Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвінаваціла Беларусь у рээкспарце эўрапейскіх харчоў


Садавінагародніная прадукцыя з краін Эўразьвязу, у дачыненьні да якіх Расея ўвяла эмбарга, «прасочваецца» на расейскі рынак праз Беларусь.

Гэта вынікае з паведамленьня, разьмешчанага на афіцыйным сайце «Рассельгаснагляду». «Кантроль прадукцыі ажыцьцяўляецца ў рамках праверак рынкаў, агароднінных баз, месцаў розьнічнай рэалізацыі, а таксама на спэцыяльна арганізаваных „Рассельгаснаглядам“ фітасанітарных кантрольных пастоў на мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю», — гаворыцца ў паведамленьні расейскага ведамства.

«На кантрольных пастах пасьля ўвядзеньня Расеяй спэцыяльных эканамічных мер „Рассельгаснаглядам“ спынена больш за 80 спробаў незаконнага ўвозу расьліннай прадукцыі краін Эўразьвязу з тэрыторыі Беларусі. Такую прадукцыю найбольш часта спрабуюць правезьці без фітасанітарнай дакумэнтацыі, аднак экспэртыза ўпакоўкі часьцяком дазваляе выявіць яе паходжаньне. Затрымліваецца і цалкам абязьлічаная прадукцыя, якая прыбывае і без дакумэнтаў, і ў тары без якой-небудзь маркіроўкі. Выяўляюцца і выпадкі, калі прадукцыя трэціх краін суправаджаецца фітасанітарнымі сэртыфікатамі, выдадзенымі службай каранціну і аховы расьлін Беларусі, што засьведчваюць яе быццам бы беларускае паходжаньне », — адзначае «Рассельгаснагляд».

У прыватнасьці, паведамляе ведамства, праверкі, праведзеныя 27 жніўня і 12 верасьня ў Маскве, Маскоўскай і Тульскай абласьцях, «выявілі рэалізацыю шырокага асартымэнту плодаагародніннай прадукцыі, ўвезенай з шэрагу краін ЭЗ, уключаючы Гішпанію, Грэцыю, Польшчу».

«Таварасуправаджальныя дакумэнты на такую прадукцыю ні ў адным выпадку прадстаўленыя не былі, аднак упаковачная маркіроўка сьведчыла як аб сапраўдным паходжаньні прадукцыі, так і пра яе рээкспарт праз Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.

Некалькі дзён таму кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данквэрт заявіў агенцтву ІТАР-ТАСС пра намер узмацніць маніторынг беларускай прадукцыі з-за незвычайнага росту імпарту прадуктаў харчаваньня, перш за ўсё «санкцыйных» груп.

6 жніўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ, які забараняе ўвоз у Расею харчаваньня з ЭЗ, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі. Гэта рашэньне стала адказам на заходнія санкцыі ў дачыненьні да расейскіх чыноўнікаў і арганізацый. У сьпіс забароненых тавараў патрапілі ялавічына, сьвініна, птушка, садавіна, гародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.

Камэнтуючы на наступны дзень рашэньне Масквы, першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Марыніч заявіў: «Для нас гэта кландайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазыцыях у частцы харчаваньня».

Паводле інфармацыі беларускага Мінсельгасхарча, у жніўні Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на суму больш за 325 мільёнаў даляраў. У параўнаньні са жніўнем 2013 года рост склаў 107,2%. У параўнаньні зь ліпенем гэтага года экспарт павялічыўся на 61 мільёнаў даляраў, паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG