Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязглузьдзіца і трызьненьне», — Вус-старэйшы пра ідэю Вуса-малодшага


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Дзьмітры Вус пракамэнтаваў Свабодзе ініцыятыву свайго сына Івана склікаць 18 кастрычніка ў Менску зьезд «Антымайдану». Паводле Вуса-старэйшага, ідэя зьезду — бязглузьдзіца і трызьненьне.

Івану Вусу 18 гадоў, ён студэнт першага курсу адной зь менскіх ВНУ. Хлопец — кіраўнік групы «Антымайдан» у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Удзельнікі гэтай групы вырашылі стварыць атрады дружыньнікаў самаабароны, якія б маглі дапамагаць беларускаму АМАПу ў выпадку канфліктных сытуацыяў. Сваю ідэю яны зьбіраюцца ўзгадніць зь беларускім КДБ.

Бацька Івана Вуса, былы палітвязень Дзьмітры Вус заявіў Свабодзе, што нічога ня ведае пра ініцыятыву сына.

— Спадар Дзьмітры, ваш сын ініцыюе правядзеньне ў Менску 18 кастрычніка зьезду прыхільнікаў ідэяў «Антымайдану». Ці ведаеце вы пра гэта? І як ставіцеся да такой ініцыятывы?

— Я нічога пра гэта ня чуў. Першы раз чую ад вас. Я ведаю, што Іван зьбірае і шле на Данбас гуманітарную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад баявых дзеяньняў, — пампэрсы, малочныя сумесі А пра зьезд «Антымайдану» я нічога ня чуў. Які зьезд? У яго ж грошай няма на гэта, і яго ніхто не падтрымае. Усе СМІ пішуць, разьдзімаюць, але які зьезд можа правесьці 18-гадовы хлопец? Разьдзімаюць іскру, хочуць, каб полымя разгарэлася. Я лічу, што гэта лухта. Ніякага зьезду ня будзе. Ён проста хоча выдаць жаданае за рэчаіснасьць. Гэта ў яго не атрымаецца. Увогуле, для чаго яму гэты зьезд?

— Ну, вось ён і піша, што падчас зьезду трэба стварыць атрады дружыньнікаў самаабароны, якія б маглі дапамагаць беларускаму АМАПу і КДБ у выпадку канфліктных сытуацыяў. Напэўна, можна ўявіць, што такімі канфліктнымі сытуацыямі ён лічыць мітынгі і дэманстрацыі.

— Пра якія мітынгі вы гаворыце? Ніякіх мітынгаў у нас ня будзе. У нас усё кантралюецца, і ўся апазыцыя, якую я лічу псэўдаапазыцыяй, нічога ня зробіць. Нават не хвалюйцеся, што будуць нейкія дэманстрацыі.

— Калі вы балятаваліся ў прэзыдэнты ў 2010 годзе, Іван вас падтрымліваў. Вас арыштавалі, вы былі палітвязьнем. Чаму цяпер ён хоча праводзіць зьезд «Антымайдану» і ствараць атрады, каб супрацьстаяць такім пратэстоўцам, якімі вы зь ім былі чатыры гады таму?

— Тады сын ішоў за ісьціну, за ідэю зьмены Выбарчага кодэксу. Апазыцыя, якая цяпер у нас існуе, цалкам залежыць ад КДБ і ад вэртыкалі ўлады. Таму пра якую свабоду і пра якую незалежнасьць вы гаворыце? Я лічу, што гэта трызьненьне. Калі толькі сам КДБ будзе распальваць апазыцыйныя настроі, каб застрашыць Расею, каб тая больш грошай давала на падтрымку рэжыму.

— Вы кажаце, што Іван шле дапамогу на Данбас. А каму ён дапамагае: прыхільнікам ДНР і ЛНР ці тым, хто за адзіную Ўкраіну?

— На тэрыторыі паўднёвага ўсходу Ўкраіны жывуць этнічныя расейцы. Мэнталітэт Заходняй Украіны і ўсходніх рэгіёнаў вельмі розны. Украіна ня можа існаваць як цэлая дзяржава. Гэта тое самае, што вожыка з удавам скрыжаваць. Там заўсёды будуць этнічныя рознагалосьсі. Мая пазыцыя — каб далей не было вайны, гэтыя рэгіёны павінны разысьціся, як у моры караблі. Дзяржава Ўкраіна павінна раскалоцца. Фактычна, яна ўжо даўно раскалолася. Мая думка грунтуецца на гісторыі — на дадзеных, зь якімі ня лічацца ЗША і шматлікія палітыкі, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка. Ня хочуць лічыцца з тым, што на ўсходзе стагодзьдзямі жывуць этнічныя расейцы, а на захадзе — аўстра-вугорцы, якія ніколі не былі пад Расеяй. Таму і адбываюцца ваенныя дзеяньні. Іван імкнецца, каб на Данбасе не было гуманітарнай катастрофы.

— Вы пойдзеце на зьезд «Антымайдану», калі ён усё ж адбудзецца?

— Гэты зьезд, які я лічу поўнай бязглузьдзіцай, не мая ідэя, і я нават нічога пра гэта ня чуў. Я пагавару з сынам і скажу яму, што гэта лухта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG