Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФОТАФАКТ: Агенцтва Reuters даказала датычнасьць Расеі да вайны ў Данбасе


Журналісты знайшлі ў Данбасе танкі і іншае ўзбраеньне ды армейскі рыштунак, якія маглі быць пастаўленыя толькі з Расеі.

Абгарэлыя рэшткі двух танкаў, выяўленыя сярод некалькіх дзясяткаў спаленых машынаў паблізу вёскі ў Старабешаўскім раёне Данецкай вобласьці, ваенныя экспэрты кваліфікавалі як расейскія, піша агенцтва Reuters.

Як паведамляе агенцтва, фота спаленых танкаў паказалі чатыром незалежным экспэртам, якія пацьвердзілі, што гэты тып выкарыстоўваецца выключна ў расейскай арміі. Прынамсі адна з машын, пагадзіліся экспэрты, зьяўляецца танкам T-72BM, расейскай мадыфікацыяй вядомага савецкага танка. Як кажуць экспэрты, апытаныя Reuters, невядома, каб гэтую мадэль танкаў экспартавалі.

«Вялікая колькасьць такіх танкаў выкарыстоўвае расейскае войска, але няма дадзеных аб іх экспарце або выкарыстаньне за мяжой», — цытуе агенцтва ваеннага аналітыка з лонданскага Міжнароднага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Джозэфа Дэмпсі.

Паводле яго слоў, наяўнасьць гэтага танка на тэрыторыі Ўкраіны сьведчыць аб пастаўках Расеяй зброі сэпаратыстам.

Акрамя таго, паводле дадзеных Reuters, супрацьтанкавыя ракеты, выяўленыя паблізу дзясяткаў разбураных танкаў, таксама сьведчаць аб датычнасьці Расеі, паколькі на месцы былі знойдзеныя часткі ракет супрацьтанкавага комплексу «Карнэт». Двое з трох апытаных агенцтвам экспэртаў заявілі, што Ўкраіна не мае процітанкавых ракетных комплексаў такога тыпу.

Паводле Reuters, у траншэях каля танкаў выявілі ўпакоўкі з-пад сухпайкоў, з этыкетак якіх вынікае, што яны зроблены для Мінабароны Расеі. У кампаніі, якая іх вырабляе, пацьвердзілі, што гэтыя пайкі не прадаюць за межы Расеі.

Расея неаднаразова адмаўляла прысутнасьць сваіх рэгулярных войскаў ва Ўкраіне, аб чым заяўляюць Кіеў і Захад, і сьцьвярджала, што расейскія ваенныя або заблукалі падчас вучэньняў, або ўзялі адпачынак і паехалі на ўкраінскі ўсход добраахвотнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG