Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Пошукі адзінага кандыдата неапраўдана зацягваюцца»


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

11 кастрычніка ў Менску пройдзе справаздачна-выбарны зьезд Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня «БНФ Адраджэньне».

Дэлегаты, якіх вылучана болей за 200, павінны абраць новае кіраўніцтва і вызначыцца са сваім стаўленьнем да прэзыдэнцкіх выбраў 2015 году.

Аляксей Янукевіч кажа, што адной з найбольш важных падзеяў партыйнага зьезду стане вызначэньне стратэгіі і тактыкі партыі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Карэспандэнт: «Пра стратэгію і тактыку мы чулі ўжо не аднойчы. Але ў дэмакратычным асяродзьдзі многія ня могуць зразумець — час ідзе, а кіраўніцтва апазыцыі дагэтуль ня мае мэханізму абраньня адзінага прэтэндэнта. Чаму так адбываецца?»

Янукевіч: «Безумоўна, перамовы пра адзінага кандыдата зацягваюцца. Зацягваюцца неапраўдана. Партыя БНФ ужо больш за год праз рашэньні сойму заяўляе, што мы застаёмся прыхільнікамі абраньня адзінага кандыдата. Спадзяюся, што рашэньні нашага зьезду паспрыяюць таму, каб прысьпешыць абраньне адзінага. На маю думку, перамовы пра магчымыя працэдуры і мэханізмы абраньня дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якія і маюць абраць адзінага, зацягваюцца неапраўдана».

Карэспандэнт: «Калі ўсё так складана, можа, ня трэба траціць столькі сілаў на пошук адзінага? Дарэчы, сябра вашай партыі Ўладзімер Падгол у сваім артыкуле да зьезду піша: «Калі працэс „перамоваў“ аб „адзіным“ працягнецца, тады на Кангрэсе дэмсілаў можа будзе пабачыць сапраўдную гарачую палітычную вайну (прэтэндэнтаў), якая перарасьце ў абмен „ядзернымі“ (на зьнішчэньне) ударамі. На выбары каманда любога „адзінага“ ня выйдзе, а выпаўзе... Павінна быць каманда кандыдатаў, якія стаяць на адзінай плятформе і, крый Божа, ня робяць ніводнага выпаду, ніякіх кпінаў супроць сябраў каманды».

Янукевіч: «На жаль, у мяне не было пакуль магчымасьці пачытаць гэты матэрыял. Але магу ўпэўнена сказаць: на зьезьдзе будуць гучаць розныя

Думаю, што будуць прапановы байкатаваць гэтыя выбары

прапановы. У партыі ёсьць прыхільнікі таго, каб не губляць час на выпрацоўку дамоўленасьцяў. Яны прапануюць вылучаць свайго партыйнага кандыдата альбо шукаць згоды ў коле ідэйна блізкіх нам кандыдатаў, не зважаючы на шырэйшае кола апазыцыйных партыяў. Думаю, што будуць прапановы байкатаваць гэтыя выбары. Дыскусія тут чакаецца гарачая і насычаная».

Карэспандэнт: «Як кажуць, лаўлю на слове. Вы гаворыце пра пошук згоды найперш у коле «ідэйна блізкіх нам арганізацыяў». Партыя БНФ паводле сваёй плятформы найбліжэй стаіць да Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Тады чаму вы ствараеце кааліцыю ня з правымі, а з сацыял-дэмакратамі і кампаніяй «Гавары праўду»?

Янукевіч: «Калі б „Народны рэфэрэндум“ у тым складзе, які ёсьць на дадзены момант, быў кааліцыяй, то гэта сапраўды выглядала б дзіўным. Але ад самага пачатку мы падкрэсьліваем: „Народны рэфэрэндум“ — гэта супольная кампанія, якая ладзіцца некалькімі суб’ектамі. Пытаньне пра ролю нашай партыі, іншых суб’ектаў у гэтай ініцыятыве ёсьць на парадку дня. Я ведаю, што ў партыі ёсьць розныя меркаваньні на гэты конт. І яны заўтра будуць выказаныя».

Карэспандэнт: «Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка зьдзіўляе сваімі заявамі пра пашырэньне беларускай мовы ў школах, пра неабходнасьць сувэрэнітэту для краіны і г.д. Як піша мой калега Віталь Цыганкоў, „мы ўступаем у новую рэальнасьць, у якой Лукашэнка ўжо не зьяўляецца абсалютным злом — ні для Захаду, ні нават для беларускай апазыцыі“. Як ставяцца да гэтага ў партыі БНФ? Можа, не за гарамі той час, калі яна падтрымае на прэзыдэнцкіх выбарах Лукашэнку?»

Янукевіч: «Я лічу вельмі важным не рабіць на падставе заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў галіне мовы, нацыянальнага адраджэньня ці геапалітыкі нейкіх далёкасяжных высноваў. Самі па сабе такія крокі, безумоўна, станоўчыя. І ўсё, што робіцца, напрыклад, у падтрымку беларускай мовы, мы вітаем.

Але ж іншая справа — калі глядзець на ўсё гэта ў пэрспэктыве. Аляксандар Лукашэнка ў пытаньнях беларускай мовы, беларускай культуры знаходзіцца ў глыбокім мінусе. Зруйнаванага ім тут непараўнальна болей.

Аднак апошнім часам, як мінімум, пазытыўныя выказваньні яго зьяўляюцца досыць рэгулярна. І гэта можа быць пошукам новай ідэнтычнасьці для ідэалягічнай сыстэмы беларускай дзяржавы. І ў тым выпадку, калі такой ідэнтычнасьцю ўлады абяруць сапраўдную беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць (чаго пакуль нельга сьцьвярджаць, бо зроблена вельмі мала), гэта можна будзе толькі вітаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG