазваляе іншым верыць», — кажа з прыступак адміністрацыі Сьветлаводзку Мустафа Найем, які 21 лістапада 2013 адным зь першых заклікаў прыйсьці на майдан у Кіеве.

— Кожны раз было так, што пасьля выбараў усе ўсё забывалі. Але гэтым разам так ня будзе. Усе вінаватыя ў фальсыфікацыях, у подкупе галасоў будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Я вам гэта абяцаю.

«Доўгі пераможа, але гэта будзе канец сыстэмы»

«Выбары адрозьніваюцца ад мінулых дэмакратычнасьцю і свабодай, — кажа Сяргей Лешчанка. — У адрозьненьне ад папярэдніх на гэтых выбарах няма вайны ўлады супраць апазыцыі. Ёсьць свабодная канкурэнцыя. Улада ня робіць перашкодаў для таго, каб апазыцыя даводзіла свае погляды, сваю плятформу да выбарцаў. Нікога не пасадзілі з кандыдатаў. Ня ўдзельнічаюць толькі тыя, хто зьехаў з Украіны».

«Але сыстэма засталася карумпаванай, і выбарцаў падкупалі і падкупаюць, як гэта было два гады таму. Ізноў грэчку раздаюць, грошы наўпрост па 200 грыўняў. Подкуп праз паслугі, падарункі — усё гэта засталося. Ізноў віртуальная палітыка, калі рэкляма на тэлебачаньні замяшчае наўпроставую камунікацыю зь людзьмі і калі білборды замяшчаюць прадметную дыскусію».

Ужо на наступны дзень, 24 кастрычніка, Лешчанка напісаў у фэйсбуку пра напад на давераную асобу Лаўруся ў Аляксандраўцы.

А грамадзянская сетка ОПОРА зафіксавала факты чорнага піяру супраць яго.

Тым ня менш, Лешчанка ўпэўнены, што парлямэнт абновіцца на дзьве траціны. У ім ужо будзе нашмат менш прадстаўнікоў «Партыі рэгіёнаў», і зьявіцца шмат новых твараў.

«Галоўнае, каб грамадзтва было актыўным удзельнікам працэсу, пастаяннага ціску на ўладу. Каб не было гэтай гісторыі, якая заўжды была пасьля выбараў, што людзі ўпадаюць у апатыю і пасьля расчароўваюцца і ва ўсім абвінавачваюць уладу замест таго, каб арганізоўвацца і ціснуць на яе», — кажа малады палітык.

Калі мы вяртаемся са Сьветлаводзку ў Кіеў разам з Мустафой, карэспандэнт Нью-Ёрк Таймс Давід Гершэнзон пытаецца ў яго: «Як ты будзеш ставіцца да Доўгага, калі ён пераможа?»

«Ён будзе маім асабістым ворагам, — аджартоўваецца Мустафа. — Але я больш скажу: ён пераможа. І ягоная перамога будзе азначаць канец сыстэмы. Пасьля Майдану, пасьля ўсяго, што мы перажылі, такая перамога ўжо не перамога».

Аўтамабіль актывістаў
Аўтамабіль актывістаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG