Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт СНД без Украіны: «Пяцёрка» памерла, «Тройка» чакае Армэнію


Прэзыдэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў прыляцеў на саміт у Менск загадзя
Прэзыдэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў прыляцеў на саміт у Менск загадзя

Армэнія сёньня можа далучыцца да Эўразійскага эканамічнага саюзу ў складзе Расеі, Казахстану і Беларусі, які пачынае дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году.

Сёньня ў Менску кіраўнікі краін паставяць кропку ў існаваньні ЭўрАзЭС, пагавораць аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, у які зьбіраюцца прыняць Армэнію, а таксама абмяркуюць асацыяцыі Эўразьвязу і Украіны — без прэзыдэнта Парашэнкі.

Паводле памочніка Ўладзімера Пуціна Юрыя Ушакова, кіраўнікі Расеі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану 10 кастрычніка правядуць апошнюю сустрэчу у фармаце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці — так званай «пяцёркі». У Менску кіраўнікі пяці краін падпішуць дамову аб спыненьні дзейнасьці ЭўрАзЭС у сувязі з пачаткам функцыянаваньня 1 студзеня 2015 году новай структуры — Эўразійскага эканамічнага саюзу ў складзе Расеі, Казахстана і Беларусі. Сёньня да гэтай тройкі мае далучыцца Армэнія, хаця ў Ерэвана да апошняга ўзьнікаюць пэўныя сумневы.

Пасьля гэтага сустрэнуцца 10 з 11 прэзыдэнтаў краін СНД — Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расеі, Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану. Украіна будзе прадстаўлена украінскім амбасадарам у Беларусі Міхаілам Ежалем, супраць якога ў Кіеве заведзеная крымінальная справа за развал войска ў час калі ён быў міністрам абароны.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка саміт ігнаруе.

Сёлета ўвесну Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб выхадзе краіны з СНД у сувязі з тым, што некаторыя дзяржавы — чальцы арганізацыі «падтрымалі анэксію Крыма Расеяй». У Вярхоўнай Радзе знаходзіцца законапраект аб выхадзе Украіны з СНД, сёлета Ўкраіна афіцыйна адмовілася ад старшынства ў СНД, якое перайшло да Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG