Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Імем рэвалюцыі — па дармаедах


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чаму ўвогуле ўзьнікла гэтая праблема? Чаму Лукашэнку муляе той факт, што частка людзей афіцыйна не занятая ў эканоміцы? Існуе некалькі чыньнікаў.

Нарэшце, пасьля шматлікіх пагрозаў, улады дабраліся да «дармаедаў». На нарадзе 20 кастрычніка Лукашэнка заявіў: «Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце. Гэта будзе больш зразумела для народа. Ня трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідаць, у тым ліку і тэрміналёгію. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць... Як мне дакладаюць, каля 500 тысяч нашых грамадзян не задзейнічаныя ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тысяч — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падворку. А 400 тысяч чым займаюцца? За чый кошт жывуць? Час спыняць гэтае ўтрыманства. 400 тысяч павінны быць уцягнутыя імем рэвалюцыі ў працу. Лайдакоў не павінна быць у краіне. Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і перастаць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе».

Чаму ўвогуле ўзьнікла гэтая праблема? Чаму Лукашэнку муляе той факт, што частка людзей афіцыйна не занятая ў эканоміцы? Існуе некалькі чыньнікаў.

Найперш, аўтарытарная дзяржава імкнецца кантраляваць у краіне ўсё. І яна адчувае дыскамфорт, калі нейкая частка насельніцтва выпадае з-пад гэтага кантролю, існуе аўтаномна. «А 400 тысяч чым займаюцца? За чый кошт жывуць?» — пытае Лукашэнка. Непарадак.

Затым, ідэалягічны канструкт патэрналісцкай дзяржавы грунтуецца на эгалітарысцкай канцэпцыі сацыяльнай справядлівасьці, паводле якой усе павінны працаваць на карысьць грамадзтва, народа (насамрэч, дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народа потым аддзячаць, падзеляць паміж падданымі. Гэта ўсё ідэалягемы сацыялістычнай сыстэмы, у рамках якой праца — гэта абавязак. І не выпадкова Лукашэнка кажа, што «ня трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідаць».

Бо ў рынкавай сыстэме праца — гэта толькі права. Ва ўмовах рынку грамадзяніну дазволена атрымліваць і «непрацоўныя даходы». То бок жыць за кошт здачы маёмасьці ў арэнду, атрымліваць прыбытак ад купленых акцыяў, ад працэнтаў на банкаўскіх дэпазытах ды інш. Дарэчы, усе гэтыя даходы дазволеныя беларускім заканадаўствам, толькі плаці падаткі. Але вось цяпер усё гэта абвешчана дармаедзтвам.

Лукашэнка ўпэўнены, што ў гэтай сьвятой барацьбе ён будзе мець падтрымку свайго электарату. І не беспадстаўна. Ідэя барацьбы з дармаедамі папулярная сярод народу. І чым больш жорсткія мэтады будзе прымяняць улада, тым большую падтрымку здабудзе.

Возьмем вось гэтую вядомую гісторыю, калі прымушаюць працаваць бацькоў, якія кінулі сваіх дзяцей. Лукашэнка патрабуе, каб да гэтых людзей прымаліся самыя жорсткія меры: «Мы пойдзем аж да стварэньня працоўных лягераў, дзе гэтыя бацькі будуць працаваць, „пахаць“, каб утрымліваць гэтае дзіця і каб іншым непанадна было»; «Накіроўвайце ў калгасы, на будоўлі, на самую чорную працу, незалежна ад прафэсіі і адукацыі. Няхай працуюць па 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён на тыдзень, 360 дзён у годзе». І, як паказалі апытаньні НІСЭПД, большасьць насельніцтва гэта падтрымлівае. І ня важна, што рэалізацыя гэтых захадаў выявіла іх неэфэктыўнасьць. Але, нягледзячы на дрэнныя вынікі, кампанія працягваецца. Бо сэнс яе не эканамічны, а піяраўска-палітычны. Ствараць працоўныя лягеры ў цэнтры Эўропы ў ХХI стагодзьдзі — гэта нонсэнс, выклік усім гуманістычным уяўленьням і нормам сучаснай цывілізацыі. Але Лукашэнка і не спрабуе выглядаць цывілізаваным палітыкам, а імкнецца пад выглядам аднаўленьня справядлівасьці задавальняць архаічныя інстынкты «простых людзей», перакананых у тым, што гвалт і жорсткасьць — унівэрсальны сродак вырашэньня ўсіх праблемаў.

Ёсьць і чыста эканамічныя матывы. Канструкт «сацыяльнай дзяржавы» перажывае крызіс. З банальнай прычыны: нестае рэсурсаў. Таму трэба правесьці рэвізію даходаў і расходаў. Калі ня ўдасца «дармаедаў» прымусіць працаваць ці плаціць падаткі за дармаедзтва, то можна неяк скараціць выдаткі за кошт тых, хто не працуе легальна ў эканоміцы.

Акрамя таго, пасьля крызісу 2011 году павялічылася колькасьць людзей, якія ўцякаюць з «моцнай і квітнеючай Беларусі» за мяжу, бо там больш плацяць. Узьнік дэфіцыт працоўных рук. І вось з дапамогай адміністрацыйных мэтадаў улады спрабуюць неяк вырашыць гэтую праблему. Імем рэвалюцыі. Бо іншых спосабаў ня ведаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG