Расейскі рубель імкліва падае на фоне вайны ва Ўкраіне, заходніх санкцый супраць Расеі і зьніжэньня коштаў на нафту.
Курс расейскага рубля да даляраў пераадолеў псыхалягічную плянку ў 40 рублёў за адзін даляр ЗША і 50 — за адзін эўра.
Валютныя таргі на Маскоўскай біржы 6 кастрычніка пачаліся з рэкорднага павышэньня курсу даляра да рубля. Упершыню ў гісторыі кошт амэрыканскай валюты склаў 40 рублёў, пра што сьведчаць зьвесткі біржы.
Курс даляра на 10:10 маскоўскага часу дасягаў 40,04 руб. (+8 кап.), эўра — 50,1 руб. (+22 кап.), паведамляе rbc.ru
Аналітыкі адзначаюць, што асноўны ціск на расейскі рубель цяпер сыходзіць ад цэнаў нафты, якія знаходзяцца на гадавых мінімумах, а таксама ад геапалітычных рызыкаў Расеі. Размовы аб магчымасьці ўвядзеньня Эўразьвязам новых санкцыяў пры пагаршэньні сытуацыі ва Ўкраіне таксама не гуляюць на карысьць рубля, нягледзячы на пэрспэктыву ўмяшаньня Цэнтрабанка Расеі.