Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль: Без расейскага газу ЭЗ перажыве зіму адносна безбалесна


Эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Этынгер
Эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Этынгер

Магчымыя перабоі з пастаўкамі расейскага газу на працягу наступных зімовых месяцаў Эўразьвяз і дзяржавы Энэргетычнай супольнасьці перажывуць.Так заяўляюць у Эўракамісіі, якая правяла стрэс-тэст, мэтай якога было адказаць на пытаньне: «А што будзе, калі...».

Украіна мае вялікія патрэбы ў газе і на ёй ляжыць адказнасьць за забесьпячэньне транзыту блакітнага паліва ў Эўразьвяз, канстатуе Эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Этынгер. Але ў выпадку поўнага спыненьня паставак расейскага газу Эўрапейскі саюз зіму перажыве. Аднак толькі пры ўмове добра арганізаванага супрацоўніцтва паміж краінамі садружнасьці.

Эўракамісія, улічваючы пагрозу магчымых адключэньняў газазабесьпячэньня Расеяй, правяла выпрабаваньні энэргетычнай бясьпекі ЭЗ. Вынік гэтага ўяўнага сцэнара такі: зіму адносна безбалесна перажывуць.

Як заявіў Эўракамісар Этынгер, вынікі стрэс-тэстаў «дэманструюць, што мы не чакаем, склаўшы рукі, а робім усё магчымае, каб быць гатовымі да любых нечаканасьцяў. Сёньня мы ўпершыню стварылі карціну рызыкі і яе магчымага вырашэньня.

Эўрапейскі чыноўнік дадае, што калі Эўрасаюз і краіны Энэргетычнай супольнасьці будуць працаваць разам, прадэманструюць салідарнасьць, то ў ніводным доме ў Эўрапейскім саюзе зімой ня зьмерзнуць.

Этынгер: Газавыя перабоі ўзімку магчымыя

У Эўракамісіі прыйшлі да высновы, што калі краіны-сябры будуць паміж сабой супрацоўнічаць і арганізуюць паступленьне газу ў розных напрамках, выкарыстоўваючы максымальна фізычныя магчымасьці энэргасетак, то эўрапейскія спажыўцы будуць значна лепш гатовымі да нечаканых адключэньняў, накшталт тых, якія адбыліся зімой 2009 году.

Апублікаваны ў чацьвер даклад Эўракамісіі сьведчыць, што ў выпадку поўнага спыненьня паставак газу, які ідзе транзытам праз Украіну, ніяк ня будуць закранутыя краіны Балтыі, а таксама Фінляндыя. Гаворка ідзе аб дзяржавах, у якіх паліва з Расеі паступае напрасткі. Таксама ў гэтым выпадку не адчуюць адключэньняў дзяржавы Паўднёва-Усходняй Эўропы.

Адначасова распрацоўка Брусэлем падобных сцэнараў сьведчыць пра тое, што Эўразьвяз дапускае саму магчымасьць блякаваньня Масквой газавых паступленьняў у ЭЗ, прычым на працяглы пэрыяд.

«Пытаньне ў тым, ці зможам мы перажыць зіму без праблем», — адзначыў у чацьвер у Брусэлі Гюнтэр Этынгер, прадстаўляючы прагнозы Эўракамісіі на выпадак экстрэмальнага разьвіцьця сытуацыі.

Мэркель: Крызіс ва Ўкраіне засьведчыў важнасьць энэргетычнай незалежнасьці

Як растлумачыў прадстаўнік Эўракамісіі, на сёньня газ у Расеі закупляюць 18 краін ЭЗ, і ступень іх залежнасьці ад расейскіх газавых паставак вагаецца ад 18% да 80%. Таксама, паводле ягоных дадзеных, газавыя сховішчы ЭЗ цяпер запоўненыя на 80%, а запасы газу ва Ўкраіне складаюць 17 мільярдаў кубамэтраў.

Пра тое, што ўкраінскі крызыс паказаў, наколькі важная Эўропе энэргетычная незалежнасьць, заявіла ў чацьвер і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Паводле яе, «ЭЗ павінен працаваць над зьніжэньнем зьнешніх паставак энэрганосьбітаў». І тут, на яе думку, вырашальным зьяўляецца разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі і павелічэньне энэргаэфэктыўнасьці, якая будзе скарачаць патрэбу ў імпарце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG