Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім мясе і малацэ расейцы выявілі «шкодныя рэчывы»


Расейскі «Россельхознадзор» пагражае забараніць пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі зь Беларусі нібыта ў сувязі з выяўленьнем шкодных рэчываў у прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў.

Кіраўнік «Россельхознадзора» Сяргей Данкверт прапанаваў беларускаму боку на наступным тыдні правесьці перамовы, каб абмеркаваць вынікі маніторынгу беларускай прадукцыі за 9 месяцаў і ўвесьці абмежаваньні на пастаўкі.

Шкодныя рэчывы расейцы знайшлі ў малочнай прадукцыі кампаніяў «Бабулін гладыш» (антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы, мэзафільныя аэробныя і факультатыўна-анаэробныя мікраарганізмы), «Савушкін прадукт» (бактэрыі групы кішэчнай палачкі), «Біякам» (падвышанае ўтрыманьне бактэрыяў).

Сярод вытворцаў мясной прадукцыі пад падазрэньне падпалі Бабруйскі, Бярозаўскі, Берасьцейскі, Магілёўскі мясакамбінаты, Віцебская бройлерная птушкафабрыка, «Белавескія далікатэсы», агракамбінат «Дзяржынскі» і некаторыя іншыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх не адпавядае патрабаваньням.

Паводле Данкверта, на перамовах зь беларускім бокам таксама плянуецца абмеркаваць магчымасьць працы расейскіх спэцыялістаў разам зь беларускімі на мяжы Мытнага саюзу.

«У сувязі з тым, што ёсьць выпадкі паставак забароненай прадукцыі з ЭЗ празь Беларусь, мы прапанавалі беларускім калегам праводзіць кантроль на зьнешняй мяжы Мытнага саюзу, але нам два тыдні адмаўляюць», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка «Россельхознадзора».

Сёньня кіраўнік Фэдэральнай мытнай службы Расеі Андрэй Бельянінаў унёс ва ўрад РФ прапанову арганізаваць мабільныя групы для процідзеяньня рээкспарту забароненых тавараў у Расею зь Беларусі і Казахстану. Мабільныя групы павінны займацца дзяржкантролем паблізу дзяржаўнай мяжы Расеі зь Беларусьсю і Казахстанам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG