Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Фясенка: Структура ўкраінскага электарату кардынальна зьмянілася


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Анэксія Крыму і акупацыя часткі Данбасу кардынальна зьмяніла структуру ўкраінскага электарату, таму на выбарах у Вярхоўную Раду перамога праэўрапейскіх сілаў і паражэньне прарасейскіх партыяў фактычна прадвызначаныя.

Анэксія Крыму і акупацыя часткі Данбасу кардынальна зьмяніла структуру ўкраінскага электарату, таму на выбарах у Вярхоўную Раду перамога праэўрапейскіх сілаў і паражэньне прарасейскіх партыяў фактычна прадвызначаныя.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка, камэнтуючы асаблівасьці датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду, якія павінны адбыцца 26 кастрычніка.

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Гэтыя выбары перш за ўсё вызначаюцца тым, што яны праходзяць ва ўмовах хай неафіцыйнай, але ўсё ж такі вайны. Вайны, якая быццам бы спыненая, быццам бы павінна быць замірэньне на ўсходзе краіны, але ваенныя дзеяньні працягваюцца. І атмасфэра вайны, наступствы вайны, зразумела, вельмі моцна ўплываюць на ход выбарчай кампаніі. Таму тэма вайны і міру ключавая на гэтых выбарах.

Другі важны фактар — тое, што гэта выбары пасьля Майдана. Імпульсы Майдана, запыт на абнаўленьне ўлады, а таксама палітычныя і ідэалягічныя канфлікты, спароджаныя Майданам, таксама вельмі моцна ўплываюць на гэтыя выбары. Уласна кажучы, і самі датэрміновыя парлямэнцкія выбары паўсталі як патрабаваньне Майдана», — канстатуе Фясенка.

Майдан у Кіеве
Майдан у Кіеве

У выбарчай кампаніі можна вызначыць некаторыя цікавыя тэндэнцыі, зьвязаныя са складам палітычных камандаў, якія ідуць на выбары.

«Вядучыя палітычныя сілы вымушаныя былі адказваць на запыты грамадзкасьці, і ў тытульнай частцы сьпісаў мы бачым шмат прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, грамадзкіх актывістаў, шмат „новых твараў“, даволі часта маладых твараў, людзей з заходняй адукацыяй. І гэта якраз адказ на настроі грамадзтва. Людзі хочуць абнаўленьня складу парлямэнту, і многія палітычныя сілы, асабліва зьвязаныя з Майданам, дэманструюць гэтае абнаўленьне, яны падкрэсьліваюць, што ў іх новая маладая каманда. Гэта вельмі характэрная тэндэнцыя, досыць станоўчая, і вельмі магчыма, што яна прывядзе да сур’ёзных палітычных зьменаў, хоць і не адразу. Яшчэ адна тэндэнцыя — гэта тое, што цэлы шэраг палітычных сіл дэманструюць у сваіх сьпісах герояў вайны. У грамадзтве безумоўна з павагай ставяцца да людзей, якія ваявалі або ваююць на ўсходзе. Гэтыя тэндэнцыі вядучыя на гэтых выбарах», — лічыць украінскі палітоляг.

Паводле экспэрта, разважаючы пра выбары ў Вярхоўную Раду, трэба ўлічваць, што анэксія Крыму і акупацыя часткі Данбасу сэпаратыстамі і Расеяй прывялі да кардынальнай зьмены структуры электарату ва Ўкраіне.

«Раней у нас быў прыкладны парытэт паміж палітычнымі сіламі: частка электарату была праэўрапейская па сваёй ідэалёгіі, а другая частка электарату пераважна арыентавалася на Расею. Гэтыя часткі электарату канкуравалі паміж сабой, і перамагалі тыя сілы, якія выйгравалі цэнтральную Ўкраіну, дзе быў своеасаблівы мікст, зьмешваньне гэтых настрояў і ідэнтычнасьцяў. Цяпер сытуацыя зусім іншая. За кошт анэксіі Крыму і страты часткі Данбасу (прычым густанаселенай — гэта некалькі мільёнаў выбарцаў) структура электарату зьмянілася, і партыі, зьвязаныя зь мінулай уладай (перш за ўсё Партыя рэгіёнаў, якая на гэтых выбарах спрабуе правесьці рэбрэндынг, ідзе пад сьцягам так званага Апазыцыйнага блёку), — гэтыя партыі ня маюць шанцаў выйграць выбары, яны сталі партыямі меншасьці. А праэўрапейскія партыі, партыі, зьвязаныя з Майданам, хутчэй за ўсё, будуць фармаваць новую парлямэнцкую большасьць», — лічыць Фясенка.

Пакуль застаецца адкрытым пытаньне, ці патрапіць блёк Пятра Парашэнкі сфармаваць па выніках выбараў сваю ўласную большасьць. Але экспэрт ня лічыць гэта прынцыповым момантам:

«Ужо цяпер зразумела, і Парашэнка пра гэта казаў, што будзе фармавацца кааліцыя. Прэзыдэнт зацікаўлены ў стварэньні канстытуцыйнай большасьці (2/3 дэпутатаў парлямэнту. — РС). Верагодна, будзе фармавацца кааліцыя з партыяў Майдана, таму галоўная інтрыга зьвязаная з тым, хто менавіта будзе фармаваць па выніках выбараў гэтую кааліцыю».

Таксама ў выбарах у Вярхоўную Раду прысутнічае шэраг больш лякальных інтрыгаў, зьвязаных з тым, хто пераадолее 5-адсоткавы бар’ер і як шмат новых палітычных сілаў апынуцца ў парлямэнце.

Яшчэ адна інтрыга зьвязаная зь лёсам партыяў мінулага.

«Ці пройдуць у парлямэнт камуністы або Апазыцыйны блёк? Гэта будзе своеасаблівы індыкатар. Калі не праходзяць камуністы, то гэта будзе вельмі сур’ёзны сыгнал істотнай дэсаветызацыі палітычнай сыстэмы. Разьвітаньне з камуністамі — гэта тое, што даўно чакалася, і гэта тое, чаго жадае Майдан. У нас нават была ініцыятыва забараніць кампартыю, але я згодзен з прэзыдэнтам Парашэнкам, што хай лепш свой прысуд вынесуць выбаршчыкі, а ня суд», — кажа Фясенка.

Палітоляг таксама нагадвае, што частку дэпутатаў Вярхоўнай Рады выбраць ня ўдасца. Паводле Канстытуцыі Ўкраіны парлямэнт павінен налічваць 450 дэпутатаў, але 12 дэпутатаў ад анэксаванага Крыму і як мінімум 14–15 ад акупаванай часткі Данбасу ў парлямэнт ня трапяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG