Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як патрапляюць на вайну і гінуць18-гадовыя расейскія рамантыкі


У расейскім Кранштаце пахавалі 18-гадовага Жэню Пушкарова — баевіка-кулямётчыка, які ўцёк з дому ваяваць на Данбас, прыкладна гэтак жа, як раней хлапчукі, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, беглі ў разбойнікі, піраты або юнгі.

Толькі ў Жэні замест раманаў быў Кранштацкі ваенна-спартыўны клюб «Скала», у якім ён літаральна жыў, ні ўзімку, ні ўлетку не здымаючы ваенную форму, а яшчэ — тэлевізар, па якім яму расказвалі пра жахі, якія робяцца на ўсходзе Ўкраіны, пра крывавых украінскіх ворагаў і слаўных ваяроў «ДНР» і «ЛНР», якія грудзьмі сталі за безабаронных жанчынаў і дзяцей. Вось Жэня і вырашыў дапамагчы тым, хто пакутуе. Дапамагчы аказалася лёгка — запоўніць анкету «Вконтакте», атрымаць «дабро» — і гайда ў Растоў, а там ужо цябе сустрэне патрэбны чалавек і праводзіць таемнымі сьцежкамі празь мяжу. Сьцяжынка называецца «чорны калідор» — наўрад ці Жэня думаў, што ён для яго апынецца чорным у прамым сэнсе слова. Дарослага Жэневага правадыра, мабыць, не хвалявала, што Жэні ледзь споўнілася 18 і ў яго няма ніякай ваеннай падрыхтоўкі. Пра Жэню ў інтэрвію Радыё Свабода распавяла яго мама — Жана.

— Ён вельмі добрым хлопчыкам быў. Я яго выхоўвала адна, бабуля нам вельмі дапамагала, па бацькавай лініі, ён у яе шмат часу праводзіў. А калі я другі раз выйшла замуж, і ў мяне зьявілася дачка, Жэня мне вельмі дапамагаў, усё рабіў, пра што я ні папрашу. Калі новая сям’я зьявілася, я больш думала, каб Жэні было добра, каб ён не адчуў сябе чужым. Але, вядома, у падлеткавым узросьце складанасьці зьявіліся, сваркі, непаразуменьні. Але, ведаеце, гэта заўсёды было на побытавым узроўні, па дробязях: Жэня, прыбяры ў сябе ў пакоі — не прыбірае, Жэня памый за сабой кубак, а далей гэтага справа не ішла. Каб ён па-сапраўднаму са мной сварыўся, з дома сыходзіў — гэтага ніколі не было.

— А калі ён стаў захапляцца вайной, усімі гэтымі клюбамі?

— Ён з шостай клясы вайной трызьніў. Бабуля ці я яму кажам: давай мы табе джынсы купім, не, ён толькі ў форме хадзіў, казаў: мне так зручна. Ён увесь быў у гэтым клюбе, у фільмах, у рэканструкцыях. 5 верасьня а 10-й вечара я знайшла на лядоўні цыдулку: «Мама, я паехаў у іншы горад, вярнуся праз два месяцы, пры магчымасьці буду тэлефанаваць і пісаць». Нікому нічога не сказаў, і кіраўніку клюба таксама. Я адразу стала тэлефанаваць, ён слухаўку ня браў, потым патэлефанаваў сам ужо з Варонежа, кажа: «Мама, я еду ў Растоў да сябра». Мы спачатку спрабавалі яму верыць — калі б ведалі, дык, вядома, адразу ж села б на самалёт, прыляцела б раней яго і забралі адтуль. Толькі 8 верасьня ён прызнаўся нам, што едзе ваяваць. Я яго маліла вярнуцца, увесь час тэлефанавала, але ён адказваў, што ён ужо дарослы, сам можа ўсё вырашаць.

— Як жа яму ўдалося патрапіць на гэтую вайну?

— Я стала глядзець яго старонку «Вконтакте», там ёсьць гэтая «армія Наваросіі» — калі ласка, запаўняй анкету, купляй білет у Растоў, дзе цябе сустрэнуць. Ён і запоўніў гэтую анкету, ужо ў ліпені месяцы ведаў, што паедзе туды. Потым ужо, калі я прасіла яго вярнуцца, ён адказаў: я ведаў, што вы ўсе мяне будзеце спыняць. Што рабіць, я ўжо тут, пра два месяцы прыеду. Спачатку ў лістападзе зьбіраўся, затым да Новага году. Казаў, нам выдалі тэрмабялізну, у нас ёсьць гарачая вада, і наогул, усё нармальна. Я ўжо сабралася за ім ехаць, таксама запоўніла анкету «Вконтакте», але ён мяне спыніў, напісаў: «Мама, у цябе ёсьць Злата, глядзі за ёй — каб я прыехаў, і яна была выдатніцай». Нам ён увесь час казаў, што ў баявых дзеяньнях ня ўдзельнічае, ахоўвае нейкія склады.

— Якім чынам у яго зьявілася гэтае рашэньне, адкуль ён браў інфармацыю пра гэтую вайну?

— Ён бабулі казаў, што ня можа чуць пра тое, як там забіваюць дзяцей і жанчынаў, па тэлевізары ўвесь час паказваюць людзей, якім патрэбная дапамога, — і ён хацеў дапамагчы. А яшчэ ён хацеў набрацца вопыту, каб потым пайсьці служыць у якіх-небудзь элітных войсках. Ён глядзеў тэлевізар, як мы ўсе глядзім, і, як усе, атрымліваў няправільную інфармацыю, бо там кажуць ня тое, што адбываецца на самай справе. Калі б ён хоць дзяліўся сваімі думкамі, можа, яму б патлумачылі, а так атрымліваецца, што яму ў галаву гэта забілі — а што, ён жа хлопчык яшчэ. Верагодна, што можна было пазнаёміць яго зь іншай інфармацыяй, але ніхто гэтага не зрабіў, нават начальнік клюба. Яны там у войска хлопцаў рыхтавалі, ён сам былы ваенны, яны павінны былі тлумачыць хлопцам, што і як, але яны гэтага не зрабілі.

Зараз Жэнеў сябар Лёша таксама туды зьбіраецца — чаму яны не тлумачаць хлапчукам, што нельга туды езьдзіць без падрыхтоўкі, што спачатку трэба ў арміі адслужыць, навучыцца чаму? Туды павінны ісьці сталыя людзі, гэта няправільна, што дзіця туды пайшло, гэта проста няправільна. Я спадзяюся, што гэтая сытуацыя навучыць чамусьці начальніка клюба, каб ён дзецям штосьці іншае даводзіў. Не, вядома, ён не заклікаў іх ісьці на вайну, але ў іх там пастаянна былі рэканструкцыі, Жэня ўвесь час у гэтых фільмах здымаўся, гэтая была гульня, і ён захацеў, каб усё было па-сапраўднаму. Мы потым чыталі перапіску, яго многія хлопцы хацелі адгаварыць, але гэта было бескарысна, яго можна было вярнуць толькі сілай.

— Жэня ня першы загінуў на гэтай вайне, але звычайна родныя па тых ці іншых прычынах амаль ніколі ня маюць зносінаў з журналістамі. Чаму Вы вырашылі ўсё расказаць пра тое, што здарылася з Жэнем?

— Я хачу сказаць усім бацькам, усім маці, каб яны больш глядзелі, больш правяралі ўсе гэтыя старонкі ў сацсетках, больш размаўлялі з хлопцамі, не маўчалі, каб не рабілі той памылкі, якую, напэўна, зьдзейсьніла я, таму што не разумела свайго дзіцяці і мала зь ім размаўляла. Каб яны кантралявалі сваіх дзяцей, тлумачылі ім усё, каб зьбераглі ад таго, што з Жэнем здарылася.

— Жанна, а, на Вашу думку, толькі такія хлопчыкі, як Жэня, не павінны ўдзельнічаць у гэтай вайне?

— Хто павінен там дапамагаць, але толькі прафэсіяналы. А людзі, у якіх ёсьць дзеці, сем’і, павінны несьці за іх адказнасьць, яны павінны дапамагаць толькі адсюль.

— Калі Вы даведаліся, што Жэня забіты, дапамагла Вам дзяржава пераправіць сюды яго цела?

— Не, ніякай дапамогі не было, і мы нікуды і не зьвярталіся, зьвязваліся непасрэдна з камандзірам, які сказаў, што Жэню прывязуць дадому. Але потым мне сказалі, што нікуды яго не прывязуць, на гэта няма грошай. Да мяне прыехалі сваякі, мы пачалі праз інтэрнэт зьбіраць грошы на спэцыяльную машыну. Мне ўвесь горад зьбіраў грошы, усё дапамагалі, калі б ня людзі, я б нічога не змагла зрабіць. І хлопцы, два яго баявыя таварышы, яго сюды дапамаглі прывезьці.

Баявых таварышаў Жэні, якія прывезьлі маме яго цела, завуць Аляксандар (пазыўны «Ціхі») і Сяргей (пазыўны «Мангуст»). Аляксандру — 27, Сяргею — 35.

Сяргей: Для мяне было шокам, калі я даведаўся, як там гінуць дзеці, наогул, што адбываецца зусім побач з Расеяй, на тэрыторыі братняга народа. Я бачыў, што там ірвуцца снарады, паляць людзей, фосфарныя бомбы, зьбіты самалёт, усё гэта мяне ўразіла. Спачатку я хацеў пайсьці карэспандэнтам ВГТРК, але яны мяне не прынялі, сказалі, патрабуецца досьвед працы. Тады я вырашыў пайсьці іншым шляхам, прыехаў туды 6 верасьня, мяне ўзялі ў атрад брыгады Чэ Гевары, там ужо была захопленая зброя ўкраінскіх баевікоў, і зь ёй мы пайшлі далей.

Аляксандар: Я таксама паехаў па закліку сэрца, асабліва пасьля падзеяў 2 траўня ў Адэсе ў мяне ўсё ў душы перавярнулася. Я былы кантрактнік, вось скончыўся ў мяне кантракт, і я вырашыў паехаць на Данбас.

— А адкуль Вы даведваліся пра тое, што робіцца на Данбасе?

Аляксандар: Навіны глядзеў, тэлевізар, інтэрнэт. Да таго ж у мяне там сябры. З Жэнем я пазнаёміўся на наступны дзень у пасёлку Круглік на мяжы з «Данецкай рэспублікай». Наш атрад стаяў у другой лініі абароны — на выпадак прарыву ўкраінскіх войскаў. Потым мы апынуліся ў Нікішына, за гэты пасёлак даўно ўжо баі ідуць, гэта ўжо перадавая. Мы прыйшлі на ўзмацненьне ў атрад да Байкера.

Сяргей: Я пазнаёміўся з Жэнем у Чырвоным Прамяні, я быў зь ім у Кругліку, потым паехалі ў Нікішына, нас паслалі абараняць ускраіны пасёлка, мы пайшлі малымі групамі, праверылі некалькі дамоў, потым камандзіры прапанавалі заняць пазыцыі ў дамах, мы іх занялі, суткі нічога не адбывалася, акрамя асобных стрэлаў. 10-га чысла на заходзе сонца сьвяціла наўпрост на нас, мне здаецца, за намі ўжо даўно сачылі.

Аляксандар: Гэта было падобна на выведку боем, паблізу нас былі выбухі. Жэня заўважыў, што да нас набліжаюцца, ён папярэдзіў, што нас хочуць узяць у акружэньне, мы вырашылі адыходзіць на другі бок вуліцы, там у нас гранатамёт быў. Пры адыходзе ў Жэню і трапіла куля. Ён быў замыкаючым, прыкрываў наш адыход, не дабег двух мэтраў да брамкі. У тым баі ў нас было тры «двухсотыя» і два «трохсотыя», то бок трое забітых і двое параненых.

— Скажыце, бо Вы нашмат старэйшы Жэню, як Вы лічыце, гэта правільна, што ён, такі малады, зусім хлопчык, без усялякай падрыхтоўкі, біўся з Вамі на роўных, і яшчэ ў выведгрупе?

Сяргей: Ён страляць добра ўмеў з аўтамата Калашнікава, з кулямёта, але тактычнымі навыкамі бою не валодаў, атрымліваецца, што ён быў зусім не гатовы да баявых дзеяньняў. Ён мне сказаў, што мае патрэбу баявога вопыту, каб потым служыць у элітных войсках. Да гэтага яго туды ня бралі. А наогул 75% «апалчэнцаў» там ваюе з Расеі.

Аляксандар: І Жэня быў неабыякавым чалавекам. У нашым атрадзе ён быў самым маладым байцом. А наогул узрост там розны — ад 20 да 55 і больш. У мяне яшчэ ёсьць час падумаць, вярнуся я туды ці не. Хутчэй за ўсё, так — там засталіся мае таварышы, землякі, якіх я не магу кінуць.

Сяргей: Я не шкадую, што туды трапіў, я не баюся, гатовы туды вярнуцца і дзейнічаць гэтак жа. Мяне абурае адно — баявое аснашчэньне хлопчыкаў і дзяўчынак, якія там ваююць, яно такое, што многія хлопцы зьяўляюцца проста гарматным мясам.

Андрэй і Ўлад — школьныя таварышы Жэні Пушкарова, яны праводзілі яго на цягнік да Растова. Ім адным ён сказаў, куды едзе, узяўшы абяцаньне нікому пра гэта не расказваць.

Андрэй: Ён нас паставіў перад фактам, у яго ўжо быў квіток. Мы яго ўгаворвалі ня ехаць, але ён без папярэджаньня купіў квіток і паехаў. Ён казаў, што так будзе лепш, чым калі ён пражыве шэрае жыцьцё. Гэта вельмі, вельмі сумна, я ўсё ж спадзяваўся, што ён вернецца, і ўсё будзе нармальна. Ён з 5-ай клясы пачаў кніжкі ваенныя чытаць, ваеннай гісторыяй захапляцца. Затым паступіў у ваенна-спартыўны клюб «Скала». Мы там таксама прымалі ўдзел у нейкіх мерапрыемствах, але не надавалі гэтаму столькі ўвагі, колькі ён. А калі пачалася вайна, ён прама ўвесь загарэўся.

Улад: Ён ужо ў ліпені хацеў паехаць, але яму тады яшчэ не было 18, ён ня меў права сам перасякаць мяжу. Вось у нас тут знаёмая дзяўчына Юля, бежанка з Данецка, яна кажа, што «апалчэнцам» няма з чым ваяваць, у многіх галоўная зброя — сапёрная рыдлёўка.

— Скажыце, а вы не шкадуеце цяпер, што не расказалі Жэневай маме пра тое, што ён сабраўся на вайну?

Улад: Так. Вядома.

Андрэй: Так, вельмі шкадую.

Гэта размова адбывалася на памінках. Але бабулі, пра якую так добра адгукаецца Жэнева мама, якая нароўні зь ёй гадавала і выхоўвала Жэню, на памінках не было. Гэта значыць, яна была на іншых памінках — у 425-й школе імя Капіцы, у якой вучыўся Жэня. Там — на сваіх асобных памінках — сабраліся школьныя сябры Жэні, сябры з клюба «Скала» — дзяўчынкі і хлопчыкі ў чорнай ваенізаванай форме, яго настаўнікі, таксама ўсе ў чорным. Некалькі гадзінаў таму яны выгналі з пахаваньня Жэні карэспандэнта пецярбургскага «Эха Москвы», западозрыўшы яго ў праўкраінскіх настроях. Бабуля, акружаная моцнымі, прыкметна нападпітку мужчынамі ў чорнай форме, была настроеная агрэсіўна і патрабавала, каб журналісты, неадкладна сышлі. Хоць дзеці, якія плачуць, — Жэневы сябры — сустрэлі нас ветліва і з гатоўнасьцю правялі ў залю, але прыкметна было, што гаспадары тут — не яны. Дужыя мужчыны ў чорным рашуча выправадзілі нас са школы і праверылі, ці добра зачыніліся за намі дзьверы. А дзьве дзяўчынкі — мабыць, былыя Жэневы сяброўкі — ішлі школьным калідорам, абняўшыся, і ўсхліпвалі: «Жэнька, Жэнька...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG