Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анёл-ахоўнік Паўла Вінаградава


Сьвятлана Вінаградава і Павал Вінаградаў.
Сьвятлана Вінаградава і Павал Вінаградаў.

За два гады актывіст адсядзеў больш за 200 сутак. Жонка Сьвятлана распавяла «Свабодзе» пра гісторыю іх каханьня, пра выпрабаваньні і асаблівасьці жыцьця «на барыкадах».

Карэспандэнт «Радыё Свабода» пабываў у гасьцях у Паўла Вінаградава, пакуль той сядзеў у турме на Акрэсьціна.

Вінаградавы жывуць ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Карла Лібкнэхта ў Менску, якую здымаюць з 2010 году. «Плацім за кватэру аднолькава», — кажа жонка апазыцыянэра і на маё зьдзіўленьне рэагуе спакойна:

«Мы за ўсё плацім пароўну, агульнага бюджэту ў нас няма. Мы гэтак дамовіліся адразу і не пашкадавалі, бо ніводнага разу з-за грошай не сварыліся, як іншыя, калі пачынаюць мерацца заробкамі. Затое кожны, калі нешта хоча набыць для сябе, не абавязаны гэта ўзгадняць».

Жонка рэкардсмэна «адседак» на Акрэсьціна, актывіста «Зьмены» Паўла Вінаградава Сьвятлана скончыла БДУ і працуе ў кампутарнай фірме, галоўны офіс якой месьціцца ў Манчэстэры.

«Я адказны супрацоўнік і не прывязаная да офіснага месца зь 9 да 6. Вось у суботу я адпрацавала, затое заўтра змагу цэлы дзень прысьвяціць Паўлу. Спачатку раніцай буду яго сустракаць ля Акрэсьціна, хутчэй за ўсё гэтак і не дачакаюся. Ён адкуль-небудзь патэлефануе, бо апошнія месяцы яго проста гэтак не выпускаюць, а абавязкова завозяць кудысьці, часам як мага далей. Потым мы прыедзем дамоў і будзем есьці — вось булён амаль ужо зварыўся. Хаця апошнім часам ён пачаў есьці на Акрэсьціна, але ўсё роўна прыедзе галодны».

Згадка пра булён крыху зламала плян майго інтэрвію. Спачатку я хацеў распытаць Сьвятлану пра яе жончыну долю. Кшталту, як гэта — чакаць мужа з турмаў і трываць. Але ў хаце Вінаградавых неяк усё не спрыяе пафасным пытаньням. На падлозе штучная шкура мядзьведзя, галава якога ўсьміхаецца гэтак жа весела, як звычайна ўсьміхаецца Павал, калі ў судзе ў сьмешных падрабязнасьцях распавядае пра чарговую ноч на Акрэсьціна. Невялікі пакой асьвятляе папяровая лямпа, заклееная матылькамі — «Паша прыдумаў гэтак расклеіць».

Побач з лямпай столік, на якім два драўляныя сэрцы злучыліся, як пазлы. Паўлаў падарунак Сьвятлане. Згадваем, як год таму Павал каля турмы на Акрэсьціна раздаваў тым, хто яго сустракаў, бел-чырвона-белыя кавалкі пазлаў, зь якіх складалася Пагоня. Сэнс акцыі, прыдуманай Вінаградавым, быў у аднаўленьні традыцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. На некалькі тыдняў гэтага імпульсу хапіла, але потым зноў пайшло як раней: некалькі сядзяць за ўсіх, а іншым і справы няма. Усё ж без палітыкі не абысьціся і я раскрываю нататнік.

— Зараз «Вясна» абвясьціла кампанію салідарнасьці з вашым мужам, які зноў трапіў на Акрэсьціна абсалютна за нішто. Ці адчуваеце вы гэтую падтрымку? Увогуле ня крыўдна, што ваш муж з тых, хто на волі, апынуўся ў самым горшым стане?

— Насамрэч гэта не зусім так. Вось Максіма Вінярскага гэтаксама ўвесь час саджаюць беспадстаўна. А салідарнасьць я сапраўды адчуваю, асабліва зараз. Бо зараз рэзка павялічылася колькасьць артыкулаў пра Паўла, нейкіх паведамленьняў. Яшчэ вунь гэтая кампанія з фотаздымкамі — ў першыя дні асабліва шмат людзей фатаграфавалася зь ягонымі здымкамі. Я і гэтак ведаю, што мы не адны, але калі такая кампанія пачынаецца, то больш упэўнена сябе адчуваеш, разумееш, што, калі нешта горшае адбудзецца, то людзі дапамогуць. Калі папяровыя мэдыі пра яго пішуць і ёсьць магчымасьць іх перадаць на Акрэсьціна, дык я гэта раблю і дакладна ўяўляю, як ён будзе чытаць гэтую газэту і яму будзе прыемна. Такое сапраўды патрэбна.

— Нядаўна адказны міліцыянт з Маскоўскага РУУС нагадваў Паўлу, пра лёс Завадзкага. Што вы можаце таксама ня зьведаць, куды ён зьнікне. Вас гэта напалохала?

— Калі шчыра, я ўсё ж ня думаю, што гэтак можа здарыцца. Бо калі б гэтак атрымалася, то першы, да каго прыйдуць, будзе той супрацоўнік, які гэтак пагражаў. Наўрад ці ён бы стаў сябе гэтак падстаўляць. Мяркую, проста яму далі заданьне неяк нас абодвух напалохаць і ён не прыдумаў нічога лепшага, як толькі прывесьці прыклад Дзьмітрыя Завадзкага. Ім галоўнае, каб Павал выехаў зь Менску. Але Павал і сам хацеў зьехаць на некалькі месяцаў у Беразіно да бацькі. У тым ліку з разьлікам, што мясцовая міліцыя ня будзе яму працягваць нагляд. Ён, дарэчы, пра такія пляны і сказаў міліцыянтам з Маскоўскага РУУС, што хоча паехаць, толькі пазьней. Але тых гэта не задаволіла, ім чамусьці патрэбна, каб Павал тэрмінова зьехаў. А чаму — цяжка зразумець. Магчыма, гэта ў іх ужо пачалася падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў.

— А якую небясьпеку для ўладаў уяўляў Павал у апошнія месяцы, як вы мяркуеце?

— Цяжка сказаць. Хоць і ня часта, але «Зьмена» ўсё ж нейкія акцыі апошнім часам праводзіла. Прыкладам, сьцягі вывешвалі. Уладам трэба кагосьці пакараць, а каго? Каралі Пашу. Але калі раней гэта было хоць рэальна за нешта, то апошнім часам — увогуле ні за што. За два месяцы пасадзілі агулам на 40 сутак. Гэта, відаць, яшчэ і спроба яго зламаць псыхалягічна«.

— Дарэчы, а ў вас з мужам няма наконт гэтага нейкіх непаразуменьняў? Не кажаце яму, каб кідаў гэтую справу, колькі можна...?

— Не. У нас такія адносіны, што мы паважаем выбар адзін аднаго. Гэта ягоны выбар, ён хоча гэтым займацца. Нельга любога чалавека прымушаць рабіць тое, чаго ён ня хоча рабіць. Я б сама не хацела, каб ён нешта рабіў насуперак сабе.

— Сярод шматлікіх акцый, за якія яго каралі цягам апошніх двух гадоў, асабліва запомнілася акцыя з цацкамі, якія ў сумёце трымалі плякаты непажаданага для ўладаў зьместу. У звычайным жыцьці Павал таксама такі ж рашучы і крэатыўны?

— Галоўная ягоная рыса — гэта выдатнае пачуцьцё гумару. Прычым гэта зь ім заўсёды, і ў звычайным жыцьці і на акцыях. Ён такі паўсюль.

Сьвятлана згадала, што яны з Паўлам Вінаградавым пазнаёміліся ў 2007 годзе, калі разам апынуліся ў грамадзкай кампаніі «За свабоду», якая пазьней пераўтварылася ў кампанію «Эўрапейская Беларусь». Праз год закахаліся і яны зьнялі для сумеснага жыцьця кватэру, але да вясельля справа дайшла толькі пасьля таго, як Паўла з пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 году арыштавалі.

— Ён напісаў мне ў адным зь лістоў, што ёсьць верагоднасьць «паехаць сядзець надоўга». Ды прыпісаў, што «можаш мяне не чакаць, я ўсё зразумею і не пакрыўджуся». Для мяне гэта было вельмі дзіўна, бо мы на той момант ужо 2 гады жылі разам, і я абурылася: «Што ён такое кажа, як гэта можна?» Адказала, што ўсё нармальна, буду яго чакаць, калькі трэба. І ўжо бліжэй да прысуду ў адным зь лістоў ён прапанаваў стаць ягонай жонкай, а я адразу, вядома, пагадзілася. Бо, па-першае, ў нас ужо былі моцныя адносіны, а па-другое, гэта адразу мяняла мой статус і дазваляла часьцей яго бачыць, езьдзіць на спатканьні, перадаваць перадачы. Такую магчымасьць нельга было губляць. А потым яго з Валадаркі перавялі ў калёнію «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі і там, недзе празь месяц, мы ажаніліся.

— Гэта было сумна — вясельле ў калёніі?

— Выдатна! Тры дні, якія я там прабыла з Пашай, былі самыя цудоўныя. Канешне, ў калёнію на шлюб я белай сукенкі не брала, усё ж палічыла, што не тое гэта месца. Хаця там разам з намі бралася шлюбам маладая пара, дык нявеста была ў белым, зь іконай. Сваты з рушнікамі, ўсё як мае быць у вёсцы. Але ў нас — крыху спакайней. Былі мае бацькі, з боку Паўла ягоны бацька. І дазволілі сьведак — нашы сябры Алесь Баразенка і Аліна Лявонава. Заехалі ў Івацэвічы прыхапіць супрацоўніцу ЗАГСу і зь ёй — да калёніі. Прыехалі, нас усіх абшукалі, мяне — асабліва. Потым дзяжурныя пытаньні, мы расьпісаліся і тая цёця з ЗАГСу абвясьціла нас мужам і жонкай. Яшчэ далі недзе паўгадзіны ўсім павіншаваць ды пагаварыць. Шампанскага, канешне, не было, там гэта забаронена, а вось здымкі ўпотай былі і яны ў нас ёсьць. Але, каб не падстаўляць каго, мы іх асабліва не афішуем.

Сьвятлана Вінаградава: Вясельле як нагода ўбачыцца з Паўлам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00

Калі шчыра, для мяне гэта было хутчэй не вясельле, а магчымасьць Пашу ўбачыць і тры дні зь ім пабыць. Бо ўсе паехалі, а нам дазволілі яшчэ 3 дні пабыць разам. Мы жылі ў тым гатэльчыку для гасьцей калёніі, дзе жывуць падчас даўгатэрміновых спатканьняў. Разлучацца было вельмі балюча. Калі яго вывелі, ў мяне самі паліліся сьлёзы, як ніколі. Але ўсё роўна на той час гэты былі лепшыя 3 дні.

Восеньню 2011 года Паўла Вінаградава вызвалілі з калёніі паводле памілаваньня. Прэвэнтыўны нагляд быў усталяваны за былым палітвязьнем не адразу. Маладыя яшчэ пасьпелі зьезьдзіць на Сыцылію, дзе жыве маці Паўла Вінаградава. А таксама аднаго разу зьезьдзілі ў Вільню — і ўсё. Нагляд. Пачаліся рэгулярныя наведваньні міліцыянтаў, якія сочаць за тым, каб «паднаглядны» Вінаградаў абавязкова быў дома пасьля 8 вечара. Сьвятлана гэтак распавяла пра свае ўражаньні ад гэтых візытаў:

— Спачатку я пачала ажно дрыжаць, бо прыходзілі ў самы розны час, у тым ліку сярод ночы. У іх ёсьць такая апэрацыя «Нагляд», калі правяраюць усіх, хто пад наглядам, дык тады могуць прыходзіць і па некалькі разоў на дзень. А потым некалькі тыдняў не прыходзяць і гэта яшчэ горш, бо зноў прыйдуць у самы непадыходзячы час. Дамафон у нас не працуе і звычайна яны турбуюць суседзяў ды праходзяць ў пад’езд, а тады ўжо грукаюць у дзьверы. І Павал ідзе адчыняць. Калі прыйшлі міліцыянты, якія яго ведаюць, дык візыт заканчваецца хутка. Але бывае, што даводзіцца паказваць пашпарт, адказваць на пытаньні.

— Памятаю, сёлета на чарговым судзе над Вінаградавым быў агучаны дакумэнт, паводле якога Паўла зьняла відэакамэра на бэнзазапраўцы, дзе ён набыў бутэльку шампанскага у 2 гадзіны ночы. Гэта сапраўды было?

— Так. Гэта, відаць, адзіны дакладны факт супраць яго. Хаця, між іншым, пакаралі яго тады зноў па прыдуманай прычыне — нібыта выпіваў каля будынку РУУС. Проста пры вобшуку ў яго знайшлі чэк з крамы на запраўцы, а на ім стаіць кошт бутэлькі шампанскага і час. Не паленаваліся запытаць відэазапіс, на якім твар Пашы, як у кіно. Такое было. Захацела душа шампанскага ў 2 гадзіны ночы, што зробіш. Я яго не асуджаю. Гэта цяжка ўявіць — такое жыцьцё, калі кожны дзень пасьля восьмай ты ня можаш выйсьці на вуліцу, нікуды ня можаш паехаць без дазволу, нават на раку за горад. І самае цяжкае, што канца гэтаму пакуль ня бачна. Нагляд падоўжылі і зараз яшчэ не выключана, што рыхтуюць Паўла на ЛТП. То бок ідзе трывалае пагаршэньне сытуацыі, і гэта мяне палохае.

— Вы і Павал ўсё ж не выглядаеце людзьмі, блізкімі да адчаю. Нешта ёсьць такое, што дапамагае трымацца?

— Ня ведаю. Магчыма, проста гэта нашае каханьне. Ён мой муж, я ягоная жонка, і хто, калі ня я, яго падтрымае. Я ж сама выбрала такое жыцьцё, сьвядома, і няма на што скардзіцца. Ды і ня хочацца. Проста я спрабую яго максымальна падтрымліваць, каб яму было лягчэй і там знаходзіцца, на Акрэсьціна, і тут, у частковай няволі. А папракаць яго за тое, што ў нечым пакутую, я ня стану. Бо паважаю ягоны выбар, да таго ж мы разам ідзем праз гэтыя перашкоды і мяркую, неяк гэта адолеем.

Я спытаў Сьвятлану, як рэагуюць суседзі Паўла Вінаградава на ягоную палітычную актыўнасьць, адным з наступстваў якой сталі рэгулярныя візыты ў пад’езд міліцыянтаў?

Паводле Сьвятланы, сусед зьверху ня раз казаў ім, што ведае пра Вінаградава, сочыць за падзеямі праз інтэрнэт і вітае ягоную барацьбу. Аднойчы, калі Павал выйшаў з чарговай адседкі, сусед адмыслова падышоў да Паўла і выказаў яму салідарнасьць.

— Ніхто з суседзяў не асуджае, хаця ведаюць. Праўда, у палітычныя размовы імкнуцца не ўступаць. Адна суседка неяк паведаміла, што зь міліцыі ёй тэлефанавалі і пыталіся пра Вінаградавых, ці ня чыняць скандалаў. Кажа, што абуралася, маўляў, як тут жылі алькаголікі, дык вас нішто не цікавіла, а тут распытваеце. Але сама больш нас зьдзівіла гаспадыня. Калі Пашу ў 2010 годзе арыштавалі, дык тут праводзілі ператрус. А паколькі кватэра ня наша, мусілі выклікаць гаспадыню. Да 5-й раніцы ўсе нешта шукалі. Пасьля гэтага, думаю, усё, папросяць нас на вуліцу. Не, засталося як было. Вось такія ў нас людзі ў доме.

Павал Вінаградаў мае выйсьці з турмы на Акрэсьціна 23 кастрычніка, у 9.50. За два гады ён адбыў у ізалятары як адміністрацыйна арыштаваны больш за 200 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG