Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амністыя. Пошукі працы. Куракрады. Роўныя ды яшчэ раўнейшыя...


Чаму беларускія зэкі ахрысьцілі апошні Закон аб амністыі «курына-пеўневым», пра шансы амніставаных знайсьці працу і пра шансы на вызваленьне ў палітвязьняў.

У краіне працягваецца рэалізацыя Закону «Аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Гэты прававы акт дзейнічае цягам шасьці месяцаў – ад 21 чэрвеня да 21 сьнежня 2014 года.

На канец верасьня, паводле дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, разгледжана пытаньне аб прымяненьні закону ў дачыненьні да 6783 зьняволеных (усяго пад амністыю падпадае больш 8,1 тысяч чалавек). Сярод амніставаных — сядзельцы калёніяў як закрытага, так і адкрытага тыпу, а таксама падсьледныя. 3258 зьняволеным адмоўлена ў амніставаньні ў сувязі з наяўнасьцю пазоваў, а таксама злосных парушэньняў турэмнага парадку.

Праведзены ведамствам аналіз сьведчыць: нягледзячы на выпадкі вяртаньня амніставаных назад за краты, колькасьць рэцыдываў сярод іх істотна меншая чым сярод тых, хто сядзіць ад званка да званка. Падлічана, што «2/3 паўторных злачынстваў робяцца людзьмі, якія вызваляюцца пасьля адбыцьця поўнага тэрміну».

Спадзяваліся на «залатую», а атрымалася «курына-пеўневая»

Любы́ былы зэк заўсёды пацьвердзіць, што зьвестак пра будучае амніставаньне за кратамі чакае кожны. Трапіць пад амністыю несьвядома спадзяюцца нават тыя, каму разьлічваць на вызваленьне хутчэй не выпадае, бо сядзяць за сур’ёзныя злачынствы альбо за паўторныя. Як толькі інфармацыя пра амністыю трапляе ў СМІ, сядзелец пачынае «прабіваць» яе праз родных, блізкіх, адвакатаў. Яшчэ да афіцыйнай публікацыі закону па калёніях ходзяць некалькі варыянтаў яго тэксту. Спачатку зэкі спадзяюцца на так званую «залатую» амністыю — гэта калі вызваляюць усіх. Потым на зьмену гэтым спадзяваньням прыходзяць надзеі, што памілуюць большасьць. Урэшце ж усё выходзіць як звычайна.

Сёлетнюю амністыю сядзельцы называюць «ніякай» або «курына-пеўневай». Нейкай сувязі зь вядомым турэмным статусам тут няма. Пад памілаваньне пераважна трапілі так званыя «куракрады» — людзі, якія за нязначныя крадзяжы (прыкладам, за курыцу ці бохан хлеба) або за дробнае хуліганства атрымалі невялікія тэрміны. Сярод амніставаных толькі адзін палітвязень — праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Так званыя куракрады падпадаюць пад амністыю, як і пад умоўна-датэрміновае, вельмі лёгка, а потым гэтак жа вельмі лёгка трапляюць назад за краты

...У мінулым неаднойчы асуджаны Барыс кажа, што так званыя куракрады падпадаюць пад амністыю, як і пад умоўна-датэрміновае, вельмі лёгка, а потым гэтак жа вельмі лёгка трапляюць назад за краты. Ён сам бачыў шмат сядзельцаў з малымі тэрмінамі — хуліганаў, дробных злодзеяў — якія з-за сваёй дурной галавы маюць сама меней пяць-восем ходак (кожная ў сярэднім гады па два) і неўзабаве пасьля вызваленьня вяртаюцца на зону, як у родны дом. Дэманструюць там прыкладныя паводзіны, вызваляюцца — і далей па замкнёным коле. Зразумела, працягвае Барыс, сярод амніставаных ды датэрмінова выйшаўшых ёсьць і іншыя катэгорыі; культурныя людзі, якія трапілі па неасьцярожнасьці. Гэтыя найчасьцей не вяртаюцца.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00
Наўпроставы лінк

...27-гадовая Ала вызваліся з калёніі ў мінулым месяцы. З трох прызначаных ёй гадоў маладая жанчына адседзела палову. Мая суразмоўца кажа: вызваленьне стала магчымым дзякуючы таму, што яна ня мела аніякіх пазоваў, парушэньняў, але самае галоўнае — таму, што яна адзінокая маці малога дзіцяці. Сярод такіх, як Ала, «ільготнікаў» — яшчэ непаўналетнія, цяжарныя, вэтэраны баявых дзеяньняў, пэнсіянэры, хворыя на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваныя.

Чым будзе займацца былая касірка Ала на волі, яна пакуль яшчэ ня ведае:

«Буду імкнуцца ўсё забыць. Аднак урок з гэтага вынесла. Буду імкнуцца забыць пра гэта як пра страшны сон».

Відэа: Вязень выходзіць на Свабоду. Увага, ненарматыўная лексіка!

Як страшны сон зьбіраецца забыць няволю і 40-гадовы Юры, у мінулым супрацоўнік прэстыжнай бюджэтнай арганізацыі. Адразу пасьля вызваленьня ён папрасіў усіх сваіх родных ды блізкіх ніколі ня ўзгадваць пры ім слова «турма». З плянамі на далейшае жыцьцё Юры таксама яшчэ ня вызначыўся. «Адтуль людзі выходзяць выключна з пражэктамі», — кажа ён.

Тэлесюжэт СТВ: «Амністыя ў Беларусі: зь якімі плянамі вяртаюцца на волю былыя зьняволеныя і як іх сустракаюць дома?»

З дзьвюма вышэйшымі ўдалося ўладкавацца рабочым на заводзе

43-гадовы Пётар мае дзьве вышэйшыя адукацыі — эканаміста ды тэхноляга. Кажа, што за краты трапіў як «стрэлачнік». Тыя, з-за каго ён сеў, праўда, потым дапамаглі яму вызваліцца. Пётар выйшаў з калёніі ў канцы чэрвеня — як толькі пачала дзейнічаць амністыя. Зь першых дзён імкнуўся ўладкавацца на працу, каб утрымліваць сям’ю з трох чалавек. Аднак зь вяртаньнем да любімай справы нічога ня выйшла:

«Была надзея, што сябры дапамогуць, аднак палову сяброў пасадзілі. А палова дык і не сябрамі выявіліся зусім. Кажуць: даруй, стары, крызіс. Кажу — усё зразумела».

Наўпроставы лінк

Паводле Пятра, нават зь ягонай кваліфікацыяй уладкавацца на месца з нармальнай аплатай, хоць і ў менш прэстыжнай фірме, яму, амніставанаму, не рэцыдывісту і ўвогуле ня злоснаму правапарушальніку, аказалася ня так ужо і проста:

«Любая нармальная кантора мае службу бясьпекі, дзе працуюць былыя мянты. Я куды ні прыходзіў, бачыў там або таварыша капітана ў цывільным, або таварыша маёра. Гэта ў іх на твары напісана. Зразумела, заўсёды было пытаньне пра судзімасьць. Я бачыў, што яны хочуць мяне ўзяць, і казаў: не. Не судзімы. Хоць і разумеў, што правераць. Яны, вядома ж, зыходзячы з інструкцыяў, прабівалі маю анкету ў той жа дзень і ўсё бачылі».

Такіх «абломаў» было некалькі. Пётар зразумеў, што адзіны яго шлях — гэта рабочым на завод, туды, дзе няма службы бясьпекі. Выбраў прадпрыемства, дзе праца цяжкая, аднак больш-менш плацяць.

Пётар: «Прыйшоў, сказаў, што не судзімы. Але потым, калі было ясна, што возьмуць, ізноў прыйшоў да іх і ўдакладніў: калі да вас прыйдзе папера адносна маёй судзімасьці, дык не зьдзіўляйцеся. Я судзімы. Яны: а чаму вы нам учора не сказалі? Адказваю: спадарства, у вас такая цякучка кадраў, а вы мяне на працу ня хочаце браць. Калі б сказаў, вы б мяне на працу не ўзялі. Яны пагадзіліся — не ўзялі б. Нават нягледзячы на прэзыдэнцкі загад, каб браць былых асуджаных на працу.

Усё ж уладкавалі. Працую ўжо два месяцы. Фізычна — цяжка. Але ж мужык».

На пытаньне, ці кожны вязень з тых катэгорыяў, якія пералічаныя ў законе аб амністыі, можа разьлічваць на вызваленьне, ці ўсё ж ёсьць, як той казаў, больш роўныя ды менш роўныя, мой суразмоўнік адказвае:

Менш роўны — той, хто не прызнае сваёй віны. Больш роўны — той, хто сядзіць ціха.

«Менш роўны — той, хто не прызнае сваёй віны. Калі такі чалавек палітвязень, і Захад пачынае ціснуць — вызваляйце, то прэзыдэнт, пратрымаўшы такога асуджанага некалькі гадкоў, усё ж вызваліць яго. Аднак жыцьцё гэтага чалавека ўжо сапсаванае. Больш роўны — той, хто сядзіць ціха. Любы, хто ніяк не высоўваецца, ціха ходзіць на промку, моўчкі выконвае нейкія даручэньні, ён непрыкметны, невідзімка, — усе гэтыя будуць вызваленыя раней. Адміністрацыі няма сэнсу трымаць людзей там, бо элемэнтарна цесна. Людзі ўвесь час едуць. Таму адміністрацыя чакае, калі ўсё ж будзе суд, калі вызваляцца месцы, і заганяе наступную партыю».

«Згодна з існуючымі законамі кожны вязень мае права разьлічваць на пэўныя санітарныя нормы пражываньня, — тлумачыць Пётар. — Там, дзе я сядзеў, часам было такое перанасяленьне ў сэкцыі, што хадок (маленькі праходзік паміж нарамі, дзе жывуць чатыры чалавекі — па двое на ніжніх ды верхніх шконках) станавіўся ніякім і нары даводзілася літаральна рассоўваць на ноч, каб чалавек мог трапіць на сваё койкамесца. Гэта ўсё адсочваюць зэкі з так званых „былых“, якія ведаюць нарматывы, і ледзь што пачынаюць вельмі жорстка ціснуць на адміністрацыю».

«Ці ўзялі б вы на працу былога ЗК?» Апытаньне ў Горадні

Як сьведчыць статыстыка, апошнімі гадамі лічба зьняволеных у Беларусі зьмяншаецца. Калі ў 2007 годзе іх было больш за 45 тысяч, то ўжо ў 2012 годзе стала менш за 29 тысяч. Гэтаму спрыяюць і амністыі.

Падчас традыцыйнага апытаньня, якое наша праграма правяла на вуліцах Горадні, мы спыталіся ў мінакоў: хто павінен падпадаць пад вызваленьне? Ці можа такі чалавек знайсьці сабе месца на свабодзе, зарабіць на жыцьцё, каб ня трапіць назад за краты? Калі б вы былі кіраўніком нейкай фірмы ці прадпрыемства, ці ўзялі б вы на працу такога чалавека, ці не баяліся б працаваць побач зь ім? Адзін з апытаных адказаў так: «У мяне працавалі тыя, хто адбываў пакараньне. Адзін сядзеў за рабунак, другі — за забойства. Атрымаў 15 гадоў. Гэта нармальны чалавек, добра працуе, ніякіх да яго пытаньняў. Усе людзі розныя, Нельга ўсіх мераць адной меркай»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00
Наўпроставы лінк

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, на Гарадзеншчыне ў абсяг амністыі сёлета трапляла 1114 чалавек. Пакуль разгледжаныя ня ўсе справы. Але стала вядома, што 405 зьняволеным адмоўлена ў вызваленьні. На цяперашні час станоўчы адказ атрымалі 360 зьняволеных, нехта ўжо выйшаў на волю, іншыя чакаюць. Такім чынам, адмоваў па разгледжаных справах пакуль больш, чым станоўчых рашэньняў.

Аўтуховіч: «Тэарэтычна я таксама мог бы разьлічваць на амністыю»

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч з Ваўкавыску, які вызваліўся сёлета ў красавіку з Гарадзенскай турмы, адседзеў за кратамі пяць гадоў. Як кажуць, ад званка да званка. Аўтуховіч прызнаецца, што тэарэтычна таксама мог бы разьлічваць на амністыю. Але перашкодзілі «тэхнічныя» парушэньні. Зусім нязначныя — напрыклад, штосьці ня так з формай адзеньня. Уся гэтая драбяза і не дала ўключыць зьняволенага ў сьпіс на амністыю.

Наўпроставы лінк

Аўтуховіч: «Памятаю такія выпадкі: людзі, якія працуюць на прадпрыемствах у калёніях, якія мелі добры досьвед у прафэсіі сваёй, іх нават прытрымлівалі. „Рабілі“ нейкае парушэньне, каб не атрымаў датэрміновага вызваленьня ці замены рэжыму, ці не атрымаў амністыі. Робяць парушэньне спэцыяльна, і вось чалавек яшчэ працуе на іх там, бо ён ім патрэбны. Кіраўнікі кажуць: ты працуй, мы табе зробім раней. А як падыходзіць час, то — парушэньне, і ён застаецца яшчэ працаваць у іх».

«Вельмі лёгка робіцца гэта, схема ў іх адпрацаваная, — працягвае Мікалай Аўтуховіч. — І на гэтым зарабляе заўгас, а празь іх — адміністрацыя. Робяць парушэньне зэкам, і тады яны мусяць рамонт у інтэрнаце зрабіць, ці купіць будматэрыялы, ці яшчэ штосьці. Ёсьць там моманты: артыкул „слабы“, але чалавек трапіў за краты другі раз, не адбыўшы першага пакараньня. Тыя таксама не падпадалі пад амністыю».

Былы палітвязень разважае: адміністрацыі калёніяў, бадай, не зацікаўленыя, каб чым болей людзей падпадалі пад амністыю. Чаму ён так лічыць?

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Аўтуховіч: «Трымаюць шмат людзей, каб „качаць“ зь іх грошы. Бо я ж казаў, што ўвесь быт трымаецца ў калёніі толькі за сродкі асуджаных, іхніх родных. Ніхто там не дае грошай ні на фарбу, ні на рамонты, ні на тэлевізары. Усё робяць асуджаныя самі. Усё сваімі рукамі, сваім гарбом. І спартыўныя залі, і ўсё, што там патрэбна. Толькі іхняя ініцыятыва і іхнія грошы. Чым больш там такіх людзей, тым больш будуць мець і ахоўнікі».

Праз пару месяцаў пасьля Аўтуховіча на свабоду паводле амністыі выйшаў палітвязень Алесь Бяляцкі, якога ўлады ў прынцыпе вызваляць не хацелі, аднак, тым ня менш...Яго вызваленьне Мікалай камэнтуе так:

Аўтуховіч: «Бяляцкі — гэта ж чалавек, за якім сачылі, упэўнены, не ў самой калёніі, а вышэй, і давалі ўказаньні — як, што зь ім рабіць. Патрэбна было ўладам, напэўна, каб з кімсьці весьці перамовы ці яшчэ штосьці. Ён як тая разьменная карта: патрэбна — зрабілі, а інакш прытрымалі б, яшчэ сядзеў бы. Гэта было прымеркавана пад штосьці, ён як моцны козыр быў. За ніводнага чалавека, можа, не таргаваліся б так, як за Бяляцкага. Бо шмат праваабаронцаў за яго былі. Фармальна ж Бяляцкі пад яе не падпадаў, бо ў яго былі парушэньні. А калі ёсьць тры парушэньні, табе гэтая амністыя ня сьвеціць... Калі захочуць, выпусьцяць усіх, парушэньні здымуць».

Бяляцкі: «Вялікай радасьці няма, бо ў турмах застаюцца іншыя палітвязьні»

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў адным зь першых, хто падпаў пад Закон аб сёлетняй амністыі. Ён жа стаў адзіным амніставаным палітвязьнем. Да заканчэньня свайго тэрміну(чатыры з паловай гады) праваабаронца не дабыў год і сем месяцаў. На момант вызваленьня ў яго было некалькі непагашаных парушэньняў рэжыму. Напрыклад, не зашпіліў гузік на робе або меў у торбе больш пачак печыва, чым нібыта вызначае інструкцыя. У Бабруйскай калёніі лічыўся злосным парушальнікам...

Свабода ў турмах: Бяляцкі пра сваю амністыю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:55 0:00

Паводле Алеся Бяляцкага, звычайна вязьня ўжо пасьля трэцяга парушэньня кідаюць у ШЫЗА, яго ж ніколі туды не саджалі:

«Магчыма, згодна з указаньнямі вышэйшых інстанцыяў рэжым утрыманьня быў такі, што мяне каралі пазбаўленьнем спатканьняў, перадачаў... У гэтых, дый у многіх іншых пытаньнях, зьвязаных са мной, адміністрацыя нічога не вырашала... Уся калізія майго вызваленьня палягала ў тым, што як сур’ёзны парушальнік я ніяк не падпадаў пад амністыю. Аналізуючы сваю сытуацыю ў сувязі з маючай адбыцца амністыяй, я ні на што не спадзяваўся і нават ня бачыў нейкіх момантаў, за што мяне павінны выпусьціць».

Алесь Бяляцкі ўзгадвае, што разам зь яшчэ адным зьняволеным з Гомеля ён стаў адным зь першых беларускіх вязьняў, якія атрымалі сёлетняе памілаваньне.

«Усё гэта было поўнай нечаканасьцю. Мне далі 1,5 гадзіны разабрацца з маімі рэчамі. Я сабраў кніжкі, запісы. Нас абодвух пасадзілі ў „хуткую дапамогу“. Давезьлі да бабруйскай электрычкі. Потым двое супрацоўнікаў пасадзілі мяне ў электрычку, і такім чынам я апынуўся на волі. Магчыма, для кагосьці, як і для мяне, гэта незразумелыя моманты, аднак у іх менавіта такое разуменьне сытуацыі».

Пасьля вызваленьня праваабаронца не аднойчы адзначаў, што вялікага задавальненьня ад таго, што выйшаў зь вязьніцы, у яго няма, бо за кратамі застаюцца іншыя палітвязьні. «Беларусь павінна быць краінай без палітвязьняў. Яна блізкая да гэтага. Дастаткова выпусьціць семярых палітычных, абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне ды добрую волю адносна грамадзянскай супольнасьці, адносна людзей зь іншымі поглядамі», перакананы Алесь Бяляцкі..

Зразумела, за тры месяцы, якія прайшлі пасьля вызваленьня кіраўніка цэнтру «Вясна», у краіне нічога не зьмянілася. Што да палітвязьняў, дык яны працягваюць сядзець, зь некаторых робяць злосных парушальнікаў. Ня так даўно штрафным ізалятарам у Магілёўскай турме быў пакараны Мікола Дзядок. На гэтым тыдні бацькам палітвязьня Ігара Аліневіча стала вядома, што і іх сын утрымліваецца цяпер у ШЫЗА ўжо новай для яго — Віцебскай калёніі.

Ці павінны палітычныя заставацца за кратамі або іх усё ж трэба амніставаць? Такое апытаньне «Свабода ў турмах» правяла на вуліцах Магілёва. Большасьць рэспандэнтаў выказалася за вызваленьне, паколькі чалавека нельга саджаць за яго перакананьні. Адзін з апытаных заўважыў: хай выходзяць, гэта вялікія выдаткі ўтрымліваць іх.

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG